Ёва 13 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Вось, усё гэта бачыла маё вока і чула маё вуха, і зразумеў я ўсё.
 
Вось, усё гэта бачыла вока маё, чула вуха маё і зьмеціла сабе.

Паводле вашага ведання і я ведаю; не ніжэйшы я за вас.
 
Колькі ведаеце вы, ведаю і я: я ня ніжэйшы за вас.

Але ж, аднак, я буду прамаўляць да Усемагутнага, і прагну я паразважаць з Богам;
 
Але я да Ўсяўладнага хацеў бы гаварыць і жадаў бы спаборнічаць з Богам.

а вас буду выкрываць, як завадатараў хлусні, вас усіх — як марных лекараў.
 
А вы плетуны хлусьні; усе вы бескарысныя лекары.

Хоць бы вы памаўчалі, каб было гэта вам [залічана] за мудрасць!
 
О, калі б толькі вы маўчалі! гэта было б залічана вам у мудрасьць.

Дык паслухайце скаргу маю і зважце на дамаганні маіх вуснаў.
 
Выслухайце ж разважаньні мае і ўдумайцеся ў пярэчаньне вуснаў маіх.

Няўжо дзеля Бога вы гаворыце няпраўду і дзеля Яго прамаўляеце хітрыя словы?
 
Ці трэба было вам дзеля Бога гаварыць няпраўду і дзеля Яго гаварыць ману?

Няўжо вы запабягаеце перад Ім і спрабуеце замест Бога выступаць у судзе?
 
Ці трэба было вам быць заўгодным Яму і за Бога так спрачацца?

Ці добра, калі Ён вас адкіне? Ці пакпіце вы з Яго, як кпяць з чалавека?
 
Ці добра будзе, калі Ён выпрабуе вас? Ці ашукаеце Яго, як ашукваюць чалавека?

Ён вас будзе выкрываць, калі будзеце патаемна глядзець на аблічча.
 
Строга пакарае Ён вас, хоць вы і патайна крывадушнічаеце.

Няўжо веліч Яго не ўсхвалюе вас і павага да Яго не агорне вас?
 
Няўжо веліч Ягоная не палохае вас, і страх Ягоны не нападае на вас?

Меркаванні вашы — гэта выслоўі з попелу; браня ваша — браня гліняная.
 
Напаміны вашыя падобныя на попел, апоры вашыя — апоры гліняныя.

Памаўчыце крыху, каб я гаварыў, і хай што-колечы на мяне прыйдзе.
 
Замоўкніце перад мною, і я буду гаварыць, што б ні напаткала мяне.

Навошта мне кусаць цела сваё зубамі сваімі і душу сваю трымаць рукамі сваімі?
 
Навошта мне турзаць цела маё зубамі маімі і душу маю класьці ў руку маю?

Нават калі Ён заб’е мяне, я буду ўскладаць надзею на Яго; аднак жа сцверджу перад абліччам Яго шляхі мае.
 
Вось, Ён забівае мяне, але я буду спадзявацца; я хацеў бы толькі адстояць шляхі мае прад абліччам Ягоным!

І гэта будзе збаўленне маё, бо ніводзін бязбожнік не з’явіцца перад абліччам Яго.
 
І гэта ўжо ў апраўданьне мне, таму што крывадушнік ня пойдзе прад аблічча Ягонае!

Слухайце словы мае і ўспрымайце вушамі сваімі тлумачэнне маё.
 
Выслухайце ж уважліва слова маё і тлумачэньне маё вушамі вашымі.

Вось, наладзіў я суд; ведаю, што мяне знойдуць справядлівым.
 
Вось, я завёў судовую справу: ведаю, што праўда мая.

Хто ёсць, хто б паспрачаўся са мной? Тады я замаўчу і скончу жыццё.
 
Хто здольны аспрэчыць мяне? Бо я неўзабаве замоўкну і выпушчу дух.

Дзвюх толькі рэчаў не рабі мне, і тады я не буду хавацца ад Твайго аблічча:
 
Дваяка толькі не рабі са мною, і тады я ня буду хавацца ад аблічча Твайго:

прымі руку Сваю далей ад мяне і жах Твой хай мяне не палохае.
 
адвядзі ад мяне руку Тваю, і жах Твой хай не трасе мяне.

Пакліч мяне, і я адкажу Табе; або я буду гаварыць, а Ты мне адкажаш.
 
Тады кліч, і я буду адказваць, альбо буду гаварыць я, а Ты адказвай мне.

Якія правіннасці і грахі я маю? Пакажы мне мае ліхадзействы і злачынствы.
 
Колькі ў мяне заганаў і грахоў? пакажы мне беззаконьне маё і грэх мой.

Чаму Ты хаваеш Сваё аблічча і лічыш мяне ворагам Сваім?
 
Навошта хаваеш аблічча Тваё і лічыш мяне ворагам Тваім?

Ты сурова абыходзішся з лістком, што сарваны ветрам, і пераследуеш сухую саломінку.
 
Ці не сарваную лісьцінку Ты расьціраеш і ці ня сухую саломіну перасьледуеш?

Бо Ты пішаш на мяне ўсякія горычы і хочаш апанаваць мяне грахамі маладосці маёй.
 
Бо Ты пішаш на мяне горкае і залічваеш мне грахі маладосьці маёй,

Ты закаваў у кайданы ногі мае, і пільна сочыш за ўсімі сцежкамі маімі, і прыглядаешся да слядоў ног маіх.
 
і ставіш у калодку ногі і прасочваеш усе сьцежкі мае, — гонішся па сьлядах ног маіх.

І я спарахнею, як бурдзюк і як адзенне, што паточана моллю.
 
А ён, як цьвіль, распадаецца, як вопратка, сточаная мольлю.