Лукаша 21 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І, зірнуўшы, Ён убачыў багатых, што кідалі ахвяры свае ў скарбонку,
Глянуўшы ж, убачыў Ён багацеяў, якія кідалі дары свае ў скарбніцу.
убачыў таксама адну бедную ўдаву, як кідала два дробныя грошыкі,
І ўбачыў адну бедную ўдаву, якая кінула туды дзьве лепты,
і сказаў: «Сапраўды кажу вам: гэтая ўдава ўкінула болей, чым усе іншыя.
і сказаў: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава кінула больш за ўсіх,
Бо ўсе з лішкаў сваіх клалі ў дары Богу, а яна з недастатку свайго ўкінула ўсё ўтрыманне сваё, якое мела».
бо ўсе тыя з лішку свайго кідалі ў дар Богу, а яна з нястачы сваёй кінула ўсё ўтрыманьне сваё, якое мела».
І, калі некаторыя гаварылі пра святыню, што прыгожымі каменнямі і дарамі аздоблена, Ён сказаў:
І, калі некаторыя гаварылі пра сьвятыню, што яна аздоблена каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён сказаў:
«Надыдуць дні, у якія з усяго, што бачыце, не застанецца каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
«Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які б ня быў зруйнаваны».
Дык спыталіся ў Яго, кажучы: «Вучыцель, калі ж гэта будзе і што будзе за знак, калі гэта станецца?»
Спыталіся ж у Яго, кажучы: «Настаўнік! Калі ж гэта мае быць? І які знак, калі гэта мае стацца?»
Ён сказаў: «Глядзіце, каб вас не звялі; бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: “Гэта Я” або “Час наблізіўся”. Дык не ідзіце за імі.
Ён жа сказаў: «Глядзіце, каб вас не падманулі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і гэты час наблізіўся. Не хадзіце за імі.
А калі пачуеце пра войны і замяшанні, не злякайцеся, бо трэба, каб гэта здарылася перш, але яшчэ не зараз канец».
Калі ж пачуеце пра войны і бязладзьдзе, не жахайцеся, бо гэта мусіць стацца спачатку, але не адразу канец».
Далей казаў ім: «Паўстане народ на народ і царства на царства,
Тады сказаў ім: «Паўстане народ на народ, і валадарства на валадарства,
і будуць вялікія землятрусы, і месцамі голад і пошасці, і будуць страхі, ды знакі вялікія з неба.
А месцамі будуць вялікія землятрусы, і голад, і пошасьць, таксама страхі і знакі з неба вялікія будуць.
Але перад тым усім ускладуць на вас рукі свае, будуць пераследаваць і выдаваць у сінагогі і ў вязніцы, і будуць вас цягаць да цароў і намеснікаў за імя Маё;
А перад усім гэтым ускладуць на вас рукі і будуць перасьледаваць вас, выдаючы́ ў сынагогі і вязьніцы, ведучы́ да валадароў і ваяводаў дзеля імя Майго.
а станецца гэта вам дзеля сведчання.
А станецца гэта дзеля сьведчаньня вам.
Пакладзіце тады ў сэрцах вашых загадзя не думаць, як вам адказваць;
Дык палажыце ў сэрцах вашых не абдумваць раней, як адказваць,
бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не змогуць ні пярэчыць, ні супрацьстаць усе праціўнікі вашы.
бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць пярэчыць, ані супрацьстаяць усе супраціўнікі вашыя.
А выдаваць вас будуць і бацькі, і браты, і сваякі, і сябры, і аддадуць на смерць некаторых з вас,
А будзеце выдадзеныя і бацька́мі, і братамі, і сваякамі, і сябрамі; і некаторых з вас пазабіваюць,
і будуць вас усе ненавідзець за імя Маё.
і будуць ненавідзець вас усе дзеля імя Майго,
Але нават волас з галавы вашай не прападзе.
але і волас з галавы вашай не прападзе.
Праз цярплівасць вашу завалодаеце душамі вашымі.
У цярплівасьці вашай здабывайце ду́шы вашыя.
А калі ўбачыце, што Ерузалім войскам акружаны, тады ведайце, што наблізілася спусташэнне яго.
Калі ж убачыце Ерусалім, акружаны войскам, тады разумейце, што наблізілася спусташэньне яго.
Тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы, і якія ў самім горадзе, няхай выходзяць, а тыя, што ў ваколіцах, хай не ўваходзяць у яго.
Тады тыя, хто ў Юдэі, няхай бягуць у горы; і хто пасярод гораду, няхай выходзяць; і хто ў ваколіцы, няхай не ўваходзяць у яго,
Бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё, што напісана.
бо гэта дні помсты, каб споўнілася ўсё напісанае.
Гора ж цяжарным і тым, хто корміць грудзьмі у тыя дні! Бо будзе прыгнёт вялікі на зямлі і гнеў на гэты народ,
Гора ж тым, якія цяжарныя і якія кормяць грудзьмі, у тыя дні; бо будзе вялікае бедства на зямлі і гнеў на народзе гэтым.
і будуць падаць ад вострага меча, і пагоняць іх, схапіўшы, у няволю да ўсіх народаў, і Ерузалім будзе таптаны паганамі, аж пакуль не споўняцца часы паганаў.
І ўпадуць ад вострыва мяча, і павядуць іх у палон да ўсіх паганскіх народаў, і Ерусалім будуць таптаць пагане, пакуль ня скончацца часы паганаў.
І будуць знакі на сонцы, і на месяцы, і на зорках, ды на зямлі нядоля народаў з-за тлуму, ды пошум мора і навальніц.
І будуць знакі на сонцы, і месяцы, і зорках, і на зямлі ўціск народаў у зьбянтэжанасьці, як зараве́ і забушуе мора.
Людзі будуць пруцянець ад страху і чакання таго, што настане ва ўсім свеце, бо сілы нябесныя пахіснуцца.
І дрантвець будуць людзі ад страху і чаканьня таго, што прыйдзе на сусьвет, бо сілы нябесныя захістаюцца.
І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыйдзе на аблоках з магутнасцю і славаю вялікай.
І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць у воблаку з моцаю і славаю вялікаю.
А калі гэта дзеяцца пачне, разгінайцеся і падымайце галовы вашы, бо набліжаецца адкупленне ваша».
Калі ж пачне гэтае дзеяцца, выпрастуйцеся і падніміце галовы вашыя, таму што набліжаецца адкупленьне вашае».
І сказаў ім для параўнання: «Паглядзіце на дрэва фігавае ды на ўсе дрэвы.
І сказаў ім прыповесьць: «Глядзіце на фігавае дрэва і на ўсе дрэвы:
Калі яны ўжо пускаюць лісты, то, бачачы гэта, вы і самі ведаеце, што ўжо блізка лета.
калі яны ўжо распускаюцца, убачыўшы, разумееце самі, што ўжо блізка лета.
Так і вы, як убачыце, што ўсё гэта дзеецца, ведайце, што ўжо блізка Валадарства Божае.
Гэтак і вы, як убачыце, што гэтае стае́цца, разумейце, што блізка ёсьць Валадарства Божае.
Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленне гэтае, як усё гэта споўніцца.
Сапраўды кажу вам: не праміне́ пакаленьне гэтае, як усё гэта станецца.
Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
Сцеражыцеся, каб не абцяжарылі сэрцы вашы абжорствам і п’янствам ды клопатамі гэтага жыцця, і каб дзень той не прыйшоў да вас знянацку;
Пільнуйце ж самі сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя абжорствам, і п’янствам, і клопатамі жыцьцёвымі, і каб дзень той не прыйшоў да вас неспадзявана.
бо ён як сетка спадзе на ўсіх, што сядзяць на абліччы ўсёй зямлі.
Бо ён, як пастка, спадзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі.
Дык чувайце, молячыся ўвесь час, каб змаглі пазбегнуць ўсяго гэтага, што мае прыйсці, ды стаць перад Сынам Чалавечым».
Дык чувайце, молячыся ва ўсякі час, каб вам быць вартымі ўцячы ад усяго, што мае стацца, і стаць перад Сы́нам Чалавечым».
І навучаў днямі ў святыні, а нанач, выходзячы, спыняўся на гары, якую называюць Аліўнай.
Удзень Ён навучаў у сьвятыні; а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, называнай Аліўнай.
І ўвесь народ ад раніцы збіраўся да Яго ў святыню слухаць Яго.
І ўвесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў сьвятыню слухаць Яго.