1 да Фесаланікійцаў 5 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Адносна часоў і пораў, браты, няма патрэбы пісаць да вас,
 
Аб часах-жа і порах (калі гэта станецца), няма патрэбы вам, браты, пісаць;

бо вы самі дакладна ведаеце, што дзень Госпадаў гэтак прыйдзе, як злодзей уначы.
 
самі бо добра ведаеце, што дзень Госпада гэтак прыйдзе, як злодзей уночы.

Калі вось будуць гаварыць: «Супакой і бясьпека», тады неспадзявана прыйдзе на іх зьнішчэньне, быццам мукі радзін на цяжарную, і яны не ўцякуць.
 
Якраз як гаварыць будуць: «супакой і бясьпека», нахлыне тады зьнячэўку загібель, як боль на жанчыну цяжарную неадступны.

Вы ж, браты, ня ў цемры, каб дзень гэты захапіў вас, як злодзей:
 
Алеж вы, браты, не астаецеся ў цемры, каб дзень гэны засьцігнуў вас, як злодзей:

усе вы — сыны сьвятла і сыны дня, мы не належым ані ночы, ані цемры.
 
усе вы сыны сьвятла і сыны дня, мы ня сыны ночы ані цемры.

Дык ня будзем спаць, як іншыя, але чувайма і будзьма пільнымі,
 
Дык ня будзем-жа драмаць (у граху), як іншые, а — крэзвіцца й цьвяразіцца,

бо тыя, што сьпяць, уначы сьпяць, і тыя, што ўпіваюцца, уначы ўпіваюцца.
 
тые бо, што сьпяць, уночы сьпяць, і тые, што ўпіваюцца уночы ўпіваюцца.

Мы ж, якія належым дню, будзьма пільнымі, апрануўшы панцыр веры і любові і шалом надзеі збаўленьня,
 
Мы-ж належачые дню, цьвярозымі будзьма, узброіўшыся верай і любасьцю ды шлемам збаўчае надзеі;

бо Бог не прызначыў нас на гнеў, але на атрыманьне збаўленьня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
бо не празначыў нас Бог на гнеў, а на тое, каб атрымалі мы збаўленне праз Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса,

Які памёр за нас, каб мы, ці чуваем, ці сьпім, з Ім разам жылі.
 
што ўмёр за нас, каб мы ці сьпячые, ці крэзвые, жылі зь Ім разам.

Дзеля гэтага пацяшайце сябе ўзаемна і збудоўвайце адзін аднаго, як вы і робіце.
 
Таму вось пацяшайце сябе ўзаемна ды навучайце адзін другога, як то й робіце.

Просім жа вас, браты, ведайце тых, якія працуюць у вас, і кіруюць вамі ў Госпадзе, і настаўляюць вас,
 
І просім вас, браты, паважайце тых, што сярод вас працуюць і пастаўлены ў Богу над вамі ды даюць вам напамін;

і шануйце іх вельмі высока ў любові дзеля працы іхняй; жывіце ў згодзе між сабою.
 
шчыра любеце за іхняе дзела; жывеце ў згодзе між сабою.

Молім вас таксама, браты, настаўляйце свавольных, пацяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх.
 
Просім вас такжа, браты, уразумляйце ўпорыста-лядакіх, пацяшайце маладушных, падтрымоўвайце слабых, а цярплівымі будзьце для ўсіх.

Глядзіце, каб ніхто нікому не аддаваў ліхам за ліха, але заўсёды імкніцеся да дабра і адзін для аднаго, і для ўсіх.
 
Глядзеце, каб ніхто нікому не адплачваў злом за зло, а шукайце заўсёды дабра адзін другому, ды й усім.

Заўсёды радуйцеся.
 
Заўсёды радуйцеся.

Несупынна маліцеся.
 
Нясупынна малецеся.

За ўсё дзякуйце, бо такая для вас воля Божая ў Хрысьце Ісусе.
 
За ўсё дзякуйце, такая бо воля Божая ў Езусе Хрыстусе аб вас.

Духа не гасіце.
 
Духа не гасеце.

Прароцтвамі не пагарджайце.
 
Прароцтвамі не пагарджайце.

Усё выпрабоўвайце; добрага трымайцеся.
 
Усё выпрабоўвайце; добрага трымайцеся.

Высьцерагайцеся ад усякага роду зла.
 
Устрымоўвайцеся ад усякага роду зла.

Сам жа Бог супакою няхай асьвяціць вас у-ва ўсёй поўні, і ўвесь ваш дух, і душа, і цела няхай захаваюцца без заганы ў прыйсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 
А сам Бог супакою-згоды хай усьвеньціць вас у ва ўсёй поўні, і ўвесь ваш дух, і душа, і цела хай захаваецца без заганы на прыйсьцё Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса.

Верны Той, Які вас паклікаў; Ён і зробіць [гэта].
 
Верны Той, Хто вас паклікаў, Ён і зьдзейсьніць (гэта).

Браты! Маліцеся за нас!
 
Браты, за нас малецеся!

Прывітайце ўсіх братоў пацалункам сьвятым.
 
Прывітайце ўсю братву сьвятым цалункам.

Заклінаю вас Госпадам прачытаць гэтае пасланьне ўсім сьвятым братам.
 
Заклінаю вас Госпадам — прачытаць гэты Ліст усім братом сьвятым. Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса хай будзе з вамі. Амэн.

Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амэн.