3 царстваў 2 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка
І дабліжыліся дні Давідавы да сьмерці, і расказаў ён Салямону, сыну свайму, кажучы:
«Я адыходжу ў дарогу ўсяе зямлі, ты ж будзь моцны і будзь мужны.
І дзяржы заданьні СПАДАРА, Бога свайго, каб хадзіць дарогамі Ягонымі й дзяржаць уставы Ягоныя а расказаньні Ягоныя а суды Ягоныя а сьветчаньні Ягоныя, як напісана ў праве Масеявым, каб табе разумна дзеяць, што маеш дзеяць, і ўсюдых, куды не абернешся;
Каб СПАДАР споўніў слова Свае, каторае Ён казаў празь мяне, кажучы: "Калі сынове твае будуць глядзець дарогаў сваіх, каб хадзіць перад Імною ў праўдзе з усёга сэрца свайго й з усяе душы свае, то не адатнецца муж ад цябе, — казаў Ён, — на пасадзе Ізраелявым".
Яшчэ: ты ведаеш, што ўчыніў імне Ёаў Цэруёнак, як зрабіў ён із двума вайводцамі войска Ізраельскага, з Аўніром Ніранком а Амасаю Еферонкам, як ён забіў іх, і разьліў кроў ваенную ў міру, і абліў крывёй ваеннай пояс на сьцёгнах сваіх і вобуй на нагах сваіх.
І зробіш подле мудрасьці свае, і ня спусьціш сівізны ягонае супакойна ў магілу.
А сыном Варзылая Ґілеадзяніна зрабі ласку, і хай яны будуць памеж тых, што ядуць за сталом тваім, бо гэтак яны дабліжыліся да мяне, як я ўцёк ад Аўсалома, брата твайго.
І вось із табою Шымей Ґеранок, Венямінянін із Багурыму; ён клёў мяне цяжкою кляцьбою ў дзень, як я йшоў да Маганаіму; але ён вышаў наўпярэймы імне ля Ёрдану, і я прысяг яму СПАДАРОМ, кажучы: "Я не зраблю табе сьмерці мячом".
А цяпер ты ж не апраў яго, бо ты чалавек мудры й ведаеш, што табе ўчыніць ізь ім, каб спусьціць сівізну яго ў крыві ў магілу».
І супачыў Давід із айцамі сваімі, і пахаваны быў у месьце Давідавым.
І дзён, каторыя Давід гаспадарстваваў у Ізраелю, было сорак год: у Гэўроне гаспадарстваваў ён сем год, а ў Ерузаліме гаспадарстваваў трыццаць тры гады.
І сеў Салямон на пасадзе Давіда, айца свайго, і гаспадарстваваньне ягонае было вельмі трывалкое.
І прышоў Адоня, сын Гаґіфін, да Бат-Шэвы, маці Салямонавае. І сказала: «Ці супакойны прыход твой?» І ён сказаў: «Супакойны».
І сказаў ён: «У мяне ё слова да цябе». Яна сказала: «Кажы».
І сказаў ён: «Ты ведаеш, што гаспадарства належыла імне, і ўвесь Ізраель абярнуў на мяне віды свае, каб я караляваў; але гаспадарства адвярнулася і дасталося брату майму, бо ад СПАДАРА гэта было яму.
І цяпер я просьбу адну маю да цябе, не адмоў імне». Яна сказала яму: «Кажы».
І сказаў ён: «Гукай, калі ласка, каралю Салямону, бо ён не адмове табе, каб ён даў імне Авішаґу Шунамлянку за жонку».
І сказала Бат-Шэва: «Добра, я пагукаю празь цябе каралю».
І ўвыйшла Бат-Шэва да караля Салямона гукаць яму праз Адоню. І ўстаў кароль наўпярэймы ёй, і пакланіўся ёй, і сеў на пасадзе сваім. Пастанавілі пасад і маці каралёвай, і яна села па правай руццэ яго.
І сказала: «Я маю да цябе адну невялічкую просьбу, не адмоў імне». І сказаў ёй кароль: «Прасі, маці мая, я не адмоўлю табе».
І сказала яна: «Хай будзе дана Авішаґа Шунамлянка Адоні, брату твайму, за жонку».
І адказаў кароль Салямон, і сказаў маці: «А нашто ты просіш Авішаґу Шунамлянку Адоні? Прасі яму й гаспадарства; бо ён брат старшы за мяне, і ў яго сьвятар Авафар а Ёаў Цэруёнак».
І прысягнуў кароль Салямон СПАДАРОМ, кажучы: «Гэтак хай зробе з імною Бог і гэтак хай дадасьць, што на сваю душу сказаў Адоня гэткае слова.
І цяпер, — жыў СПАДАР, што ўмацаваў і пасадзіў мяне на пасад Давіда, айца майго, і што ўладзіў імне дом, як казаў Ён, — што сядні Адоня памрэць».
І паслаў кароль Салямон Венаём Ёгоядзёнкам, і тый напаў на яго, і зрабіў сьмерць.
А сьвятару Авафару кароль сказаў: «Ідзі да Анафофу на свае поле; ты чалавек сьмерці, але цяпер я не зраблю табе сьмерці, бо ты насіў скрыню Спадара БОГА перад Давідам, айцом маім, і цярпеў усе, што цярпеў айцец мой».
І прагнаў Салямон Авафара ад службы сьвятарскае СПАДАРУ, каб споўнілася слова СПАДАРОВА, каторае сказаў Ён праз дом Іля ў Шыле.
І галасы дайшлі да Ёава, — бо Ёаў сьхінаўся на бок Адоні, а на бок Салямона ня сьхінаўся, — і ўцёк Ёаў да будану СПАДАРОВАГА, і ўхапіўся за рогі аброчніка.
І наказалі каралю Салямону, што Ёаў уцёк да будану СПАДАРОВАГА, і вось, ён ля аброчніка. І паслаў Салямон Венаю Ёгоядзёнка, кажучы: «Пайдзі, нападзі на яго».
І прышоў Веная да будану СПАДАРОВАГА, і сказаў яму: «Гэтак сказаў кароль: "Выходзь"». І ён сказаў: «Не, бо тут памру». І паслаў Веная сказаць каралю, кажучы: «Гэтак сказаў Ёаў і гэтак ён адказаў імне».
Кароль сказаў яму: «Зрабі, як ён сказаў, і нападзі на яго, і пахавай яго, і здыймі нявінную кроў, разьлітую Ёавам, зь мяне а з дому айца майго.
Хай аберне СПАДАР кроў ягоную на галаву ягоную за тое, што ён забіў двух мужоў справядлівых і лепшых за яго: і забіў мячом, бязь ведзі айца майго Давіда, Аўніра Ніранка, вайводцу Ізраельскага, і Амасу Еферонка, вайводцу Юдэйскага.
Хай абернецца кроў іхная на галаву Ёававу й на галаву насеньня ягонага на векі, Давіду ж а насеньню ягонаму а дому а пасаду ягонаму хай будзе супакой на векі ад СПАДАРА!»
І ўзышоў Веная Ёгоядзёнак, і напаў на Ёава, і забіў яго, і ён быў пахаваны ў доме сваім на пустыні.
І пастанавіў кароль Салямон Венаю Ёгоядзёнка замест яго над войскам, а Садока сьвятара пастанавіў кароль замест Авафара.
І паслаў кароль, і гукнуў Шымея, і сказаў яму: «Пастанаві сабе дом у Ерузаліме, і жыві тут, і ня выходзь адгэтуль ні туды, ні сюды.
І ведай добра, што напэўна памрэш таго дня, каторага ты выйдзеш і пярэйдзеш цурэй Кідрон, кроў твая будзе на галаве тваёй».
І сказаў Шымей каралю: «Добра кажаш; як казаў спадар мой кароль, так зробе слуга твой». І жыў Шымей у Ерузаліме шмат дзён.
І прыгадзілася ў канцу трох год, што ўцяклі два слугі ў Шымея да Ахіша Маашонка, караля Ґафскага. І наказалі Шымяю, кажучы: «Вось, слугі твае ў Ґафе».
І ўстаў Шымей, і асядлаў асла свайго, і паехаў да Ґафу да Ахіша, шукаць слугаў сваіх. І пайшоў Шымей, і прывёў слугаў сваіх із Ґафу.
І наказалі Салямону, што Шымей хадзіў зь Ерузаліму да Ґафу й зьвярнуўся.
І паслаў кароль і гукнуў Шымяя, і сказаў яму: «Ці не прысягаў я табе СПАДАРОМ і ці ня сьветчыў табе, кажучы: "Ведай добра, што памрэш у дзень, калі выйдзеш і пойдзеш туды-сюды"? і ты сказаў імне: "Добрае слова, што я пачуў".
І чаму-ж ты не зьдзяржаў прысягі СПАДАРОВАЕ і расказаньня, што я расказаў табе?»
І сказаў кароль Шымею: «Ты ведаеш усе ліха, якое ведае твае сэрца, што ты зрабіў айцу майму Давіду; і абярнуў СПАДАР злосьць тваю на галаву тваю!
А кароль Салямон хай будзе дабраславёны, і пасад Давідаў хай будзе непахісны перад СПАДАРОМ на векі!»
І расказаў кароль Венаі Ёгоядзёнку, і ён пайшоў, і напаў на яго, і ён памер. І гаспадарства ўмацавалася ў руках Салямона.