Ёва 11 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Яна Станкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
І адказаваў Софар Наамацянін, і сказаў:
«Ціж на множасьць словаў нельга даць адказу, і ціж праўда гаваруна?
Выдумкамі сваімі ты сіліў маўчэць сьмяротных і зьдзекаваўся, і ня было каму засароміць цябе.
Ты сказаў: "Чыстая навука мая, і чысты я ў ваччу Тваім".
Але калі б сталася, што Бог загукаў, і адчыніў вусны Свае да цябе,
І каб азнайміў табе тайны мудрасьці, бо ты ўдвая заслужыў кары! І ведай, што Бог спаганяе зь цябе меней, чымся ё бяспраўя твайго.
Ці можаш скуманьням знайсьці Бога? Ці можаш канчальна знайсьці Ўсемагучага?
Ён вышшы за нябёсы, — што можаш зрабіць? глыбшы за пеклу, — што можаш даведацца?
Даўжэйшая за зямлю мера Ягоная й шыршая за мора.
Калі Ён пройдзе, і зачыне, і зьбярэць, хто можа пераказіць Яму?
Бо Ён знае сьмяротных, манлівых, і бача ашуку, і ці пакіне бяз увагі?
А пусты чалавек зразумее тады, як асьліца народзе чалавека.
Калі ты добра наснудзіш сэрца свае, і выцягнеш да Яго далоні свае,
Калі ё ашука ў руццэ тваёй, аддаль яе, і ня дай бяспраўю жыць у буданох сваіх;
Дык тады падыймеш відзеньне свае бяз плямы, будзеш бясьпечны і ня будзеш баяцца.
Забудзешся няшчасьце; успомніш, як воды, што працякалі.
І лепшае за паўдня станецца жыцьцё твае; цемнь яго будзе, як раньне.
І будзеш мець даверлівасьць, бо ё надзея; і абкапаеш навокал сябе, і будзеш ляжаць у бясьпечнасьці.
Ляжаш, і ніхто цябе не спалохае; шмат хто будзе прасіць цябе.
А вочы нягодных выцякуць, і пацехі будуць страчаны імі; і надзея іхная, як выдых душы».