Ёва 12 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Яна Станкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І адказаваў Ёў, і сказаў:
 

«Запраўды вы люд, і што мудрасьць памрэць із вамі.
 

У мяне сэрца, як у вас; не зваліўся я ніжэй за вас; і зь кім ня бывала падобна да гэтага?
 

Я пасьмехам стаў прыяцелям сваім, я, каторы гукаў да Бога, і Ён адказаваў імне, пасьмехам справядлівы, беззаганны.
 

Подле думак седзячага ў супакою, пагрэбаваны палаючы сьветач, прыгатаваны тым, што коўзаюцца нагамі.
 

Супакойныя буданы ў глабаньнікаў, і бясьпечныя ў квелячых Бога; бясьпечнасьць у таго, каму Бог даець у руку ягоную.
 

Але папытайцеся ў статку, і навуча цябе, у птушкі нябёснай, і азнайме табе;
 

Альбо пагутары ізь зямлёю, і навуча цябе, і раскажуць табе рыбы морскія.
 

Хто ў вусім гэтым не пазнае, што рука СПАДАРОВА ўчыніла гэта?
 

У руццэ Ягонай душа ўсяго жывучага й дух кажнага людзкога цела.
 

Ці ня вуха разьбірае словы, і не паднябеньне пазнаець смак ежы?
 

У перастаркаў мудрасьць, і цямлівасьць у даўгадзенных.
 

У Яго мудрасьць а Сіла; Ягоная рада а цямлівасьць.
 

Калі Ён абурыць, ніхто не адбудуе; калі Ён замкнець чалавека, ніхто не адамкнець.
 

Запыне воды, і ўсе ссохне; пусьце іх, і перавернуць зямлю.
 

У Яго моц а мудрасьць; у Яго ашуканы й ашукуючы.
 

Ён уводзе райцаў у палон і судзьдзяў робе дурнымі.
 

Ён разьвязуе зьвяз каралёў і поясам папяразуе сьцёгны іхныя.
 

Ён уводзе сьвятароў у палон і ськідае валатоў;
 

Спабывае мовы давераных і адбірае кемнасьць у старых.
 

Аблівае сорамам князёў і кволе пояс моцных;
 

Адкрывае глыбіні зь цемры й выводзе на сьвятліню сьмяротны сьцень;
 

Павялічае народы й губе іх; пашырае народы й зводзе іх;
 

Адхінае сэрца ў галоваў люду зямлі й робе іх валацугамі ў пустыні, ідзе няма дарогі.
 

Вошчупкам ходзяць яны ў цемні, безь сьвятла; і хістаюцца, як п’яныя.