Да Піліпянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І калі ёсць якое пацяшэнне ў Хрысце, калі ёсць якая патоля любові, калі ёсць якая супольнасць духа, калі ёсць спачуванне і міласэрнасць,
 
І калі ёсьць якое пацяшэньне ў Хрысьце, калі ёсьць якая патоля любові, калі ёсьць якая супольнасьць духа, калі ёсьць спачуваньне і міласэрдзе,

напоўніце мяне радасцю, тое самае разумеючы, тую самую маючы любоў, будзьце аднадушныя і аднадумныя,
 
напоўніце мяне радасьцю, тое самае разумеючы, тую самую маючы любоў, аднадушныя і аднадумныя,

нічога не робячы праз перакорлівасць ці праз пустую славу, але ў пакоры адны другіх за вышэйшых прымаючы,
 
нічога (ня робячы) праз перакорлівасьць ці праз пустую славу, але ў пакоры адны другіх за вышэйшых прыймаючы,

не аб сабе толькі клапоцячыся, але кожны і аб іншых.
 
не аб сабе толькі клапоцячыся, але і аб іншых.

Бо тое хай у вас думаецца, што і ў Хрысце Ісусе,
 
Няхай тое ў вас думаецца, што і ў Хрысьце Езусе:

Які, маючы постаць Божую, не лічыў Сваім здабыткам роўнасць з Богам,
 
які, маючы пастаць Божую, не лічыў сваім здабыткам роўнасьць з Богам,

але прынізіў Самога Сябе, прымаючы постаць паслугача і стаўшыся на падобнасць людзей, і па знешнасці прызнаваны за чалавека;
 
але панізіў самога сябе, прымаючы постаць слугі і стаўшыся на падобнасьць людзей; і па зьнешнасьці прызнаваны за чалавека,

упакорыў Самога Сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да смерці, і нават смерці крыжовай.
 
упакорыў самога сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да сьмерці, і то сьмерці крыжовай.

Дзеля таго і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя, якое вышэй за ўсякае імя,
 
Дзеля таго і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя, якое па-над усякае імя,

каб прад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, на зямлі і пад зямлёй,
 
каб на імя Езуса сукланілася ўсякае калена на небе, на зямлі і пад зямлёй,

і каб кожны язык вызнаваў: «Ісус Хрыстос ёсць Госпад!», на славу Бога Айца.
 
і каб ўсякі язык вызнаваў, што Езус Хрыстос ёсьць Госпад на хвалу Бога Айца.

Дык вось, дарагія мае, як заўжды былі вы паслухмянымі, не толькі ў маёй прысутнасці, але тым больш цяпер, калі я адсутнічаю, са страхам і трымценнем здзяйсняйце сваё збаўленне.
 
Дык вось, дарагія мае, як заўжды былі вы паслухмянымі, ня толькі ў маёй прысутнасьці, але тым больш цяпер, калі я адсутнічаю, са страхам і дрыжаньнем клапаціцеся пра сваё збаўленьне.

Бо з ласкавасці Сваёй Бог з’яўляецца ў вас прычынай і хацець, і дзейнічаць.
 
Бог бо ёсьць у вас прычынай і хацець, і дзейнічаць з ласкавасьці сваёй.

Усё рабіце без наракання і хістання,
 
Усё рабіце без нараканьня і хістаньня,

каб вам быць без заганы і чыстымі, дзецьмі Божымі без віны паміж народа сапсаванага і крывадушнага, пасярод якога свеціце, як светачы ў свеце,
 
каб вы былі без заганы і простымі, дзецьмі Божымі без віны між народу сапсаванага і крывадушнага, пасярод якога сьвеціце, як сьветачы ў сьвеце,

трымаючыся слова жыцця ў пахвалу маю ў дзень Хрыстоў, што я не дарма прабег і не дарма папрацаваў.
 
трымаючыся Слова жыцьця на славу маю ў дзень Хрыстовы, што я не дарма бег і не дарма працаваў.

Але калі я і ахвяруюся на ахвяру і паслугу вашай веры, цешуся і дзялюся радасцю з вамі ўсімі.
 
Але калі я і мушу праліць кроў маю на ахвяру і паслугу вашай веры, цешуся і дзялюся радасьцю з вамі ўсімі.

З гэтага і вы цешцеся і цешцеся разам са мною.
 
З гэтага і вы цешцеся і дзяліцеся радасьцю са мною.

Маю надзею ў Госпадзе Ісусе, што ў хуткім часе прышлю да вас Цімафея, каб мог быць спакойны, даведаўшыся, што ў вас.
 
Маю надзею ў Госпадзе Езусе, што ў хуткім часе прышлю да вас Цімафея, каб мог быць спакойны, даведаўшыся пра вас.

Бо нікога не маю роўнага яму душою, хто б так шчыра рупіўся пра вас.
 
Нікога бо ня маю так аднадумнага, хто б так шчыра рупіўся пра вас.

Бо ўсе аб сваім клапоцяцца, а не аб тым, што Ісуса Хрыста.
 
Усе бо шукаюць свайго, а не таго, што Езуса Хрыста.

Спрактыкаванасць яго ведаеце, бо, як сын бацьку, так ён мне служыў у дабравешчанні.
 
Спрактыкаванасьць яго ведаеце, бо, як сын бацьку, так ён мне дапамагаў у Эвангельлі.

Такога, вось, спадзяюся паслаць, як толькі даведаюся, што ў мяне.
 
Такога вось спадзяюся паслаць да вас, і хутка, як толькі ўбачу, што будзе ў мяне.

Упэўнены я таксама ў Госпадзе, што і сам неўзабаве прыбуду да вас.
 
Упэўнены я таксама ў Госпадзе, што і сам неўзабаве прыбуду да вас.

Палічыў я неабходным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, і супрацоўніка, і супольніка змагання майго, вашага ж пасланца і дапаможцу ў маёй патрэбе,
 
Палічыў я неабходным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, і супрацоўніка, і супольніка змаганьня майго, вашага ж пасланца і дапаможцу ў маёй патрэбе,

бо ён тужыў па вас усіх і быў засмучаны, што вы чулі пра яго хваробу.
 
бо ён тужыў па вас усіх і сумаваў, што вы чулі пра яго хваробу.

Бо расхварэўся ён тут аж да смерці, але Бог пашкадаваў яго, і не толькі яго, але, па праўдзе, і мяне, каб я не меў смутку да смутку.
 
Бо расхварэўся ён тут аж да сьмерці, але Бог пашкадаваў яго, і ня толькі яго, але, па праўдзе, і мяне, каб я ня меў бяды на бядзе.

Дык я паслаў яго хутчэй, каб, убачыўшы яго, ізноў вы цешыліся і каб я не сумаваў.
 
Дык я паслаў яго хутчэй, каб, убачыўшы яго, ізноў вы цешыліся, і каб я не сумаваў.

Прыміце ж яго з усёй радасцю ў Госпадзе і майце яго ў пашане,
 
Прыміце ж яго радасна ў Госпадзе і мейце яго ў пашане,

бо ён для справы Хрыстовай блізкі быў смерці, не дбаючы пра жыццё сваё, каб выканаць тое, чаго вам не хапала ў служэнні мне.
 
бо ён для справы Хрыстовай блізкі быў сьмерці, ня дбаючы пра жыцьцё сваё, каб выканаць тое, чым вы не маглі паслужыць мне.