Мацьвея 17 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
І праз шэсьць дзён бярэ Ісус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і вядзе іх на гару высокую адных.
І па шасці днях узяў Ісус Пётру, Якуба і Яна, брата яго, і завёў іх асобна на высокую гару.
І Ён перамяніўся перад імі, і сьвяцілася аблічча Ягонае, як сонца, а шаты Ягоныя сталіся белыя, як сьвятло.
І перамяніўся перад імі; і аблічча Яго заззяла як сонца, а адзенне Яго сталася белым як святло.
І вось, зьявіліся ім Майсей і Ільля, ведучы гутарку з Ім.
І вось, паказаліся перад імі Майсей і Ілля, што размаўлялі з Ім.
Адказваючы, Пётар сказаў Ісусу: «Госпадзе! Добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Ільлі».
А Пётра, звяртаючыся да Ісуса, сказаў: «Госпадзе, добра нам тут быць. Калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Іллі адну».
Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае ахінула іх; і вось, голас з воблака, які кажа: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне; Яго слухайце».
Калі ён яшчэ гэта гаварыў, вось, светлае воблака закрыла іх. І вось, голас з воблака, які казаў: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім Я маю ўпадабанне; Яго слухайце».
І, пачуўшы, вучні ўпалі на аблічча сваё і моцна спужаліся.
І, чуючы гэта, вучні ўпалі на твар свой і надта спалохаліся.
І Ісус, падыйшоўшы, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і ня бойцеся!»
І падышоў да іх Ісус, і дакрануўся да іх, кажучы: «Устаньце і не бойцеся».
Падняўшы ж вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса.
І, падняўшы вочы свае, яны нікога болей не бачылі, адно Самога Ісуса.
І калі яны зыходзілі з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра гэты відзеж, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых».
І, калі сыходзілі з гары, загадаў ім Ісус: «Нікому не кажыце пра ўбачанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне».
І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Чаму ж кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці спачатку?»
І пыталіся ў Яго вучні, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці раней?»
А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Ільля сапраўды прыйдзе спачатку і направіць усё.
А Ён, адказваючы, гаворыць: «Ілля сапраўды прыйдзе і направіць усё.
А Я кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, але ўчынілі з ім, як хацелі; гэтак і Сын Чалавечы мае перацярпець ад іх».
Але кажу вам, што Ілля ўжо прыйшоў, і яго не пазналі, але абышліся з ім, як хацелі; і Сын Чалавечы будзе ад іх цярпець».
Тады вучні зразумелі, што Ён казаў ім пра Яна Хрысьціцеля.
Тады зразумелі вучні, што Ён гаварыў ім пра Яна Хрысціцеля.
І калі яны прыйшлі да натоўпу, падыйшоў да Яго чалавек, падаючы перад ім на калені і кажучы:
Калі яны прыйшлі да народа, падышоў да Яго чалавек, упаўшы перад Ім на калені
«Госпадзе! Зьлітуйся над сынам маім, ён люнатык і цяжка церпіць; бо часта кідаецца ў агонь і часта ў ваду.
і кажучы: «Госпадзе, памілуй сына майго, бо ён — лунатык і шмат пакутуе, часта падае ў агонь або ў ваду.
І я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі аздаравіць яго».
Я прывёў яго да Тваіх вучняў, але яны не маглі яго аздаравіць».
Ісус жа, адказваючы, сказаў: «О, пакаленьне бязьвернае і сапсаванае! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне сюды».
Ісус жа, адказваючы, гаворыць: «О род няверны і пераваротны, як доўга буду з вамі? Ды як доўга буду вас цярпець? Прынясіце яго сюды да Мяне».
І забараніў яму Ісус, і дэман выйшаў з яго, і хлопец быў аздароўлены ў тую гадзіну.
І насварыўся на яго Ісус, і дэман выйшаў з яго, і ў тую гадзіну хлопец паздаравеў.
Тады вучні, падыйшоўшы да Ісуса насамоце, сказалі: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»
Тады патаемна падышлі да Ісуса вучні і кажуць: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»
А Ісус сказаў ім: «Дзеля недаверства вашага. Бо сапраўды кажу вам: калі вы маеце веру, як гарчычнае зерне, і скажаце гары гэтай: “Перайдзі адгэтуль туды”, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчымым для вас.
А Ён кажа ім: «З прычыны вашай няверы. Бо сапраўды кажу вам: калі б вы мелі веру як зярнятка гарчычнае, сказалі б вы гэтай гары: “Перайдзі адсюль туды”, і пяройдзе; нічога для вас не будзе немагчымага.
Гэты ж род выходзіць толькі праз малітву і пост».
[Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам.]»
Калі ж былі яны ў Галілеі, Ён сказаў ім: «Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі людзей,
Калі яны знаходзіліся ў Галілеі, сказаў ім Ісус: «Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі людзей,
і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне». І яны дужа засмуціліся.
і яны заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсне». І засмуціліся яны моцна.
Калі ж прыйшлі яны ў Капэрнаум, падыйшлі да Пятра зьбіральнікі дыдрахмаў і сказалі: «Настаўнік ваш ці ня дасьць дыдрахмы?»
І калі яны прыйшлі ў Кафарнаўм, падышлі да Пётры тыя, што збіралі дыдрахмы, і сказалі: «Настаўнік ваш ці заплаціць дыдрахму?»
Ён кажа: «Так». І калі ён увайшоў у дом, Ісус папярэдзіў яго, кажучы: «Як ты думаеш, Сымоне, валадары зямныя з каго бяруць мыта ці даніну, ці са сваіх сыноў, ці з чужых?»
Ён сказаў: «Пэўна». І калі ён увайшоў у дом, папярэдзіў яго Ісус, кажучы: «Як табе здаецца, Сімоне? Валадары зямныя з каго бяруць чынш або падатак: са сваіх сыноў ці з чужых?»
Пётар кажа Яму: «З чужых». Сказаў яму Ісус: «Значыцца, сыны вольныя.
Калі ж той адказаў: «З чужых», — сказаў яму Ісус: «Значыць, сыны вольныя.
Але, каб нам не згаршаць іх, пайшоўшы на мора, кінь вуду, і першую рыбу, якая пападзецца, вазьмі, і, расчыніўшы ёй рот, знойдзеш статыр; узяўшы яго, аддай ім за Мяне і за сябе».
Але, каб мы іх не згоршылі, ідзі да мора і закінь вуду, і тую рыбу, якая першая трапіцца, вазьмі і, адкрыўшы ёй рот, знойдзеш статыр. Узяўшы яго, дай ім за Мяне і за сябе».