Ёва 8 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

У адказ Балдад Сугіт сказаў:
 
І адказваў Вілдад Саўхэянін і сказаў:

«Як доўга ты будзеш так гаварыць? А словы вуснаў тваіх — вецер навальнічны!
 
ці доўга ты будзеш гаварыць так? — словы вуснаў тваіх бурны вецер!

Ці ж Бог скажае прысуд або Усемагутны перакручвае тое, што справядліва?
 
Няўжо Бог скажае суд, і Ўсеўладны ператварае праўду!

І, калі сыны твае зграшылі супраць Яго і пакінуў Ён іх у руцэ правіннасці іх,
 
Калі сыны твае зграшылі прад Ім, дык Ён і аддаў іх у руку беззаконьня іхняга.

ты, калі на світанні ўздымешся да Бога і будзеш маліцца Усемагутнаму,
 
Калі ж ты знойдзеш Бога і памолішся Ўсеўладнаму,

калі падыдзеш [да Яго] чысты і справядлівы, зараз устане Ён да цябе і дасць супакойнае жытло справядлівасці тваёй;
 
і калі ты чысты і з праўдаю, дык Ён сёньня ж устане над табою і замірыць жытлішча праўды тваёй.

настолькі, што, калі пачаткі твае былі малыя, то рэшткі твае памножацца значна.
 
І калі спачатку ў цябе было мала, дык з часам будзе досыць многа.

Спытай у даўнейшага пакалення і спасцігні глыбока ўспаміны бацькоў.
 
Бо спытайся ў ранейшых родаў і паглыбіся ў назіраньні бацькоў іхніх;

Мы — учарашнія і нічога не ведаем, бо дні нашыя на зямлі, быццам цень.
 
а мы — учарашнія і нічога ня ведаем, бо нашыя дні на зямлі — цень.

Хіба ж яны не навучаць цябе, не пагавораць з табою і ад шчырага сэрца не прамовяць слова?
 
Вось, яны цябе навучаць, скажуць табе і ад сэрца свайго вымавяць словы:

Ці ж можа зелянець трыснёг без вільгаці або чарот расці без вады?
 
ці падымаецца трысьнёг бязь вільгаці? ці расьце чарот без вады?

Нават калі ён у квецені і не вырываецца рукою, то засыхае раней за ўсе травы.
 
Яшчэ ён у сьвежасьці сваёй і ня зрэзаны, а раней за ўсякую траву засыхае.

Такія дарогі ўсіх, што забываюцца пра Бога, і надзея бязбожнага загіне.
 
Такія шляхі ўсіх, што забываюць Бога, і надзея крывадушніка загіне;

Спадзяванне яго — тонкая нітка, а надзея яго — быццам павуцінне.
 
спадзяваньне ягонае падсечана, і ўпэўненасьць ягоная — дом павука.

Абапрэцца ён на дом свой, але той не ўстаіць, падапрэ яго, але ён не ўздымецца.
 
Абапрэцца на дом свой і ня ўстоіць; ухопіцца за яго і не ўтрымаецца.

Здаецца ён вільготным да таго, як узыдзе сонца, і ў садзе яго праб’ецца парастак яго;
 
Зелянее ён перад сонцам, а за сад прасьціраецца гольле ягонае;

на кучы камянёў скопяцца карані яго, і застанецца жыць ён сярод камянёў.
 
у крушню ўплятаюцца карані ягоныя, паміж камянямі ўрэзваюцца.

Калі выкараняць яго з месца яго, яно адмовіцца ад яго і скажа: “Не ведаю цябе”.
 
Але калі вырвуць яго зь месца ягонага, яно адмовіцца ад яго: я ня бачыла цябе!

Гэта вось радасць дарогі яго, каб ізноў з зямлі вырасталі іншыя.
 
Вось радасьць шляху ягонага! а зь зямлі вырастуць іншыя.

Бог не адкіне шчырага і не падасць рукі ліхадзеям,
 
Бачыш, Бог не адкідае беззаганнага і не падтрымлівае рук ліхадзеяў.

яшчэ напоўняцца вусны твае смехам і рот твой — радасным ускліканнем.
 
Ён яшчэ напоўніць сьмехам вусны твае і губы твае радасным клікам.

Тыя, што ненавідзяць цябе, агорнуцца сорамам, і не выстаіць палатка бязбожных».
 
Ненавісьнікі твае апрануцца ў сорам, і намёту бязбожных ня стане.