Да Эфэсянаў 5 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Яна Станкевіча
Будзьце, восьжа, пасьцежнікамі Бога, як дзеці, любыя,
Дык будзьце перайманьнікамі Бога, як мілаваныя дзеці;
і хадзеце ў любасьці, як і Хрыстус палюбіў нас і выдаў сябе за нас, як дар Богу мілапахную ахвяру.
І хадзіце ў міласьці, як і Хрыстос мілаваў нас і выдаў Сябе за нас, дар а аброк Богу на прыемны пах.
А распуста і ўсякая нечысьць ды прагавітасьць каб і не спаміналіся між вамі, як і прыстоіць сьвятым;
А бязулства а ўсялякая нечысьціня або жада няхай ня будуць нават менаваны памеж вас, як лець сьвятым.
ані брыдамоўства, блазноцтва, ці жарты няпрыстойныя, недарэчы, а лепш — дзякаванне.
І брыда, і дурная гаворка альбо шкелі, усе нягожае, але валей дзякаваньне;
Ведайце бо добра тое, што ніякі чужаложнік, ніякі бясстыднік, ці хцівец балвапаклоннік, ня мае спадчыны ў Валадарсьцьве Хрыстуса і Бога.
Бо ведаеце, што ніякі бязуля, альбо нячысты, альбо прагавіты, каторы балвахвал, ня будзе мець спадку ў гаспадарстве Хрыста а Бога.
Хай ніхто ня зводзіць вас буянымі славамі, праз гэта бо спадае гнеў Божы на сыноў бунтарных;
Няхай ніхто не ашукуе вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзе гнеў Божы на сыноў непаслухменства ;
ня будзьце іхнімі супольнікамі.
Дык ня будзьце сябрамі іхнымі.
Вы былі калісь цемраю, а цяпержа вы — сьвятло ў Хрыстусе: паступайцеж як дзеці сьвятла;
Бо вы былі калісь цямнота, а цяпер — сьвятліня ў Спадару: хадзіце, як дзеці сьвятліні
бо плод сьвятла ёсьць у ва ўсім, што добрае, справядлівае і праўдзівае;
(бо плод сьвятліні ў кажнай дабрыні а справядлівасьці а праўдзе),
шукайце шчыра таго, што даўспадобнае Богу,
Прабуючы, што падабае Спадар.
і не бярэце ўдзелу ў бясплоднай дзейнасьці цемры, а лепш дакарайце.
І ня майце ўчасьця зь бясплоднымі ўчынкамі цямноты, але валей ганьце.
Бо аб тым, што робіцца імі таёмна, сорамна й гаварыць.
Бо праз тое, што яны робяць патай, сорамна й гукаць.
А ўсё, што ганіцца, праз сьвятло робіцца яўным і стаецца сьвятлом;
Усеж, упіканае сьвятлінёю, робіцца яўным; бо ўсе, што робіцца яўным, сьвятліня ё;
таму і сказана: Прачніся, сьпячы, ды ўстань з мяртвых, а Хрыстус цябе асьвеціць.
Затым кажа: «Устань сьпячы, і ўскрэсьні зь мертвых, і асьвеце цябе Хрыстос».
Дык глядзеце, паступайце празорна, не як неразумныя, а як мудрыя:
Дык бачча, як вам хадзіць асьцярожна, не як нямудрым, але як мудрым,
час цэнячы, дні бо няпэўнуя.
Важачы час, бо дні благія.
Таму ня будзьце неразважнымі, але сьведамымі волі Божай.
Затым ня будзьце дурныя, але разумеючыя, што ё воля Спадарова.
Ды ня ўпівайцеся віном, бо ў ім разнузданасьць, а напаўняйцеся Духам,
І ня ўпівайцеся віном, у каторым бязулства, але поўніцеся Духам,
выглашаючы міжсобку псальмы, гімны й песьні духоўныя, пяючы ды й граючы Госпаду ў сэрцах вашых;
Размаўляючы мяжсобку псальмамі а гімнамі а песьнямі духоўнымі, пяючы а напяваючы сэрцам сваім Спадару,
дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу й Айцу ў імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса,
Дзякуючы заўсёды за ўсё Богу а Айцу, у імя Спадара нашага Ісуса Хрыста.
будучы паслухмянымі адны другім у боязі Божай.
Паддаючыся адзін аднаму ў страху Хрыстовым.
Жанкі, будзьце падуладнымі мужом сваім, як Усеўладару,
Жонкі, паддавайцеся мужом сваім, як Спадару,
муж бо ёсьць галавою жонкі, як і Хрыстус галава Эклезіі, свайго цела, якога зьяўляецца Збавіцелем;
Бо муж ё галава жонцы, як і Хрыстос галава Царкве, Ён Спас цела;
і як Эклезія падуладная Хрыстуса, гэтак і жонкі — сваіх мужоў у ва ўсім.
Але як Царква паддана Хрысту, так і жонкі мужом сваім у ўсім.
Мужы, любеце жонак сваіх, як і Хрыстус улюбіў Эклезію і выдаў сябе за яе,
Мужы, любіце жонкі свае, як і Хрыстос любіў Царкву і аддаўся за яе,
каб усьвяціць яе абмываючы вадою праз слова жыцьця,
Каб усьвяціць яе, ачысьціўшы абмыцьцём водным у слове;
каб прадставіць яе сабе Эклезіяй слаўнай, без плямы, ці маршчыны або чаго падобнага, але каб была сьвятою беззаганнаю.
Каб пастанавіць яе Сабе славутаю Царквою, плямы ня маючай, маршчака альбо чаго-колечы такога, але каб была сьвятой а беззаганнай.
Гэтак і мужы павінны любіць сваіх жонак як целы ўласныя: хто любіць сваю жонку — сябе самога любіць.
Ды так маюць мужы любіць жонкі свае, як собскае цела свае: хто любе жонку сваю, любе самога сябе.
Ніхтож бо ніколі ня меў ненавісьці да свайго цела, але гадуе й пялегуе яго, як і Хрыстус Эклезію,
Бо ніхто ня мае ў ненавісьці собскага цела свайго, але жыве а кукобе, як і Хрыстос Царкву;
бож мы — часткі цела ягонага.
Бо мы чаланы цела Ягонага, ад цела Ягонага і ад косьцяў Ягоных.
Таму-то пакіне чалавек бацьку свайго й матку ды злучыцца з жонкай сваёю, і будуць двое ў вадным целе.
Затым хай «пакіне чалавек айца свайго і маці сваю і прыліпне да жонкі свае, і будуць двое адно цела».
Гэта вялікая тайніца, а я гавару аб Хрыстусе й Эклезіі.
Тайна гэта вялікая, але я кажу ўзглядам Хрыста і ўзглядам Царквы.
Але і кажны з вас паасобку хай любіць сваю жонку, як сябе самога, а жонка няхай паважае свайго мужа.
Вось жа, кажны з вас няхай любе жонку сваю, як самога сябе; жонка ж хай баіцца мужа.