Лукаша 4 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003
Ісус жа, поўны Духа Сьвятога, зьвярнуўся да Ёрдану і быў паведзены Духам на пустыню.
Ісус, поўны Духа Святога, вярнуўся ад Ярдана і быў Духам заведзены ў пустыню
Сорак дзён быў спакушаны д’явалам і нічога ня еў тых дзён; а па сканчэньню іх запрагнуў.
на сорак дзён, і быў спакушаны д’яблам. Ды не еў у тыя дні анічога, а калі яны скончыліся, захацеў есці.
І сказаў Яму д’явал: «Калі Ты Сын Божы, раскажы гэтаму каменю, каб стаў букаткаю».
Сказаў Яму д’ябал: «Калі Ты — Сын Божы, дык скажы гэтаму каменю, каб ён стаўся хлебам».
А Ісус адказаў яму, кажучы: «Напісана, што не адным хлебам будзе жыць людзіна, але кажным словам Божым».
І адказвае яму Ісус: напісана: «Не хлебам адзіным жыве чалавек».
І, павёўшы Яго на высокую гару, ён паказаў Яму ўсі гаспадарствы сьвету ў часіне часу.
Затым падняў Яго і паказаў Яму ўсе царствы свету ў адзін момант,
І сказаў Яму д’явал: «Усю гэтую ўладу дам Табе і славу іх, бо яна дана імне, і, каму я хачу, даю яе.
і гаворыць Яму д’ябал: «Дам Табе ўладу над гэтым сусветам і яго славу, бо мне гэта дадзена, і я, каму хачу, таму даю яе.
Дык Ты, калі паклонішся імне, усе будзе Твае».
Дык калі Ты паклонішся перада мной, усё будзе Тваё».
А Ісус, адказуючы, сказаў яму: «Ідзі вон ад Мяне, шайтане, бо напісана: "Спадару Богу свайму кланяцца будзеш і Яму аднаму служыць".»
І, адказваючы, сказаў яму Ісус: напісана: «Госпаду, Богу твайму, будзеш пакланяцца ды Яму аднаму служыць будзеш».
Тады павёў Яго да Ерузаліму, і пастанавіў Яго на крэйцы сьвятыні, і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, ськінься адгэтуль далоў;
Затым завёў Яго ў Ерузалім, і паставіў на вільчаку святыні, і сказаў Яму: «Калі Ты — Сын Божы, дык кінься ўніз.
Бо напісана: "Ангілам Сваім раскажа празь Цябе, каб Цябе сьцераглі;
Бо напісана: «Загадаў Ён анёлам Сваім наконт Цябе, каб сцераглі Цябе на ўсіх Тваіх дарогах»,
І на руках панясуць Цябе, каб ня выцяў аб камень нагі Свае".»
ды: «на руках будуць насіць Цябе, каб часам не скалечыў аб камень нагі Сваёй».
І, адказуючы, сказаў яму Ісус: «Сказана: "Не спакушай Спадара Бога Свайго".»
Адказаў яму Ісус: сказана: «Не спакушай Госпада, Бога твайго».
І як д’явал скончыў усі спакусы, адышоў ад Яго да часу.
І, скончыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябал адступіўся ад Яго да часу.
А Ісус зьвярнуўся ў моцы Духа да Ґалілеі; і разышліся дзейкі празь Яго па ўсёй акалічнай зямлі.
І ў магутнасці Духа вярнуўся Ісус у Галілею, і чутка пра Яго разышлася па ўсёй краіне.
І Ён вучыў у бажніцах іхных, і ўсі яго ўслаўлялі.
І Ісус навучаў у сінагогах іх, і ўзвялічваўся ўсімі.
І прышоў да Назарэту, ідзе быў выгадаваны, і ўвыйшоў, подле звычаю Свайго, у дзень сыботні да бажніцы, і ўстаў чытаць.
І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і, па Сваім звычаі, у суботу ўвайшоў у сінагогу і падняўся чытаць.
І падана Яму кніга Ісаі прарокі. Рашчыніўшы кнігу, знайшоў месца, ідзе было напісана:
І падалі Яму кнігу прарока Ісаі. І, калі разгарнуў кнігу, натрапіў на месца, дзе было напісана:
«Дух Спадароў над Імною, бо памазаў Мяне абяшчаць дабравесьць бедным, паслаў Мяне ўздараўляць патрышчаных сэрцам, абяшчаць выбаўленьне палоненікам і зьвярненьне відзеньня нявісным, выпусьціць зьмяжджуленых на свабоду,
«Дух Госпада Бога нада Мною; таму Госпад Мяне намасціў, каб нёс добрую вестку ўбогім, паслаў Мяне лячыць раны зламаным сэрцам, прадказваць палонным свабоду, а вязням — вызваленне,
Абяшчаць прымальны год Спадароў».
вясціць год спагадлівасці Госпада».
І, зачыніўшы кнігу, і аддаўшы паслугачаму, сеў; і вочы ўсіх, што былі ў бажніцы, былі ўцемленыя ў Яго.
І пасля таго, як закрыў кнігу, аддаў слузе і сеў; і вочы ўсіх у сінагозе былі звернуты на Яго.
І Ён пачаў казаць ім: «Сядні споўнілася гэтае пісьмо ў вушох вашых».
Ён пачаў тады казаць ім: «Сёння споўніліся толькі што вамі чутыя словы Пісання».
І ўсі пасьветчылі Яму, і дзіваваліся із словаў ласкі, што выходзілі з вуснаў Ягоных, і гукалі: «Ці ня сын гэта Язэпаў?»
Усе давалі Яму сведчанне і дзівіліся чароўнасці слоў, што выходзілі з вуснаў Яго, і казалі: «Ці ж гэта не сын Язэпаў?»
І Ён сказаў ім: «Напэўна скажаце Імне прыказь гэтую: "Лекару, уздароў самога сябе; тое, што мы чулі, што сталася ў Капернауме, учыні таксама тутака, у родным месцу Сваім".»
А Ён гаворыць ім: «Хіба скажаце Мне гэту прымаўку: «Лекар, вылечы Самога Сябе. Учыні і тут, у бацькаўшчыне Сваёй, тое, што, чулі мы, учыніў Ты ў Кафарнаўме».
І сказаў: «Запраўды кажу вам: ніякага прарокі ня прыймаюць у родным краю сваім.
І гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам, што ніводзін прарок не прымаецца ў сваёй бацькаўшчыне.
Але кажу вам праўду: шмат удоваў было ў Ізраелю за дзён Ільлі, як нябёсы былі зачыненыя тры гады шэсьць месяцаў, як вялікая галадоў была па ўсёй зямлі;
Праўдзіва кажу вам: многа ўдоў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было замкнёна на тры гады і шэсць месяцаў, ды быў вялікі голад на ўсёй зямлі;
Але да ні воднае зь іх ня быў пасланы Ільля, адно да Сарэпты Сыдонскае да жонкі ўдавы.
і да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, адно да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідонскай.
І шмат пракажаных было ў люду Ізраельскім за Елісэя прарокі, і ні водзін ізь іх не ачысьціўся, адно Нааман Сыранін».
Таксама было многа пракажоных у Ізраэлі ў час Элізэя прарока, але ніводзін з іх не быў ачышчаны, адно Нааман з Сірыі».
І напоўніліся ўсі ў бажніцы гневам, пачуўшы гэта.
Чуючы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся злосцю,
І, устаўшы, здалілі Яго вонкі зь места, і павялі аж на верх узгорку, на каторым места іхнае было пастаноўлена, каб ськінуць Яго;
і паўскоквалі, і выгналі Яго за горад, ды ўзвялі Яго на верх гары, на якой стаяў горад іх, каб спіхнуць Яго.
Але Ён, прайшоўшыся сярод іх, адышоў.
Але Ён, прайшоўшы між імі, адышоў.
І прышоў да Капернауму, места Ґалілейскага, і вучыў іх па сыботах.
І сышоў у Кафарнаўм, горад Галілейскі, і навучаў іх па суботах.
І дзіваваліся вельма з навукі Ягонае, бо ўладная была мова Ягоная.
І дзівіліся з навукі Яго, бо з уладай былі словы Яго.
І быў у бажніцы чалавек, што меў нячыстага духа д’явальскага, і ён загукаў вялікім голасам,
І быў у сінагозе чалавек, апанаваны духам дэмана нячыстага. І закрычаў ён моцным голасам:
кажучы: «Ах, што нам да Цябе, Ісусе Назарэцкі? Ты прышоў загубіць нас; знаю Цябе, хто Ты, сьвяты Божы».
«Пакінь, што Табе да нас, Ісус з Назарэта? Ты прыйшоў губіць нас? Ведаю Цябе, Хто Ты ёсць, Святы Божы».
Але Ісус зганіў яго, кажучы: «Змоўкні й выйдзі зь яго». І нячысьцік, кінуўшы яго пасярэдзіне, вышаў зь яго, не пашкодзіўшы яму.
Але Ісус насварыўся на яго, кажучы: «Замаўчы, ды выйдзі з яго». І дэман, кінуўшы яго на сярэдзіну, выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму.
І ўсі былі зумеўшыся, і гукалі мяжсобку, кажучы: «Што за слова гэта! бо з уладаю а магутнасьцяй расказуе нячыстым духом, і яны выходзяць».
І ахапіў жах усіх; і разважалі разам паміж сабою, кажучы: «Што гэта за слова, што мае ўладу і магутнасць загадваць духам нячыстым, і тыя выходзяць?»
І разыходзілася дзейка празь Яго па ўсіх месцах аколіцы.
І так слава аб Ім разыходзілася ў кожнае месца краіны.
І вышаўшы з бажніцы, Ён увыйшоў у дом Сымонаў; цешча ж Сымонава была хворая на вялікую гаручку; і прасілі Яго за яе.
Выйшаўшы з сінагогі, пайшоў Ён у дом Сімона. А цешча Сімона была ў вялікай гарачцы, дык прасілі Яго за яе.
І, стаўшы над ёю, Ён зганіў трасцу; і пакінула яе. І яна, якга ўстаўшы, паслугавала ім.
І, стаўшы пры ёй, загадаў Ён гарачцы, і яна пакінула яе; і яна зараз жа, падняўшыся, паслугавала ім.
Заходам сонца, усі, што мелі хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, ускладаючы на кажнага зь іх рукі, уздараўляў іх.
А калі зайшло сонца, усе, што мелі хворых на ўсякія немачы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, ускладаючы рукі на кожнага, аздараўляў іх.
І нячысьцікі таксама выходзілі із шмат каго, крычучы й кажучы: «Ты Хрыстос, Сын Божы». А Ён, ганячы, не дазваляў ім гукаць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
З многіх выходзілі таксама дэманы, якія крычалі і казалі: «Ты — Сын Божы». І, сварачыся на іх, не дазваляў гаварыць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос.
Як жа быў дзень, Ён, вышаўшы, пайшоў на пустыннае месца, і гурба шукала Яго і, прышоўшы да Яго, зьдзержавала Яго, каб не адходзіў ад іх.
А калі настаў дзень, Ён, выйшаўшы, аддаліўся на пустыннае месца; і народ шукаў Яго і прыйшоў да Яго, і стараліся затрымаць, каб не адыходзіў ад іх.
Але Ён сказаў ім: «Я маю шырыць дабравесьць гаспадарства Божага таксама іншым местам, бо на тое Я пасланы».
Але Ён гаворыць ім: «Трэба, каб Я і іншым гарадам нёс добрую вестку пра Валадарства Божае, бо Я дзеля гэтага пасланы».
І абяшчаў у бажніцах Ґалілейскіх.
І далей навучаў у сінагогах Юдэі.