Яна 2 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
На трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і маці Ісуса была там.
І на трэці дзень спраўлялася вяселле ў Кане Галілейскай, і была там Маці Ісуса.
Быў таксама запрошаны і Ісус, і вучні Ягоныя на вясельле.
Таксама Ісус разам з вучнямі Яго быў пакліканы на вяселле.
І, як не хапіла віна, маці Ісуса кажа Яму: «Віна ня маюць».
А калі не хапіла віна, Маці Ісуса кажа Яму: «Віна не маюць».
Кажа ёй Ісус: «Што Мне і табе, жанчына? Гадзіна Мая яшчэ не прыйшла».
І кажа Ёй Ісус: «Што Мне і Табе, жанчына? Яшчэ не прыйшла Мая гадзіна».
Гаворыць маці Ягоная слугам: «Што Ён вам скажа, зрабіце».
Кажа тады Маці Яго паслугачам: «Зрабіце ўсё, што вам загадае».
Было ж там шэсьць каменных глякоў, якія стаялі дзеля ачышчэньня юдэйскага і зьмяшчалі дзьве ці тры меры.
А было там шэсць каменных глякоў, што стаялі дзеля абмывання юдэяў, і кожны з іх змяшчаў па два або па тры вядры.
Кажа ім Ісус: «Напоўніце вадою глякі». І напоўнілі іх да верху.
Кажа ім Ісус: «Напоўніце глякі вадой». І напоўнілі іх аж да краёў.
І кажа ім: «Чэрпайце цяпер і нясіце да маршалка». І занесьлі.
І кажа ім: «Чэрпайце цяпер і занясіце маршалку». І занеслі.
Калі ж маршалак пакаштаваў вады, якая сталася віном, — а ён ня ведаў, адкуль яно, слугі ж, якія налівалі ваду, ведалі, — кліча жаніха
А калі маршалак пакаштаваў ваду, якая замянілася ў віно, — а не ведаў, адкуль узялося віно, паслугачы ж, што чэрпалі ваду, ведалі, — пазваў маршалак маладога
і кажа яму: «Кожны чалавек перш падае добрае віно, а як нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль».
і кажа яму: «Кожны чалавек дае найперш добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае: ты ж захаваў добрае віно аж дасюль».
Так зрабіў Ісус у Кане Галілейскай пачатак знакам і выявіў славу Сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.
Такі вось пачатак знакаў учыніў Ісус у Кане Галілейскай і аб’явіў славу Сваю, і паверылі ў Яго вучні Яго.
Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капэрнаум, Сам і маці Ягоная, і браты Ягоныя, і вучні Ягоныя, і заставаліся там некалькі дзён.
Пасля таго пайшоў Сам, і Маці, і браты, і вучні Яго ў Кафарнаўм, і там заставаліся некалькі дзён.
І была блізка Пасха юдэйская, і ўзыйшоў Ісус у Ерусалім.
І блізка была Пасха юдэйская, дык Ісус увайшоў у Ерузалім.
І знайшоў у сьвятыні тых, што прадавалі валоў, авечак і галубоў, і мяняльнікаў, якія там сядзелі.
І знайшоў у святыні тых, што прадавалі валоў, авец і галубоў, і мянялаў грошай, што сядзелі.
І, зрабіўшы біч з вяровак, Ён выгнаў са сьвятыні ўсіх, а таксама авечак і валоў, і грошы мяняльнікам рассыпаў, і сталы іхнія перавярнуў;
І, зрабіўшы з вяровак біч, павыганяў усіх са святыні, таксама авечак і валоў, і грошы мянялаў рассыпаў і сталы перакуліў;
і сказаў тым, што прадавалі галубоў: «Забярыце гэта адсюль і не рабіце дом Айца Майго домам гандлю».
і тым, што прадавалі галубоў, сказаў: «Выносьце гэта адсюль! Не рабіце дома Айца Майго домам гандлю».
І ўзгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасьць пра дом Твой зьядае Мяне».
І прыпомнілі вучні Яго, што напісана: «Руплівасць пра дом Твой з’ядае Мяне».
Адказалі тады Юдэі і сказалі Яму: «Які знак пакажаш нам, што гэтак робіш?»
Тады юдэі, адказваючы, сказалі Яму: «Які знак пакажаш нам, што ты гэта робіш?»
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Зруйнуйце гэтую бажніцу, і Я ў тры дні адбудую яе».
Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Зруйнуйце гэтую святыню, і Я ў тры дні адбудую яе».
Сказалі тады Юдэі: «Сорак шэсьць гадоў будавалася бажніца гэтая, а Ты ў тры дні адбудуеш яе?»
Дык сказалі тады юдэі: «Сорак шэсць гадоў будавалі гэтую святыню, а Ты ў тры дні адбудуеш яе?»
А Ён гаварыў пра бажніцу цела Свайго.
Але Ён гаварыў пра святыню цела Свайго.
Калі ж Ён уваскрос з мёртвых, узгадалі вучні Ягоныя, што Ён казаў гэтае, і паверылі Пісаньню і словам, якія сказаў Ісус.
Дык калі ўваскрос з мёртвых, вучні Яго прыпомнілі, што пра гэта казаў, і ўверылі Пісанню і словам, якія сказаў Ісус.
Калі ж Ён быў у Ерусаліме на Пасху ў сьвяты, многія паверылі ў імя Яго, бачачы знакі, якія Ён чыніў.
А калі быў Ён у Ерузаліме ў дзень святочны на Пасху, многія паверылі ў імя Яго, бачачы знакі, якія чыніў.
Але Сам Ісус не даверыўся ім, бо ведаў усіх
Але Сам Ісус не верыў ім, таму што ведаў усіх,
і ня меў патрэбы, каб хто сьведчыў пра чалавека, бо Ён ведаў, што было ў чалавеку.
і не меў патрэбы, каб хто сведчыў аб чалавеку: бо Сам ведаў, што ёсць у чалавеку.