Мацьвея 8 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Калі ж Ён зыйшоў з гары, пайшлі за Ім шматлікія натоўпы.
 
Калі Ісус сышоў з гары, вялікае мноства людзей ішло за Ім следам.

І вось пракажоны, падыйшоўшы, пакланіўся Яму, кажучы: «Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
 
І вось, пракажоны, падышоўшы, пакланіўся Яму, кажучы: «Госпадзе, калі хочаш, можаш мяне ачысціць».

І, працягнуўшы руку, Ісус дакрануўся да яго, кажучы: «Хачу, будзь ачышчаны». І ён адразу ачысьціўся ад праказы сваёй.
 
І, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго Ісус, кажучы: «Хачу, будзь ачышчаны». І зараз быў ачышчаны ад праказы яго.

І кажа яму Ісус: «Глядзі, нікому не кажы, але пайдзі, пакажыся сьвятару і прынясі дар, які загадаў Майсей дзеля сьведчаньня ім».
 
І гаворыць яму Ісус: «Глядзі, нікому не расказвай, але ідзі, пакажыся святару ды прынясі дар, які загадаў Майсей на сведчанне ім».

Калі ж увайшоў Ісус у Капэрнаум, падыйшоў да Яго сотнік, просячы Яго
 
А калі Ісус увайшоў у Кафарнаўм, падышоў да Яго сотнік, просячы Яго

і кажучы: «Госпадзе! Слуга мой ляжыць дома спараліжаваны і страшэнна мучыцца».
 
і кажучы: «Госпадзе, мой паслугач ляжыць дома спаралізаваны і моцна пакутуе».

І кажа яму Ісус: «Я, прыйшоўшы, аздараўлю яго».
 
І гаворыць яму Ісус: «Прыйду і аздараўлю яго».

І, адказваючы, сотнік прамовіў: «Госпадзе! Я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой.
 
І, адказваючы, сотнік гаворыць: «Госпадзе, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і паздаравее паслугач мой.

Бо і я чалавек, які пад уладаю, ды маю пад сабою жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ён ідзе; і другому: “Прыйдзі”, і ён прыходзіць; і слузе майму: “Зрабі тое”, і ён робіць».
 
Бо і я — чалавек пры ўладзе, маю пад сабой жаўнераў: кажу аднаму: “Ідзі”, і ён ідзе, і другому: “Прыйдзі”, і ён прыходзіць, і свайму слузе: “Рабі гэта”, і ён робіць».

Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, якія за Ім ішлі: «Сапраўды кажу вам, нідзе ў Ізраілі Я не знайшоў гэткае веры.
 
Пачуўшы гэта, Ісус здзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: «Сапраўды кажу вам: ні ў кога не знайшоў Я такой веры ў Ізраэлі.

Кажу ж вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і ўзьлягуць з Абрагамам, і Ісаакам, і Якубам у Валадарстве Нябесным,
 
Але кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і з захаду, і ўзлягуць з Абрагамам, Ізаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным.

а сыны Валадарства будуць выгнаныя ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў».
 
А сыны Валадарства выкінуты будуць у цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгатанне зубоў».

І сказаў Ісус сотніку: «Ідзі, і, як ты паверыў, станецца табе». І паздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну.
 
І сказаў Ісус сотніку: «Ідзі, і, як уверыў, хай так станецца табе». І быў аздароўлены паслугач у тую ж гадзіну.

І, прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы.
 
А калі Ісус зайшоў у дом Пётры, убачыў цешчу яго, што ляжала ў гарачцы.

І Ён дакрануўся да рукі ейнай, і пакінула яе гарачка, і яна ўстала, і паслугавала ім.
 
І дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе, і яна паднялася і паслугавала ім.

Калі ж надыйшоў вечар, прывялі да Яго шмат апанаваных дэманамі, і Ён выгнаў духаў словам, і ўсіх хворых аздаравіў,
 
Калі ж надышоў вечар, прывялі да Яго многіх апанаваных дэманамі, і Ён выганяў духаў словам ды аздараўляў усіх немачных,

каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: «Ён узяў нашыя нядужасьці і панёс хваробы».
 
каб збылося тое, што сказана было прарокам Ісаем, які казаў: «Ён Сам узяў немачы нашы і панёс хваробы».

Убачыўшы ж навокал Сябе шматлікія натоўпы, Ісус загадаў адыйсьці на другі бок.
 
Ісус, бачачы навокал Сябе вялікае мноства людзей, загадаў плыць праз мора.

І, падыйшоўшы, адзін кніжнік сказаў Яму: «Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў».
 
І адзін кніжнік, падышоўшы, гаворыць Яму: «Настаўнік, і я пайду за Табой следам, куды б ты ні пайшоў».

І кажа яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе галаву схіліць».
 
І кажа яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе галаву прытуліць».

А іншы з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Госпадзе! Дазволь мне перш пайсьці і пахаваць бацьку майго».
 
Тады іншы, з вучняў Яго, гаворыць Яму: «Госпадзе, адпусці перш мяне пайсці і пахаваць бацьку майго».

Ісус жа сказаў яму: «Ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых».
 
Але Ісус гаворыць яму: «Ідзі за Мной і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых».

І калі ўвайшоў Ён у човен, пайшлі за Ім вучні Ягоныя.
 
І, калі ўвайшоў Ён у лодку, за Ім следам увайшлі вучні Яго,

І вось, сталася вялікае ўзрушэньне на моры, так што хвалі залівалі човен, а Ён спаў.
 
і вось узнялася вялікая бура на моры, так што лодка захліствалася хвалямі, а Ён спаў.

І, падыйшоўшы, вучні Ягоныя пабудзілі Яго, кажучы: «Госпадзе! Збаў нас, мы гінем!»
 
І падышлі яны, і абудзілі Яго, кажучы: «Госпадзе, ратуй нас, мы гінем!»

І кажа ім: «Чаго вы палохаецеся, малаверы?» Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася вялікая ціша.
 
І Ён сказаў ім: «Чаму вы гэтак палахлівы, малаверныя?» Затым, падняўшыся, загадаў вятрам і мору, і наступіла вялікая ціша.

А людзі зьдзіўляліся, кажучы: «Хто ж Ён, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?»
 
А людзі дзівіліся, кажучы: «Хто ж Ён, што і вятры, і мора Яго слухаюць?»

І, калі Ён прыйшоў на другі бераг у край Гергесэнскі, перанялі Яго двое апанаваных дэманам, якія выйшлі з магілаў, страшэнна злыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю.
 
А калі Ён пераплыў праз мора ў краіну Гадарэнскую, выйшлі насустрач Яму двое апанаваных дэманамі, якія выходзілі з магіл, і такія страшныя, што ніхто не мог праходзіць гэтаю дарогай.

І вось яны закрычалі, кажучы: «Што нам і Табе, Ісусе, Сыне Божы? Ці Ты прыйшоў сюды перад часам мучыць нас?»
 
І вось, яны закрычалі, кажучы: «Што Табе да нас, Ісус, Сын Божы? Ці Ты прыйшоў сюды дачасна мучыць нас?»

Далёка ж ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў.
 
Пасвіўся ж недалёка ад іх вялікі статак свінняў.

А дэманы прасілі Яго, кажучы: «Калі нас выганяеш, дазволь нам адыйсьці ў гэты гурт сьвіньняў».
 
Тады дэманы прасілі Яго, кажучы: «Калі выганіш нас, пашлі нас у гэты статак свінняў».

І Ён сказаў ім: «Ідзіце». І тыя, выйшаўшы, адыйшлі ў гурт сьвіньняў. І, вось, рынуўся ўвесь гурт сьвіньняў са стромы ў мора, і загінуў у вадзе.
 
І Ён гаворыць ім: «Ідзіце!» І тыя, выйшаўшы, перайшлі ў свінняў; і вось, увесь статак з імпэтам кінуўся ў мора са стромы і патануў у вадзе.

А тыя, што пасьвілі, уцяклі і, прыйшоўшы ў горад, паведамілі пра ўсё і пра тых, што былі апанаваныя дэманам.
 
Пастухі ж уцяклі і, прыйшоўшы ў горад, паведамілі пра ўсё і пра тых, што былі апанаваны дэманамі.

І вось, увесь горад выйшаў насустрач Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб зыйшоў ад межаў іхніх.
 
І вось, увесь горад выйшаў насустрач Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.