Найвышэйшая песьня 2 разьдзел
Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Вацлава Ластоўскага
Я рожа шаронская, ліля далінаў!
Я нарцыз Саронскі, лілія далін!
Як ліля меж церняў, так прыяцелка мая меж дачок.
Як лілія паміж церняў, так спалюбеніца мая паміж дзевамі.
Як яблына меж лесавых дзерваў, так любовы мой мяж сыноў. Сьценю яе я жадаю й сяджу, і садавіна яе салодкая паднябеньню майму.
Як яблыня паміж дрэўлесавых, так спалюбенец мой паміж юнакамі. Пад засьцю яе люблю я сядзець, і плады яе салодкі паднябеньню майму.
Ён прывёў мяне да віннога дому, і сьцяг ягоны над імною — любосьць.
Увёў мяне ён у бясёдны дом, і любоў яго, бытцам сьцяг яго надамною.
Паддзяржыце мяне віннымі пернікамі, пасіліце мяне яблыкамі; бо я хворая зь любосьці.
Пасілкуйце мяне віном, аспатольце мяне яблыкамі, бо я млею з любові.
Лявіца ягоная пад галавою ў мяне, а правіца ягоная абыймае мяне.
Левая рука яго ў мяне пад галавой, а правая абыймае мяне.
Заклінаю вас, дачкі ерузалімскія, сэрнамі й палявымі ланямі: не чапайце ані будзіце каханага, пакуль ён ня зыча.
Заклінаю вас, дочкі Іерузалімскія, сарнамі і дзікімі козамі, не будзіце і не трывожце спалюбеніцы маей, пакуль яна схоча.
Голас любовага майго: вось, ён ідзець, падскакуючы па горах, гайсаючы па ўзгорках.
Голас спалюбенца майго, вось ён ідзе, бяжыць па горах, скача цераз узгорачкі.
Падобны любовы мой да сэрны альбо да аленяняці. Вось, ён стаіць за сьцяною нашаю, заглядае ў вокны, цяміцца пераз краты.
Прыяцель мой падобен да сарны ці маладога ялёнка. От, ён стаіць у нас за сьцяною, пазірае ў вакно, відаць яго цераз крату.
Адказаў любовы мой і сказаў імне: «Устань, прыяцелька мая, харашуха мая, і выйдзі;
Спалюбенец мой прамаўляе мне: ўстань, спалюбеніца мая, прыгажуня мая, выйдзі!
Бо, вось, зіма мінула, дождж перастаў, перайшоў;
От зіма прайшла ўжо; дажджы прамінулі, і ўшчуклі;
Кветкі паказаліся на зямлі; пара пяцьця настала, і голас галубы чуваць у зямлі нашай;
краскі красуюць на зямлі; час пяяньня настаў, і голас сынагорліцы чуцен у нашай старонцы;
На фізе сьпеюць раньнія фіґі, і пахнуць расквілыя вінныя розкі. Устань, прыяцелка мая, харашуха мая, і выйдзі.
смакаўніцы бросьцю пакрыліся і вінныя лозы заквітаючы пахнуць. Устань спалюбеніца мая, устань прыгажуня мая, выйдзі!
«Галуба мая ў раськепіне скалы, у схове стромкае скалы, пакажы імне від свой, дай імне пачуць голас свой, бо голас твой салодкі, і від твой харошы».
Галубіца мая ў скальным разломе пад каменным дахам! Пакажы мне аблічча тваё, дай мне пачуці голас твой, таму, што голас твой салодкі і аблічча тваё прыемнае.
«Лавіце нам лісы, лісяняты, што псуюць вінішчы; а вінішчы нашы ў квеце».
Лавеце нам лісіц і лісят, каторыя псуюць вінагрозьнікі, бо вінагрозьнікі нашы ўжо ў квеце.
Любовы мой, а я ягоная, ён пасьвіцца меж ліляў.
Спалюбенец мой прыналежыць мне, а я яму прыналежу; ён пасе паміж ліліямі.
Пакуль дзень дыхае, і ўцякаюць сьцені, абярніся, любовы мой, і будзь, як сэрна, альбо аленянё на горах Беферскіх.
Дакуль дзень дыша прахалодаю і ўцякаюць цені, вярніся, будзь падобны сарне ці маладому ялёнку на распадзінах гор.