Нээміі 9 разьдзел
Кніга Нээміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
А ў дваццаць чацвёрты дзень гэтага месяца сабраліся ізраэльцы ў час посту і ў зрэбніцах, і з пасыпанымі попелам галовамі.
А ў дваццаць чацьвёрты дзень гэтага месяца сабраліся сыны Ізраіля ў посьце, і зрэбніцы, і попел на іх.
І аддзялілася пакаленне Ізраэля ад усякага чужынца; і падняліся, і вызналі ўсе грахі свае і правіннасці бацькоў сваіх.
І аддзялілася насеньне Ізраіля ад усіх чужынцаў, і сталі, і вызнавалі грахі свае і беззаконьні бацькоў сваіх.
І падняліся, каб стаяць, і чвэрць дня чыталі з кнігі закону Госпада, Бога іх; і чвэрць вызнавалі свае грахі і пакланяліся Госпаду, Богу свайму.
І сталі на месцы сваім, і чыталі з кнігі Закону ГОСПАДА, Бога свайго, чвэрць дня, і чвэрць [дня] вызнавалі [грахі] і пакланяліся ГОСПАДУ, Богу свайму.
А на ўзвышэнне для левітаў сталі: Ешуа, і Бані, і Кадмігэль, і Сэбанія, Буні, Сэрэбія, Бані, і Ханані, і закрычалі ўголас да Госпада, Бога свайго.
І сталі на ўзвышэньні лявіты Ешуа, Бані, Кадміэль, Шэванія, Буні, Шэрэвія, Бані, Хенані, і гукалі голасам вялікім да ГОСПАДА, Бога свайго.
І левіты: Ешуа, і Кадмігэль, Бані, Гасабнія, Сэрэбія, Годыя, Сэбанія, Пэтагія сказалі: «Устаньце і дабраславіце Госпада, Бога вашага, спакон веку і навек, ды дабраславіце велічнае імя славы Яго, вышэй за ўсякае дабраславенне і хвалу!
І сказалі лявіты Ешуа, Кадміэль, Бані, Хашаўнэя, Шэрэвія, Годыя, Шэванія, Пэтахія: «Устаньце, дабраславіце ГОСПАДА, Бога свайго, ад веку аж на вякі. Няхай дабраслаўляюць імя славы Тваёй, і няхай яно будзе ўзьвялічана па-над усе дабраславенствы і хвалу!
Ты, Госпадзе, адзіны; Ты стварыў неба і нябёсы нябёсаў, ды ўсё войска іх, зямлю і ўсё, што на ёй, мора і ўсё, што ў ім; і Ты ажыўляеш усё гэта, і нябеснае войска Табе пакланяецца.
Ты, ГОСПАДЗЕ, толькі Ты, Ты Сам учыніў нябёсы, нябёсы нябёсаў і ўсё войска іхняе, зямлю і ўсё, што на ёй, моры і ўсё, што ў іх; і Ты даеш жыцьцё ўсім ім; і войска нябеснае Табе пакланяецца.
Ты Той, Госпадзе, Божа, Які выбраў Абрама і вывеў яго з Ура Халдэйскага, і даў яму імя Абрагам.
Ты, ГОСПАДЗЕ, — Бог, Які выбраў Абрама, і вывеў яго з Уру Халдэйскага, і даў яму імя Абрагам,
І Ты знайшоў у ім сэрца, вернае Табе, і заключыў Ты з ім запавет, каб даць нашчадкам яго зямлю хананея, хетэя, амарэя і феразея, евусея і гергесея; і Ты споўніў словы Свае, бо Ты — справядлівы.
і знайшоў сэрца ягонае верным перад абліччам Тваім, і заключыў з ім запавет, каб даць насеньню ягонаму зямлю Хананейца, Хета, Амарэйца, Пэрэзэя, Евусэя і Гіргашэя; і Ты споўніў слова Тваё, бо Ты — праведны.
І Ты ўбачыў смутак бацькоў нашых у Егіпце, і пачуў лямант іх каля Чырвонага мора.
І Ты ўбачыў нядолю бацькоў нашых у Эгіпце, і крык іхні пачуў каля Мора Чырвонага.
І Ты паказаў знакі і цуды на фараоне, і на ўсіх паслугачах яго, і на ўсім народзе яго зямлі; бо ведаў Ты, што яны пагардліва ставіліся да іх, і ўславіў Ты імя Сваё па сённяшні дзень.
І Ты зьявіў знакі і цуды на фараоне, і на ўсіх слугах ягоных, і на ўсім народзе зямлі ягонай, бо Ты даведаўся, што яны дзейнічалі падступна супраць іх, і зрабіў Ты Сабе імя аж да дня сёньняшняга.
І Ты раздзяліў мора перад імі, і перайшлі яны сярэдзінай мора, па сухому; а тых, хто гнаўся за імі, укінуў Ты ў глыбіні мора, як камень у бурлівыя воды.
І Ты разьдзяліў мора перад імі, і яны прайшлі сярод мора па сухмені, а тых, якія гналіся за імі, Ты ўкінуў у глыбіні, як камень у воды бурлівыя.
І слупам воблачным павёў Ты іх удзень, і слупам агню быў для іх ноччу, каб асвятляць ім дарогу, якой ішлі.
У слупе воблачным Ты вёў іх удзень, і ў слупе вогненным — уначы, каб асьвятляць ім шлях, па якім яны ішлі.
Таксама Ты сышоў на гару Сінай, і гаварыў з імі з неба; і даў Ты ім суд справядлівы, і закон верны, пастановы і прыказанні добрыя.
І Ты зыйшоў на гару Сынай, і гаварыў з імі з неба, і даў ім суды справядлівыя, і законы праўдзівыя, і пастановы, і прыказаньні добрыя;
І паказаў Ты ім асвячоную Тваю суботу, і прыказанні, і пастановы, і закон даў ім праз рукі раба Твайго Майсея.
І пра суботу сьвятую Тваю Ты паведаміў ім, і загадаў ім прыказаньні, пастановы і Закон праз рукі Майсея, слугі Твайго.
Таксама хлеб з неба даў Ты ім у час голаду іх, і ваду вывеў Ты ім са скалы ў час смагі іх; і сказаў ім, каб увайшлі і валодалі зямлёю, над якой падняў Ты руку Сваю, каб даць яе ім.
І хлеб з неба Ты даваў ім у голадзе іхнім, і ваду са скалы Ты вывеў ім у смазе іхняй, і сказаў ім, каб яны пайшлі ўзяць у спадчыну зямлю, пра якую Ты ўзьняў руку Тваю, што дасі [яе] ім.
Але яны, бацькі нашыя, трымалі сябе пагардліва, і зацвярдзелі каркі іх, і не слухалі прыказанняў Тваіх.
Але яны і бацькі нашыя дзейнічалі падступна, і зрабілі цьвёрдымі каркі свае, і ня слухалі прыказаньняў Тваіх.
І не захацелі яны слухаць, і не памяталі цудаў Тваіх, якія чыніў Ты ім, і зацвярдзелі каркі іх, і нахілілі галаву сваю, каб вярнуцца ў Егіпет, у сваю няволю. Але Ты — Бог ласкавы, спагадлівы і міласэрны, цярплівы ды вялікай літасці, Ты не адвярнуўся ад іх.
І яны адмовіліся слухаць [Цябе], і ня памяталі цудаў Тваіх, якія Ты ўчыніў з імі, і зрабілі цьвёрдымі каркі свае, і ў непаслухмянасьці сваёй паставілі галаву [сабе], каб вярнуцца ў няволю сваю. Але Ты — Бог, Які прабачаеш, спагадлівы і літасьцівы, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць, і Ты не пакінуў іх.
І нават тады, калі зрабілі сабе цяля літое, і гаварылі: “Гэта бог твой, які вывеў цябе з Егіпта”, і дапусціліся вялікіх блюзненняў,
Нават калі яны зрабілі сабе цяля літое і сказалі: “Гэта бог твой, які вывеў цябе з Эгіпту”, і рабілі блюзьнерствы вялікія,
Ты, у бязмежнай міласэрнасці Сваёй, не пакінуў іх у пустыні: слуп воблака не адступіў ад іх удзень, каб весці іх дарогаю; і слуп агню — ноччу, каб асвятляць ім дарогу, па якой мелі ісці.
Ты, у вялікай літасьці Тваёй, не пакінуў іх у пустыні. Слуп воблачны не адыходзіў ад іх удзень, каб весьці іх па шляху, і слуп вогненны — уначы, каб асьвятляць ім шлях, па якім ісьці.
І даў Ты ім Свайго добрага Духа, каб ён вучыў іх, і манны Сваёй не забраў ад іх вуснаў, і ваду даў Ты ім у час іх смагі.
І Духа Твайго добрага Ты даў ім, каб навучаць іх, і манну Тваю не забраў ад вуснаў іхніх, і ваду даў ім у смазе іхняй.
Сорак гадоў карміў Ты іх у пустыні, і ні ў чым не мелі яны патрэбы; адзенне іх не нішчэла, ды ногі іх не пухлі.
І сорак гадоў Ты жывіў іх у пустыні; яны ня мелі нястачы; адзеньні іхнія не старэлі, і ногі іхнія ня пухлі.
І даў Ты ім царствы і народы, і выдзеліў ім часткі; і яны авалодалі зямлёй Сэгона, цара Хесебона, і зямлёй Ога, цара Басана.
І Ты даў ім валадарствы і народы, і выдзяліў ім [кожны] кут, і яны ўспадкаемілі зямлю Сыгона, зямлю валадара Хешбону, і зямлю Ога, валадара Башану.
І памножыў Ты сыноў іх, як зоркі на небе; ды ўвёў іх у зямлю, якую абяцаў бацькам іх, што ўвойдуць і будуць валодаць ёю.
І сыноў іхніх Ты памножыў, як зоркі нябесныя, і прывёў іх у тую зямлю, пра якую Ты казаў бацькам іхнім, што яны ўвойдуць і возьмуць у спадчыну яе.
І ўвайшлі сыны, і авалодалі зямлёю, і Ты ўпакорыў перад імі жыхароў зямлі Ханаанскай; ды аддаў іх у іх рукі, і цароў іх, і народы зямлі, каб зрабілі з імі, як ім падабаецца.
І ўвайшлі сыны іхнія, і ўспадкаемілі зямлю. І Ты скарыў перад імі жыхароў зямлі, Хананейцаў, і аддаў іх у рукі іхнія, і валадароў іхніх, і народы зямлі [гэтай], каб яны зрабілі з імі паводле ўпадабаньня свайго.
Такім чынам, занялі яны гарады ўмацаваныя і зямлю ўраджайную; і завалодалі дамамі, напоўненымі ўсякім дабром, студнямі, зробленымі іншымі людзьмі, вінаграднікамі і гаямі аліўкавымі ды мноствам дрэў пладовых. І елі яны, і насычаліся, і растлусцелі дзеля вялікай дабраты Тваёй.
І яны здабылі гарады ўмацаваныя і зямлю ўраджайную, і ўспадкаемілі дамы, поўныя ўсялякага даброцьця, сажалкі выкапаныя, вінаграднікі, сады аліўныя і мноства дрэваў пладовых. І яны елі, і насыціліся, і патлусьцелі, і мелі асалоду дзеля вялікай добрасьці Тваёй.
Але ўгнявілі яны Цябе, і ўзбунтаваліся супраць Цябе, і пакінулі закон Твой; і пазабівалі прарокаў Тваіх, якія ім нагадвалі, каб вярнуліся да Цябе: ды дапусціліся вялікіх блюзненняў.
І яны сталі непаслухмяныя, і збунтаваліся супраць Цябе, і закінулі Закон Твой за плечы свае, і забівалі прарокаў Тваіх, якія папярэджвалі іх, каб навярнуць іх да Цябе, і рабілі блюзьнерствы вялікія.
І аддаў Ты іх у рукі ворагаў іх, каб здзекаваліся над імі; і яны ў час гора свайго прызвалі Цябе, і Ты пачуў іх з нябёсаў, і ў бязмежнай літасці Тваёй даў Ты ім збаўцаў, каб збаўлялі яны іх з рук ворагаў іх.
І Ты аддаў іх у рукі прыгнятальнікаў іхніх, і яны ўціскалі іх. І ў часе ўціску свайго яны клікалі да Цябе, і Ты чуў з неба і, паводле літасьці Тваёй вялікай, Ты даваў ім збаўцаў, і яны выратоўвалі іх ад рукі прыгнятальнікаў іхніх.
І, пажыўшы ў супакоі, зноў вярнуліся яны, каб чыніць ліхоту перад абліччам Тваім; ды Ты аддаў іх у рукі ворагаў іх, і яны валадарылі над імі. І яны зноў навярнуліся і прызвалі Цябе; Ты ж выслухоўваў іх з неба і шмат разоў вызваляў іх у Сваёй вялікай міласэрнасці.
Але, калі яны мелі супачынак, ізноў пачыналі рабіць ліхоту перад абліччам Тваім, і Ты пакідаў іх у руках ворагаў іхніх, і тыя мелі ўладу над імі. І яны навярталіся і клікалі да Цябе, і Ты чуў іх з неба, і вызваляў іх, паводле літасьці Тваёй, шмат разоў.
І заклінаў Ты іх, каб навярнуць да закону Твайго; але яны трымаліся пагардліва, і не паслухалі прыказанняў Тваіх, і грашылі адносна законаў Тваіх, якія, калі споўніць чалавек, то будзе жыць у іх, і зрабілі яны бунтарскім плячо сваё, і зацвярдзеў іх карак, і не выслухалі яны.
І Ты папярэджваў іх, каб вярнуць іх да Закону Твайго, але яны дзейнічалі падступна і ня слухалі прыказаньняў Тваіх, і грашылі супраць судоў Тваіх, праз якія жыць будзе чалавек, калі будзе выконваць іх, і адвярнулі плечы свае, і зрабілі цьвёрдым карак свой, і ня слухалі [Цябе].
І шкадаваў Ты іх многа гадоў, і заклінаў іх Духам Тваім і праз рукі прарокаў Тваіх, і не выслухалі яны; і аддаў Ты іх у рукі народаў чужых земляў.
І Ты трываў цярпліва іх шмат гадоў, і папярэджваў іх Духам Тваім праз прарокаў Тваіх, але яны ня слухаліся. І Ты аддаў іх у рукі народаў зямлі.
Але ў міласэрнасці найвялікшай Сваёй не вынішчыў іх і не пакінуў Ты іх; бо Ты — Бог міласэрны і міласцівы.
І ў літасьці Тваёй вялікай Ты не аддаў іх на зьнішчэньне, і не пакінуў іх, бо Ты — Бог літасьцівы і спагадлівы.
Дык цяпер, Божа наш, вялікі, магутны і страшны, захоўваючы запавет і міласэрнасць, хай не будуць малымі ў Цябе ўсе беды, што наведалі нас, цароў нашых, і князёў нашых, і святароў нашых, і прарокаў нашых, і бацькоў нашых ды ўвесь народ Твой, ад дзён цароў асірыйскіх аж па гэты дзень.
І цяпер, Божа наш, Божа вялікі, магутны і страшны, Які захоўваеш запавет і міласэрнасьць, няхай ня будуць малымі перад абліччам Тваім усе цяжкасьці, якія спаткалі валадароў нашых, князёў нашых, сьвятароў нашых, прарокаў нашых, бацькоў нашых і ўвесь народ Твой ад дзён валадароў Асірыі аж да дня гэтага.
І Ты справядлівы ва ўсім, што прыйшло на нас, бо Ты справядліва зрабіў, а мы бязбожна паводзілі сябе.
Але Ты — праведны ў-ва ўсім, што прыйшло на нас, бо Ты паводле праўды зрабіў, а мы рабілі злачынна.
Цары нашы, князі нашы, святары нашы і бацькі нашы не споўнілі закону Твайго ды не зважалі на прыказанні Твае і на сведчанні Твае, якімі сведчыў перад імі.
І валадары нашыя, князі нашыя, сьвятары нашыя і бацькі нашыя не выконвалі Закон Твой і не прыхілілі вуха да прыказаньняў Тваіх і сьведчаньняў Тваіх, якімі Ты папярэджваў іх.
І яны ў царствах сваіх і ў дабраце Тваёй вялікай, якую Ты даў ім, і ў зямлі надта абшырнай і ўрадлівай, якую Ты ім даў, не служылі Табе ды не адвярнуліся ад учынкаў сваіх найгоршых.
І яны не служылі Табе ў валадарстве сваім і ў добрасьці Тваёй вялікай, якую Ты даваў ім, і ў зямлі прасторнай і ўрадлівай, якую Ты даў перад абліччам іхнім, і не адвярнуліся ад учынкаў сваіх ліхіх.
І вось, мы самі сёння сталі нявольнікамі ў зямлі, якую Ты даў бацькам нашым, каб спажывалі плады яе і багацце яе, мы самі сталі нявольнікамі.
Вось, мы сёньня [сталіся] нявольнікамі, і на зямлі, якую Ты даў бацькам нашым, каб елі яны плады яе і даброцьці яе, вось, мы [сталіся] нявольнікамі на ёй,
І плады яе памнажаюцца для цароў, якіх ты паставіў над намі дзеля нашых грахоў, і яны валодаюць целамі нашымі і жывёлай нашай па сваёй волі, і мы знаходзімся ў вялікім прыгнёце.
а ўраджай шчодры [служыць] валадарам, якіх Ты паставіў над намі за грахі нашыя, і яны пануюць над целамі нашымі і над скацінай нашай; а мы ў вялікім уціску.
Такім чынам, дзеля ўсяго гэтага мы заключаем і падпісваем дагавор, і паставяць на ім пячатку князі нашы, левіты нашы і нашы святары».
І з прычыны ўсяго гэтага мы заключаем дамову і падпісваем [яе], і пячаткі прыкладаюць князі нашыя, лявіты нашыя і сьвятары нашыя».