Дзеі 27 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Калі было вырашана плысці нам у Італію, перадалі Паўлу і разам з ім іншых вязняў Юлію, сотніку кагорты Аўгуста.
 

Селі мы на гадрамітыйскі карабель, які меў плысці каля ўзбярэжжа Азіі, і затым адплылі, а з намі быў Арыстарх, мацэдонец з Тэсалонікі.
 

На другі дзень прыплылі ў Сідон, і Юлій, які па-людску абыходзіўся з Паўлам, дазволіў яму пайсці да сяброў ды апекавацца над сабой.
 

І, калі мы выправіліся адсюль, то паплылі мы ўздоўж Кіпра, таму што былі супраціўныя вятры,
 

і пераплылі мора каля Цыліцыі і Памфіліі, ды прыбылі на караблі ў Міры, што ў Ліцыі.
 

І там сотнік знайшоў александрыйскі карабель, што плыў у Італію, і перасадзіў нас на яго.
 

І, многа дзён плывучы паволі, ледзь апынуліся насупраць Кніда з прычыны неспрыяльнага ветру, ды падплылі да Крыта каля Салмоны.
 

І, плывучы з цяжкасцю каля яго, мы дабраліся да аднаго месца, званага Добры Порт, каля якога быў горад Ласея.
 

Калі ж прайшло многа часу і плаванне сталася ўжо небяспечным, бо ўжо і пост прайшоў, Паўла перасцерагаў іх,
 

кажучы: «Людзі, я бачу, што плаванне становіцца небяспечным ды вельмі згубным не толькі для грузу і карабля, але і для нашых душ».
 

Але сотнік верыў болей стырніку і гаспадару карабля, чым таму, што казаў Паўла.
 

А як порт не надаваўся для зімоўкі, большасць параіла адплысці адтуль, спадзеючыся дабрацца неяк на зімоўку ў порт Фэнікс на Крыце, выстаўлены на паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія вятры.
 

І, калі падзьмуў паўднёвы вецер, яны, думаючы выканаць свой намер, выправіліся і паплылі ўздоўж берагоў Крыта.
 

Але хутка наляцеў на іх бурны вецер, званы эўраквілон.
 

Калі карабель быў падхоплены і не мог супрацівіцца ветру, мы здалі карабель на вецер, і нас панесла.
 

Апынуўшыся каля нейкага вострава, званага Клаўда, з цяжкасцю ўтрымалі мы лодку.
 

Калі яна была ўцягнута, то скарысталіся з дапаможных канатаў, абцягваючы карабель. І, баючыся, каб не трапіць на мялізну, спусцілі ветразь і так нас насіла.
 

А як вялікая бура кідала намі, пачалі назаўтра выкідваць груз,
 

а на трэці дзень сваімі рукамі выкінулі некаторыя прылады карабля.
 

Калі ж праз многа дзён ані сонца не паказвалася, ані зоркі, а бура шалела, знікла ўжо ўсякая надзея нашага выратавання.
 

І, калі ўжо вельмі доўга не елі, сказаў ім Паўла, стаўшы між імі: «Трэба было слухаць мяне, і не адплываць ад Крыта, і не выстаўляцца на гэтую нядолю і шкоду.
 

І цяпер раю вам не губляць настрою, бо ніхто з вас не загіне, апрача толькі карабля.
 

У гэтую ноч аб’явіўся мне анёл Бога, Якому належу ды Якому служу,
 

кажучы: “Не бойся, Паўле; трэба табе стаць перад цэзарам; і вось, Бог табе падараваў усіх, што плывуць разам з табою”.
 

Дык будзьце добрай думкі, мужы, бо веру Богу, што будзе так, як мне сказана.
 

Нас мусіць выкінуць на які-небудзь востраў».
 

А ў чатырнаццатую ноч, калі нас насіла па Адрыятыку, стала здавацца маракам каля поўначы, што падплываюць да нейкай зямлі.
 

Дык спусцілі шнур з волавам і намералі дваццаць сажняў, і, крыху адплыўшы, спусцілі і знайшлі пятнаццаць сажняў.
 

Баючыся, каб не трапіць на скалістыя месцы, кінулі з кармы чатыры якары ды чакалі досвітку.
 

Калі маракі, імкнучыся ўцячы з карабля, спусцілі лодку на мора пад выглядам, што хочуць спераду закінуць якар,
 

Паўла сказаў сотніку і жаўнерам: «Калі яны не застануцца на караблі, вы не зможаце выратавацца».
 

Тады жаўнеры парэзалі вяроўкі ад лодкі ды дазволілі ёй зваліцца ў мора.
 

Калі пачынала днець, Паўла заахвочваў усіх пасілкавацца, кажучы: «Сёння ўжо чатырнаццаты дзень, як вы чакаеце, посцячы і не маючы нічога ў вуснах.
 

Дык, прашу вас, пасілкуйцеся. Гэта прычыніцца да вашага выратавання; бо ніводнаму з вас волас з галавы не спадзе».
 

І, калі сказаў гэта і ўзяў хлеб, падзякаваў Богу на віду ва ўсіх і, паламаўшы, пачаў есці.
 

Яны тады ўсе супакоіліся ды самі прынялі ежу.
 

А было ўсіх душ на караблі дзвесце семдзясят шэсць чалавек.
 

І, калі наеліся, аблягчылі карабель, выкідваючы пшаніцу ў мора.
 

Калі развіднела, не пазналі зямлі, заўважылі, аднак, нейкую затоку з плоскім берагам, да якой надумалі, калі магчыма, давесці карабель.
 

І паадразалі якары, і пакінулі іх у моры, і, развязаўшы стырно і распусціўшы брамсель па ветры, скіраваліся да берага.
 

Патрапілі, аднак, на мялізну і асадзілі на ёй карабель. Нос карабля ўвяз і быў нерухомы, а карма разбівалася сілаю хваль.
 

Жаўнеры ж змовіліся пазабіваць вязняў, каб хто, даплыўшы да берага, не ўцёк.
 

Але сотнік, хочучы ўхаваць Паўлу, утрымаў іх ад намеру. І тым, што ўмелі плаваць, загадаў, каб першыя кінуліся ў ваду ды выйшлі на зямлю,
 

а астатнія — хто на дошках або на частках карабля; і так усе выбраліся на зямлю.