Ёва 27 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І дадаў Ёў, прцягваючы прыпавесць сваю, і сказаў:
 
І гаварыў далей Ёў сваё ўзьнёслае слова і сказаў:

«Жыве Бог, Які пазбавіў мяне суда, і Усемагутны, Які прывёў да горычы душу маю,
 
жывы Бог, Які пазбавіў мяне суду, і Ўсемагутны, Які засмуціў душу маю,

бо, пакуль яшчэ трывае дыханне ўва мне і [пакуль] Дух Божы — у ноздрах маіх,
 
што, пакуль яшчэ дыханьне маё ўва мне і дух Божы ў ноздрах маіх,

не скажуць вусны мае несправядлівасці і язык мой не будзе гаварыць хлусні!
 
ня скажуць вусны мае няпраўды, і язык мой ня вымавіць ілжы!

Барані, Божа, каб я лічыў вас справядлівымі; пакуль не памру, не адступлюся ад сваёй невінаватасці.
 
Я далёкі ад таго, каб прызнаць вас справядлівымі; пакуль не памру, не саступлю беззаганнасьці маёй.

Апраўдання свайго, якога пачаў я трымацца, не адкіну, не асуджае мяне сэрца маё за цэлае жыццё маё.
 
Моцна трымаў я праўду маю і ня ўпушчу яе; не папракне мяне сэрца маё праз усе дні мае.

Непрыяцель мой хай будзе, як бязбожнік, і праціўнік мой — як злачынца.
 
Вораг мой будзе, як бязбожнік, і паўсталы супроць мяне, як беззаконьнік.

Якая ж надзея бязбожніка, калі сцінае, калі забірае Бог душу яго?
 
Бо якая надзея крывадушніку, калі возьме, калі вырве Бог душу ягоную?

Ці выслухае Бог крык яго, калі прыйдзе да яго бяда?
 
Ці пачуе Бог лямант ягоны, калі прыйдзе на яго бяда?

Ці зможа ён цешыцца Усемагутным і прызываць Бога ўвесь час?
 
Ці будзе ён суцяшацца Ўсемагутным і заклікаць Бога ў любы час?

Я апавяшчу вам пра руку Божую, нічога не буду ўтойваць з таго, што мае Усемагутны.
 
Абвяшчу вам, што ў руцэ Божай; што ва Ўсемагутнага, ня ўтою.

Вось жа, вы ўсё гэта бачылі, дык нашто пустая гаворка без прычыны?
 
Вось, усе вы і самыя бачылі; і навошта вы столькі пустасловіце?

Такая вось доля грэшнага чалавека ў Бога і спадчына крыўдзіцеляў, якую атрымаюць ад Усемагутнага.
 
Вось доля чалавеку беззаконнаму ад Бога, і спадчына, якую атрымліваюць ад Усеўладнага прыгнятальнікі.

Калі размножацца сыны яго, пад мечам будуць, і нашчадкі яго не насыцяцца хлебам.
 
Калі памнажаюцца сыны ягоныя, дык пад меч; і нашчадкі яго не насыцяцца хлебам.

Тыя, што застануцца ад яго, будуць пахаваныя ў згубе, і ўдовы яго не будуць плакаць.
 
Тых, што засталіся пасьля яго, сьмерць зьвядзе ў магілу, і ўдовы іхнія ня будуць плакаць.

Калі наносіць ён срэбра, як пяску, і нарыхтуе адзення, як гліны,
 
Калі ён набярэ кучы срэбра, як пылу, і нарыхтуе вопраткі, як гразі,

ён, сапраўды, прыгатуе, але апранецца ў іх справядлівы, і срэбра падзеліць бязгрэшны.
 
дык ён нарыхтуе, а апранацца будзе праведнік, і срэбра атрымае сабе ў долю беспахібнік.

Пабудаваў ён, як павук, дом сабе і, як вартаўнік, зрабіў сабе шалаш.
 
Ён будуе, як моль, дом свой і, як вартаўнік, робіць сабе будан;

Багаты, калі засне, нічога з сабой не забярэ; расплюшчыць ён вочы свае і нічога не знойдзе.
 
кладзецца спаць багатым і такім не ўстае; расплюшчвае вочы свае, і ён ужо ня той.

Ахопіць яго нястача, як вада, ноччу прыцісне яго навальніца.
 
Як воды, спасьцігнуць яго жахі; уначы падхопіць яго бура.

Падхопіць яго вецер гарачы і панясе, ды, быццам віхура, сарве яго з месца яго.
 
Падыме яго ўсходні вецер і панясе, і ён порстка пабяжыць ад яго.

Ён нашле ўсё гэта на яго і не пашкадуе; і будзе ўцякаць, каб уцячы з рукі Яго.
 
Памкнецца на яго і не пашкадуе, як бы ён ні высільваўся, каб уцячы ад рукі ягонай.

Будзе пляскаць над ім Сваімі рукамі і асвішча яго са Свайго месца.
 
Пляснуць па ім рукамі і пасьвішчуць над ім зь месца ягонага!