Ёва 39 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Ці ведаеш ты час народзін дзікіх коз у скалах, або сачыў за родамі ланей?
 
Ці ведаеш ты час, калі нараджаюць дзікія козы на скалах, і ці заўважаў роды казуль?

Ці лічыш ты месяцы цяжарнасці іх або ведаеш час іх нараджэння?
 
Ці можаш разьлічыць месяцы цяжарнасьці іхняй? і ці ведаеш час родаў іхніх?

Выгінаюцца яны дзеля плода і выпускаюць плод свой на святло.
 
Яны згінаюцца, нараджаючы дзяцей сваіх, выкідваючы свае ношы;

Іх дзеці набіраюць сілы і растуць у полі, і выходзяць, і не вяртаюцца да іх.
 
дзеці іхнія ўбіраюцца ў сілу, растуць на полі, сыходзяць і не вяртаюцца да іх.

Хто пусціў дзікага асла на свабоду, і хто развязаў путы яго?
 
Хто пусьціў дзікага асла на волю, і хто разьвязаў повязі кулану,

Я даў яму дом на пустыні, і на салёнай зямлі — жытло яго.
 
якому стэп Я прызначыў домам і саланчакі — жытлішчам?

Ён пагарджае гармідарам горада і не чуе крыку паганятага,
 
Ён сьмяецца з гарадскога шматлюдства і ня чуе крыкаў паганятага,

выведвае ён горы выгану свайго і шукае ўсякую зеляніну.
 
па горах шукае ежы сабе і ганяецца за ўсякаю зелянінаю.

Ці захоча дзікі бык служыць табе або ці пераначуе ён пры яслях тваіх?
 
Ці захоча аднарог служыць табе і ці заначуе каля ясьляў тваіх?

Ці можаш прывязаць дзікага быка вяроўкаю сваёй дзеля ўзорвання або ці стане ён рассякаць глебу лагчын за табою?
 
Ці можаш вяроўкаю прывязаць аднарога да баразны, і ці будзе ён за табою баранаваць тваё поле?

Ці ты паверыш у вялікую сілу яго і даручыш яму работу сваю?
 
Ці паспадзяваешся на яго, таму што ў яго вялікая сіла, і ці дасі яму працу тваю?

Ці паверыш яму, што ён вернецца і збярэ зерне тваё на ток?
 
Ці паверыш яму, што ён насеньне тваё верне і складзе на гумно тваё?

Ці ты даў прывабныя крылы паўліну ды пер’я і пух страусу?
 
Ці ты даў прыгожыя крылы паве і пер’е і пух страўсу?

Калі ён пакідае яйкі свае на зямлі, яны грэюцца ў пяску,
 
Ён пакідае яйкі свае на зямлі і на пяску грэе іх,

забываецца ён, што можа нага іх стаптаць або дзікі звер струшчыць.
 
і забывае, што нага можа раздушыць іх і польны зьвер можа растаптаць іх;

Не чулы ён да дзяцей сваіх, быццам яны не яго, і не трывожыцца аніякім страхам, дарэмна працуючы,
 
ён жорсткі да дзяцей сваіх, як бы не да сваіх, і не баіцца, што праца ягоная будзе марная,

бо пазбавіў яго Бог мудрасці і не даў яму розуму.
 
таму што Бог ня даў яму мудрасьці і не ўдзяліў яму глузду;

А калі прыйдзе час і падыме ён крылы дагары, тады смяяцца будзе з каня ды яго вершніка.
 
а калі падымаецца на вышыню, сьмяецца з каня і вершніка ягонага.

Ці ты даў каню сілу або ці ты ахінуў шыю яго грывай?
 
Ці ты даў каню сілу і апрануў шыю ягоную ў грыву?

Ці ты ўзрушыш яго, як саранчу? Іржанне яго — страх.
 
Ці можаш ты спалохаць яго, як саранчу? Храп ноздраў ягоных — жудасьць;

Рые ён зямлю капытом, скача смела насустрач зброі.
 
капае нагамі зямлю і захапляецца сілаю; ідзе насустрач зброі;

Пагарджае ён страхам, не палохаецца, і не саступае мечу.
 
ён сьмяецца зь небясьпекі і не палохаецца і не адварочваецца ад меча;

Загучыць над ім калчан, заблішчыць дзіда і шчыт,
 
калчан гучыць над ім, бліскае кап’ё і дзіда;

палаючы, з фырканнем глытае ён зямлю і не спыняецца, калі загучыць гранне трубы.
 
у парыве і лютасьці ён глытае зямлю і ня можа стаяць пры гуку трубы;

Калі пачуе ён трубу, іржэ: “І-га-га!”, і здалёк чуе ён бой, воклічы ваяводаў і голас.
 
пры трубным гуку ён падае голас: гу! гу! і здалёк чуе бітву, зычныя галасы правадыроў і крык.

Ці па тваёй мудрасці лётае ястраб і накіроўвае крылы свае на поўдзень?
 
Ці тваёю мудрасьцю лётае каршук і кіруе крылы свае на поўдзень?

Ці па тваім загадзе падымецца арол і на недасяжных месцах будзе ладзіць гняздо сваё?
 
Ці па тваім слове ўзносіцца арол і кладзе на вышыні гняздо сваё?

Ён жыве на скалах і начуе на скрытых камянях і на непрыступных скалах.
 
Ён жыве на скале і начуе на зубцы ўцёсаў і на месцах недаступных;

Адтуль выследжвае ён сабе пажыву і вочы яго бачаць здалёк.
 
адтуль выглядвае сабе ежу: вочы яго глядзяць далёка;

Птушаняты яго будуць піць кроў, і дзе толькі з’явіцца труп, там і ён».
 
птушаняты ягоныя п’юць кроў, і дзе труп, там і ён.

І прамовіў Госпад Ёву ў адказ:
 
І гаварыў Гасподзь далей і сказаў Ёву:

«Ці спрачаецца супраціўнік з Усемагутным? Хто вінаваціць Бога, павінен адказаць на гэтыя пытанні».
 
ці будзе спаборнік з Усеўладным яшчэ вучыць? Выкрывальнік Бога хай адказвае Яму.

Ёў жа адказаў Госпаду:
 
І адказваў Ёў Госпаду, і сказаў:

«Вось, я неразумна гаварыў, што магу Табе адказаць? Я кладу руку сваю на вусны свае.
 
вось, я нікчэмны; што буду я адказваць Табе? Руку маю кладу на вусны мае.

Раз я гаварыў — і гэтага не паўтару, і другі раз, але да гэтага нічога не дадам».
 
Аднойчы я казаў, — цяпер адказваць ня буду, нават двойчы, але болей ня буду.