Да Габрэяў 10 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Закон жа, маючы сьцень будучага дабра, а ня сам абраз рэчаў, ніколі ня можа тымі самымі аброкамі, кажны год кажначасна абраканымі, удасканаліць прыступаючых.
 
Закон, маючы цень (від) будучых даброцьцяў, а не сама рэчаіснасьць аднымі і тымі самымі ахвярамі, што год усьцяж складанымі, ніколі ня можа ўдасканаліць тых, каторыя прыступаюцца.

Накш перасталі б абракаць, бо абракаючыя аброк, быўшы аднойчы ачышчаны, ня мелі б ужо ніякага сьведам’я грахоў.
 
Інакш перасталі б іх складаць, таму што складальнікі, раз ачышчаныя, ня мелі б ужо пачуцьця грэху,

Але гэтымі прыпамінаньне грахоў дзеецца кажнага году;
 
аднак прыпамінаньне грэху праз паасобныя гады ўсё ж застаецца.

Бо нельга, каб кроў быкоў а казлоў касавала грахі.
 
Немагчыма ж крывёй валоў і казлоў ад грахоў ачышчацца.

Затым Уходзячы на сьвет, кажа: «Аброкаў а дароў Ты не хацеў, але цела прыгатаваў Імне.
 
Таму, прыходзячы на сьвет, кажа Хрыстус: Ахвяры ані дару не хацеў Ты, цела ж мне прыгатаваў.

Усепаленьні а аброкі за грэх ня любы Табе.
 
Целапаленьне і ахвяры за грэх не спадабаліся Табе.

Тады Я сказаў: "Гля, іду ўчыніць волю Тваю, Божа", як напісана празь Мяне на пачатку кнігі».
 
Тады сказаў Я: Вось іду. На пачатку кнігі напісана пра Мяне: каб выпаўніў, Божа, волю Тваю.

Сказаўшы ўперад: «Ты не хацеў ані ўпадабаў аброкаў ані дароў, ані ўсепаленьняў, ані аброкаў за грэх», (каторыя абракаюць подле Закону),
 
Сказаў раней: ахвяраў, дароў, целаспальваньняў і прынашэньняў за грахі не хацеў Ты і не падабаліся яны Табе, хоць і складаюцца паводле закону.

Тады сказаў: «Гля, іду ўчыніць волю Тваю». Касуе першае, каб устанавіць другое.
 
Потым сказаў: Вось жа іду, каб выканаць, Божа, волю Тваю. Касуе першую ахвяру і ўстанаўляе другую.

Подле гэтае волі пасьвячаны мы аброкам цела Ісуса Хрыста аднойчы назаўсёды.
 
На моцы той волі ўсьвячаны мы назаўсёды праз ахвяру Цела Езуса Хрыстуса.

І кажны сьвятар што дня стаіць, правячы а абракаючы часта тыя самыя аброкі, каторыя ніколі ня могуць змазаць грахоў.
 
Кожны, праўда, сьвятар штодзень служыць і часта ахвяроўвае тыя самыя ахвяры, якія ніяк ня могуць ачышчаць ад грахоў.

Ён жа, аброкшы адзін аброк за грахі, на векі сеў паправе Бога,
 
Ён жа, склаўшы адну ахвяру за грахі, на век сядзіць праваруч Бога

Адлі чакаючы, пакуль варагі Ягоныя будуць пакладзены казулькаю пад ногі Ягоныя.
 
чакаючы аж пакуль на канец ворагі Ягоныя будуць паложаны ў падножжа ног Ягоных.

Бо Ён адным аброкам на векі ўчыніў дасканальнымі пасьвячаных.
 
Вось Ён адной ахвяраю ўдасканаліў тых на вякі, якія ўсьвячаны.

Праз гэта сьветча нам і Дух Сьвяты; бо просьле гэтага сказана:
 
Сьведчыць нам аб гэтым і Дух Сьвяты, які так казаў:

«Во змова, каторую Я ўстанаўлю ім просьле тых дзён, кажа Спадар: дам законы Свае ў сэрцы іхныя і напішу іх у думках іхных,
 
Такая вось угода, якую наладжу з імі ў гэтых днях, кажа Госпад: даючы закон Мой у іхнія сэрцы і ў розумы іхнія ўпішу іх,

І наперад грахоў іхных і бяспраўяў іхных ня ўспомню».
 
ды грахоў і беззаконіяў іхніх ужо ўспамінаць ня буду.

А йдзе дараваньне, там ня надабе аброку за грэх.
 
Дзе ж іх адпушчэньне грахоў, там ужо больш ня трэба ахвяры за грахі.

Дык, браты, маючы адвагу ўходзіць да Сьвятога Сьвятых пераз кроў Ісусаву,
 
Маем тады, браты, упэўненасьць ўвайсьці на месца сьвятых праз кроў Езуса Хрыстуса.

Новай і жывой дарогаю, каторую нам пасьвяціў пераз запону, значыцца, цела Свае,
 
Ён пачаў нам шлях новы і жывы праз заслону, гэта значыць Цела Сваё.

І маючы вялікага Сьвятара над домам Божым,
 
І маючы вялікага Архісьвятара над домам Божым,

Бліжмася з праўдзівым сэрцам, із супоўнай пэўнасьцяй веры, пакрапленьням ачысьціўшы сэрца ад нягоднага сумленьня і абмыўшы цела вадою чыстаю,
 
прыступаем са шчырым сэрцам, з поўнаю верай, ачысьціўшы душы ад усякай сьвядомай нячыстасьці і з абмытым целам чыстаю вадою.

Моцна дзяржымася бяз хістаньня вызнаньня надзеі, бо верны Тый, што абяцаў.
 
Трымайся непарушна надзеі, якою жывём, бо вечны ёсьць Той, Які нам даў абяцаньне.

Будзьма ўважлівыя адзін да аднаго, захочуючы да міласьці а добрых учынкаў,
 
І зважайма адзін на аднаго, ажыўляючы любоў і ахвоту да добрых учынкаў.

Не пакідаючы збораў сваіх, як ёсьць у некатрых звычай; але захочуючы, і тым болей, чым болей бачыце, што тый дзень бліжыцца.
 
Не прапускайма нашых супольных сабраньняў, як сталася прывычкай некаторых, але пацяшаймася, і тым больш, калі бачым надыходзячы дзень.

Бо калі б мы самахоць грашылі па адзяржаньню супоўнага знацьця праўды, не заставалася б ужо аброку за грахі,
 
Калі бо мы дабравольна саграшаем, маючы пазнаньне праўды, то не паможа ўжо ўмольваючая ахвяра за грахі,

Але нейкае страшнае спадзяваньне суду й гарачыня агню, што мае пажэрці праціўнікаў.
 
але толькі нейкае страшнае чаканьне суда і жар агня, які павінен будзе паліць супраціўных.

Калі хто ўлегцы замеў закон Масеяў, на сьветчаньне дзьвюх альбо трох сьветак памірае безь міласэрдзя, —
 
Хто не падпарадкоўваецца закону Майсея, таго без ніякага міласэрдзя караюць сьмерцю пры двух або трох сьведках.

Дык якой горшай кары, думаеце, варты будзе тый, што патаптаў Сына Божага, і Кроў змовы, каторай пасьвячаны, мае за звычайную, і Духа ласкі зьневажае?
 
Падумайце самі, як шмат страшнейшых караў варты той, які Сына Божага патаптаў ці зьбясчэсьціў бы кроў угоды, якой быў усьвенчаны або Духа Ласкі зьняважыў?

Бо мы знаем Таго, хто сказаў: «Імне помста, Я адплачу, кажа Спадар». І ўзноў: «Спадар будзе судзіць люд Свой».
 
Мы ж ведаем, хто сказаў: "Мне помста, і я дам адплату". Або зноў: "Сам Госпад будзе судзіць свой народ".

Страшна ўпасьці ў рукі Бога жывога!
 
Страшна папасьціся ў рукі Бога Жывога.

Успомніце пярэднія дні, калі, будучы асьвечаныя, вытрывалі вялікую бітву цярпеньняў,
 
Прыпомніце мінулыя дні, у якіх вы асьвечаныя перанесьлі вялікі навал пакутаў,

З аднаго боку, як былі выстаўлены на ўпікі а атугу, а, з другога, як сталі сябрамі тых, што дазнавалі таго ж;
 
а ў іншым сталіся вы відовішчамі зьняваг і прасьледваньняў або іншы раз сучасьнікамі падобна перажываючых.

Бо вы спагадалі вязьням і прынялі з радасьцяй грабеж меньня свайго, ведаючы, што маеце сабе лепшую маемасьць і трываючую.
 
Бо споўпакутвалі вы з увязьненымі і з радасьцю прынялі вы рабунак вашай маёмасьці, ведаючы, што маеце багацьце лепшае і трывалае.

Дык не адхінайце даверу свайго, каторы мае вялікую адплату.
 
Ня трацьце тады надзеі вашай, якая дасьць вылікую ўзнагароду.

Бо трывалкосьці надабе вам, каб, учыніўны волю Божую, адзяржаць абятніцу;
 
Мейце тады цярплівасьць, каб спаўняючы волю Божую дачакаліся абяцаньня.

«Бо яшчэ трошачкі, трошачкі, і Тый, што мае прыйсьці, прыйдзе і не адвалачэць.
 
"Яшчэ вось за хвілінку, за хвіліначку прыйдзе Той, які павінен прыйсьці і не замарудзіць".

Справядлівы ж вераю жыць будзе; а калі адступе, не ўпадабае таго душа Мая».
 
Мой бо справядлівы верай жыве, калі б хто хістаўся, не спадабаўся б душы маёй.

Мы ж не адступаючыя на загіну, але ў веры да спасеньня душы.
 
Мы ж не з'яўляемся сынамі адступнікамі на сваю загубу, але веручымі на збаўленьне душы сваёй