Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2012

2 да Карынцянаў 7 2-i ліст да Карынцянаў 7 разьдзел

1 Дык маючы такія абяцанні, умілаваныя, ачысцім сябе ад усякага бруду цела і духа, у страху Божым дасягаючы святасці.
2 Прыміце нас! Мы нікога не скрыўдзілі, нікога не падманулі, нікога не звялі.
3 Кажу гэта не каб вас асудзіць; бо казаў ужо, што вы ў нашых сэрцах, каб разам памерці і разам жыць.
4 Вялікае спадзяванне ў мяне на вас, вялікая пахвала мне за вас. Я напоўнены суцяшэннем і перапоўнены радасцю ў кожным нашым горы.
5 Бо калі мы прыбылі ў Мацэдонію, наша цела не мела супакою, але мы цярпелі ўсялякае гора: звонку — напасці, унутры — страхі.
6 Але Бог, Суцяшыцель пакорлівых, суцешыў нас прыбыццём Ціта.
7 І суцешыў не толькі прыбыццём яго, але і суцяшэннем, якім суцешыўся ў вас, калі распавядаў ён пра вашу руплівасць, пра вашы слёзы, пра вашу тугу па мне, з чаго радаваўся я тым болей.
8 Хоць, можа, я вас і засмуціў лістом, але не шкадую гэтага. Калі б і шкадаваў, бачачы, што гэты ліст на нейкі час засмуціў вас,
9 аднак цяпер цешуся, не таму, што вы засмуціліся, але што засмуціліся на навяртанне. Засмуціліся бо дзеля Бога, каб не цярпелі ад нас ніякай шкоды.
10 Бо гэты смутак дзеля Бога ўчыняе навяртанне на збаўленне, аб чым не трэба шкадаваць, а смутак гэтага свету ўчыняе смерць.
11 Гэта вось, што вы засмуткавалі дзеля Бога, выклікала ў вас гэткую руплівасць, а якую абарону, а якое абурэнне, а якую боязь, а якую тугу, а які клопат ды гатоўнасць прыняць адплату. Таму ва ўсім паказаліся вы беззаганнымі ў [гэтай] справе.
12 Затым, калі я вам напісаў, дык не дзеля таго, хто спрычыніў крыўду, і не дзеля таго, хто пацярпеў, але каб паказаць руплівасць вашу, якую вы маеце дзеля нас у вас перад Богам.
13 Дзеля гэтага мы суцешыліся. А ў нашым суцяшэнні мы яшчэ больш узрадаваліся радасцю Ціта, што падтрыманы быў дух яго вамі ўсімі.
14 І я не пасаромеўся ў тым, што пахваліўся вамі перад ім. Падобна як усё гаварылі мы вам праўдзіва, так і сталася праўдай наша пахвала перад Цітам.
15 І сэрца яго яшчэ мацней [туліцца] да вас, калі прыпамінае вашу агульную паслухмянасць ды тое, як вы прынялі яго са страхам і трымценнем.
16 Дык я цешуся, што ва ўсім магу спадзявацца на вас.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другі ліст да Карынцянаў, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012