Найвышэйшая песьня 2 разьдзел
Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Я рожа шаронская, ліля далінаў!
«Я — нарцыс Сарону, лілея даліны!»
Як ліля меж церняў, так прыяцелка мая меж дачок.
«Як лілея сярод церняў, так сяброўка мая сярод дзяўчатаў».
Як яблына меж лесавых дзерваў, так любовы мой мяж сыноў. Сьценю яе я жадаю й сяджу, і садавіна яе салодкая паднябеньню майму.
«Як яблына сярод дрэваў лясных, так любы мой сярод хлопцаў. У ценю ягоным прывабным я села, і плод ягоны салодкі для паднябеньня майго.
Ён прывёў мяне да віннога дому, і сьцяг ягоны над імною — любосьць.
У дом банкетаваньня ён увёў мяне, і сьцяг ягоны нада мною — каханьне.
Паддзяржыце мяне віннымі пернікамі, пасіліце мяне яблыкамі; бо я хворая зь любосьці.
Падмацуйце мяне пірагамі з разынкамі, асьвяжыце мяне яблыкамі, бо я млею ад каханьня.
Лявіца ягоная пад галавою ў мяне, а правіца ягоная абыймае мяне.
Левая рука ягоная пад галавою маёй, а правіцай сваёй ён абдымае мяне».
Заклінаю вас, дачкі ерузалімскія, сэрнамі й палявымі ланямі: не чапайце ані будзіце каханага, пакуль ён ня зыча.
«Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, сарнамі і ланямі палявымі, не будзіце і не падымайце каханую, аж пакуль сама не захоча».
Голас любовага майго: вось, ён ідзець, падскакуючы па горах, гайсаючы па ўзгорках.
«Голас любага майго! Вось, ён ідзе, узыходзіць на горы, пераскоквае ўзгоркі.
Падобны любовы мой да сэрны альбо да аленяняці. Вось, ён стаіць за сьцяною нашаю, заглядае ў вокны, цяміцца пераз краты.
Любы мой падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, ён стаіць за сьцяною нашаю, заглядае праз вакно, зазірае праз краты.
Адказаў любовы мой і сказаў імне: «Устань, прыяцелька мая, харашуха мая, і выйдзі;
Адказаў любы мой і сказаў да мяне: “Уставай, сяброўка мая, прыгажуня мая, і прыходзь.
Бо, вось, зіма мінула, дождж перастаў, перайшоў;
Бо вось, зіма прайшла, дождж спыніўся і перастаў.
Кветкі паказаліся на зямлі; пара пяцьця настала, і голас галубы чуваць у зямлі нашай;
Пралескі відаць на зямлі, час сьпяваньня настаў, і голас туркаўкі чуваць у зямлі нашай.
На фізе сьпеюць раньнія фіґі, і пахнуць расквілыя вінныя розкі. Устань, прыяцелка мая, харашуха мая, і выйдзі.
Дрэва фігавае выдала пупышкі [свае], вінаград квітнее і разьлівае водар. Устань, прыходзь, сяброўка мая; прыгажуня мая, прыходзь!
«Галуба мая ў раськепіне скалы, у схове стромкае скалы, пакажы імне від свой, дай імне пачуць голас свой, бо голас твой салодкі, і від твой харошы».
Галубка мая, [што жывеш] у расколінах скалы, у схове пад стромаю, пакажы мне выгляд твой, дай мне пачуць голас твой, бо голас твой салодкі, і выгляд твой прывабны”».
«Лавіце нам лісы, лісяняты, што псуюць вінішчы; а вінішчы нашы ў квеце».
«Лавіце нам лісаў, малых лісянятаў, якія нішчаць вінаграднікі, бо вінаграднікі нашыя квітнеюць».
Любовы мой, а я ягоная, ён пасьвіцца меж ліляў.
«Любы мой [належыць] мне, а я — яму, ён пасьвіць сярод лілеяў.
Пакуль дзень дыхае, і ўцякаюць сьцені, абярніся, любовы мой, і будзь, як сэрна, альбо аленянё на горах Беферскіх.
Пакуль дзень дыхае [ветрам] і зьнікаюць цені, вярніся! Будзь падобны, любы мой, да сарны, да маладога аленя на гарах Бэтэр».