Лукаша 16 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І сказаў таксама вучанікам: «Быў якісь багаты чалавек, што меў аканома, каторага ўдалі яму, што раськідае маемасьць ягоную.
 
І прамаўляў Ён да вучняў Сваіх: «Быў адзін багаты чалавек, які меў аканома, і зняславілі таго перад гаспадаром, што распускае яго дабро.

І, пагукаўшы яго, сказаў яму: "Што гэта я чую празь цябе? здай лічбу з аканомства свайго, бо ты ня можаш быць балей аканомам".
 
І пазваў ён яго і гаворыць яму: «Што я чую пра цябе? Здай справаздачу аканомства твайго, бо ўжо не можаш быць аканомам».

І аканом сказаў сам сабе: "Што імне рабіць? бо спадар мой адбірае аканомства ад мяне: капаць не магу, прасіць саромлюся.
 
І гаворыць пра сябе аканом: «Што мне рабіць, раз гаспадар мой адбірае ад мяне аканомства? Капаць не магу, а жабраваць саромеюся.

Ведаю, што зрабіць, каб, як я буду аддалены ад аканомства, мяне прынялі ў дамы свае".
 
Ведаю, што мне рабіць, каб, калі буду адсунуты ад аканомства, прынялі мяне ў дамы свае».

І, пагукаўшы паасобку кажнага з даўжбітоў спадара свайго, сказаў першаму: "Колькі ты вінен спадару майму?"
 
Склікаўшы тады паасобку даўжнікоў гаспадара свайго, казаў першаму: «Колькі вінаваты ты гаспадару майму?»

А тый сказаў: "Сто барылак алівы". І сказаў яму: "Вазьмі свой квіт і борзьдзенька садзіся напішы пяцьдзясят".
 
Той сказаў: «Сто бочак алею». Дык сказаў яму: «Вазьмі распіску тваю, сядзь хутка, напішы пяцьдзесят».

Тады сказаў другому: "А ты колькі вінен?" Ён жа сказаў: "Сто карцоў пшонкі". І кажа яму: «Вазьмі свой квіт і напішы асьмідзясят».
 
Потым сказаў другому: «А ты колькі вінаваты?» Той гаворыць: «Сто мер пшаніцы». Гаворыць яму: «Вазьмі распіску тваю ды напішы восемдзесят».

І спадар пахваліў несправядлівага аканома, што разважна зрабіў; бо сынове веку гэтага разважнейшыя ў сваім родзе за сыноў сьвятліні.
 
Дык пахваліў гаспадар аканома нягоднага, што разумна зрабіў. Бо сыны гэтага веку разумнейшыя ў сваім родзе за сыноў святла.

І кажу вам: прыдбавайце прыяцеляў багацьцям несправядлівым, каб, як яго ня стане, прынялі вас да вечных буданоў.
 
І Я вам кажу: здабывайце сабе сяброў мамонай нягоднай, каб, калі яе не стане, прынялі вас у вечныя сялібы.

«Хто верны ў найменшым, верны і ў шмат якім; а хто несправядлівы ў найменшым, несправядлівы і ў шмат якім.
 
Хто верны ў малым, і ў вялікім  верны. А хто ў малым нягодны, і ў вялікім нягодны.

Дык калі вы ня былі верныя ў багацьцю несправядлівым, хто павера вам праўдзівае?
 
Дык калі вы ў нягоднай мамоне не былі вернымі, хто вам даверыць сапраўднае?

І калі ня былі верныя ў чужым, хто дасьць вам ваша?
 
І калі вы ў чужым не былі вернымі, дык хто вам дасць вашае?

«Ніякі слуга ня можа служыць двум спадаром, — бо альбо аднаго зьненавідзе, а другога будзе любіць; або аднаму будзе прыяць, а другога ўлегцы мець. Ня можаце служыць Богу й мамоне».
 
Ніводзін слуга не можа двум гаспадарам служыць: або аднаго будзе ненавідзець, а другога будзе любіць, або аднаму будзе адданы, а другім будзе пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне».

Фарысэі, што былі гальлівыя, слухалі ўсе гэта й сьміяліся зь Яго.
 
А гэта ўсё слухалі фарызеі, якія былі хцівымі, і кпілі з Яго.

І сказаў ім: «Вы правіцеся перад людзьмі, але Бог знае сэрцы вашыя; бо што высака ў людзёў, тое агіда перад Богам.
 
Дык гаворыць ім: «Вы ўважаецеся за справядлівых перад людзьмі; але Бог ведае сэрцы вашыя, бо што для людзей з’яўляецца высокім, тое ў Бога — агіда.

«Закон а прарокі аж да Яана; адгэтуль дабравесьць гаспадарства Божага абяшчаецца, і кажны сілаю пракладае дарогу да яго.
 
Закон і прарокі [былі] аж да Яна; а адгэтуль весціцца Валадарства Божае, і кожны дзеля яго сілу прымяняе.

Але лацьвей небу й зямлі мінуць, чымся адна рыска ў Законе шчэзьне.
 
Лягчэй небу і зямлі прамінуць, чым адна крэска з закона знікне.

«Кажны, хто адпушчае жонку сваю і жэніцца зь іншаю, чужаложа; і кажны, што жэніцца з адпушчанай мужам, чужаложа.
 
Кожны, хто кідае жонку сваю і бярэ іншую, чужаложыць; і хто кінутую мужам бярэ, чужаложыць.

«Быў жа якісь багаты чалавек, і адзяваўся ў шкарлат а цянюсенькае палатно, і кажны дзень гучна дзедаваў.
 
Жыў адзін багаты чалавек, і  апранаўся ў пурпур і вісон ды штодзённа бліскуча баляваў.

І якісь убогі, імям Лазар, ляжаў ля брамы ягонае, увесь у скульлю;
 
І нейкі жабрак імем Лазар ляжаў увесь у больках каля яго брамы

І жадаў есьці крошкі, што валіліся із столу багатыровага; і сабакі, праходзячы, лізалі скульле ягонае.
 
і прагнуў заспакоіць голад крошкамі, што спадалі са стала багацея, але ніхто яму не даваў, толькі сабакі прыходзілі і лізалі болькі яго.

І сталася, што ўбогі памер, і ангілы панесьлі яго на ўлоньне Абрагамова. І багатыр таксама памер, і быў пахаваны.
 
І сталася, што жабрак памёр, і анёлы занеслі яго на ўлонне Абрагама; памёр таксама багацей і быў пахаваны.

І ў пекле, будучы ў муках, узьняўшы вочы свае, бача Абрагама здалеку і Лазара на ўлоньню ягоным.
 
І калі ў пекле быў ён у пакутах,  узводзячы вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і на ўлонні яго Лазара.

І, загаласіўшы, сказаў: "Войча Абрагаме! зжалься над імною і пашлі Лазара, каб занурыў канец палца свайго ў ваду і астудзіў язык мой, бо я мучаюся ў гэтым поламені".
 
І, закрычаўшы, сказаў: «Ойча Абрагам, злітуйся нада мной і пашлі Лазара, хай умочыць у вадзе канец пальца свайго і змочыць язык мой, бо мучуся ў полымі».

Але Абрагам сказаў: "Дзяцё, успомні, што ты супоўна адзяржаў дабро свае за жыцьця свайго, а Лазар таксама ліха; цяпер жа ён цешыцца тут, а ты мучышся.
 
І сказаў Абрагам: «Сыне, прыпомні, як ты ў жыцці сваім карыстаўся даброццямі тваімі, а Лазар гэтак жа благаццём; ён цяпер тут суцяшаецца, а ты пакутуеш.

І апрача ўсяго гэтага, памеж нас і вас устаноўлена вялікае бяздоньне, так што тыя, што хочуць перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, ані адгэнуль да нас не пераходзяць".
 
Да ўсяго гэтага паміж намі і вамі прорва вялікая, каб тыя, што хочуць адсюль да вас перайсці, не маглі, ані адтуль да нас перабрацца».

І сказаў ён: "Дык я прашу цябе, войча, паслаць яго да дому айца майго;
 
Дык гаворыць: «Малю цябе, ойча, каб паслаў яго ў дом бацькі майго, —

Бо ў мяне пяцёх братоў, — няхай сьветча ім, каб і яны ня прышлі да гэтага месца мукаў".
 
бо маю пяць братоў, — каб засведчыў ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакутаў».

Але Абрагам кажа яму: "У іх ё Масей а прарокі; няхай слухаюць іх".
 
Кажа яму Абрагам: «Маюць Майсея і прарокаў; хай слухаюць іх».

Ён жа сказаў: "Не, войча Абрагаме, але калі б хтось ізь мертвых прышоў да іх, пакаяцца".
 
Але ён сказаў: «Не, ойча Абрагам, але калі хто з памёршых пойдзе да іх, навернуцца».

А ён сказаў яму: "Калі ня слухаюць Масея а прарокаў, то калі б хто і зь мертвых ускрэс, не пераканаюцца".»
 
А ён гаворыць яму: «Калі не слухаюць Майсея і прарокаў, дык каб і хто з мёртвых паўстаў, не павераць».