1 да Карынфянаў 14 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Імкніцеся да любові, клапаціцеся аб духоўным, асабліва аб дары прароцтва.
 
Спаганяйце любоў, рупцеся пра духовыя дары, асабліва пра дар праракаваньня.

Хто гаворыць мовамі, той гаворыць не людзям, а Богу. Ніхто не разумее яго, бо ён пра таямнічае гаворыць.
 
Хто гаворыць, ня людзям гаворыць, але Богу (па майму — той, хто гаворыць, не ад імя людзей гаворыць, але ад Бога). Ніхто бо ня чуе яго, (не разумее) бо ён пад дзеяньнем Духа разказвае тайны.

А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаванне, напамін і суцяшэнне.
 
Той, хто праракуе, пракуе людзям; на настаўленьне, або для заахвоты або для пацяшэньня.

Хто гаворыць мовамі, будуе сябе, а хто прарочыць, будуе Касцёл.
 
Хто гаворыць языком — самога сябе настаўляе, а хто праракуе — супольнасьць хрысьціянскую (касьцёл) фармуе.

Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але лепш, каб вы прарочылі, бо большы той, хто прарочыць, чым той, хто гаворыць мовамі, хіба што ён будзе тлумачыць дзеля будавання Касцёла.
 
Хачу, каб вы ўсе гаварылі — зналі мовы, але лепш, каб праракавалі. Важней бо праракаваць як знаць мовы, хіба што тлумачыў бы, каб сабраньне (касьцёл) хрысьціян атрымала павучэньне.

Цяпер, калі я прыйду да вас, браты, гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысць, калі не буду прамаўляць да вас праз аб’яўленне, пазнанне, прароцтва і навучанне?
 
Што вам, браты, з таго, каб я прыйшоў бы да вас і знаў мовы, што вам памагло б, хіба што буду гаварыць да вас, аб'яўляючы штосьці, або павучаючы, або праракуючы, або цікавячы вас навукай.

Бо і бяздушныя інструменты, ці то жалейка, ці гуслі, калі не даюць адметных гукаў, то як распазнаць, што іграюць на жалейцы ці на гуслях?
 
Падобна бывае з мёртвымі (бяздушнымі) і нетрумэнтамі, каторыя звучаць; ці то жалейка, ці то гуслі: калі яны не падавалі выразных звукаў, як можна тады разрозьніць, ці гэта звук жалейкі, ці гусляў?

І калі труба будзе выдаваць невыразны гук, хто пачне рыхтавацца да бою?
 
Калі б гэтак сурма (труба) падасьць невыразны звук, дык хто будзе шыкавацца да бою?

Так і вы, калі языком вымаўляеце незразумелыя словы, як зразумеюць, што вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на вецер.
 
Так маецца справа з вамі. Калі вы будзеце знаць мовы, але не выразна вымаўляць словы, дык хто ж можа зразумець, што вы гаворыце? Такая гаворка на вецер!

Несумненна, ёсць шмат разнастайных моў на свеце, і няма ніводнай без значэння.
 
Хто знае колікі розных моў на сьвеце? Але кожная мае значэньне, важнасьць.

Калі я не разумею сэнсу мовы, то буду чужынцам таму, хто гаворыць, і для мяне той, хто гаворыць, чужынец.
 
Калі я аднак ня буду разумець, што слова значыць, буду для прамоўцы дзікаром, а прамоўца для мяне будзе дзікаром.

Так і вы, калі рупіцеся аб духоўных дарах, старайцеся ўзрастаць у іх дзеля будавання Касцёла.
 
Таксама і вы, калі дбала шукаеце дароў Духа, дык узбагачайцеся імі для пабудовы хрысьціянскай супольнасьці (абшчыны, касьцёла).

Таму той, хто гаворыць мовамі, няхай моліцца, каб умеў тлумачыць.
 
Дык калі хто карыстаецца з дару моваў, хай моліцца, каб змоў (праўды Божыя) выясьніць.

Бо калі я малюся на мовах, то дух мой моліцца, але розум мой застаецца бясплодным.
 
Калі бо я малюся дзякуючы дару моваў, дух мой моліцца, але розум ня мае карысьці (нядзейнічыць).

Што ж рабіць? Буду маліцца духам і буду маліцца розумам, буду спяваць духам і буду спяваць розумам.
 
Дык што рабіць? Буду маліцца духам але і таксама розумам; буду сьпяваць духам, буду такжа спяваць розумам (зразумела).

Бо калі ты будзеш благаслаўляць у духу, то як неўтаямнічаны скажа «амэн» на тваё дзякаванне, калі не ведае, што кажаш?
 
Дарэчы, калі ты будзеш багаславіць духам (у духу), як жа на тваё багаславеньне адкажа: "Амэн" хтосьці пастароньні, каторы не разумее, што ты гаворыш?

Ты хораша дзякуеш, але не будуеш другога.
 
Ты, праўда, прыгожа падзяку складаеш, але іншы ня мае карысьці.

Дзякую Богу, што больш за ўсіх вас гавару мовамі,
 
Дзякую Богу, што я з вас усіх найлепш валадаю мовамі.

але ў Касцёле хачу сказаць лепш пяць слоў маім розумам, каб і другіх навучыць, чым дзесяць тысяч слоў на мовах.
 
Усё ж такі на сабраньні хрысьціян (касьцёле) ахватней скажу пяць слоў сваім розумам (зразумела, абдумана), каб павучыць іншых, нячым дзесяць тысяч слоў па (дары) знаньню моваў (незразумела).

Браты, не будзьце дзецьмі ў думках, але будзьце дзецьмі для зла, а ў думках будзьце сталымі.
 
Браты! Ня будзьце дзецьмі неразумнымі, але будзьце немоўлямі адносна зла, а розумам будзьце дарослымі.

У Законе напісана: «Іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць да народу гэтага, але і тады не паслухаюць Мяне», — кажа Пан.
 
У Законе напісана: "Буду прамаўляць да гэтага народу чужымі мовамі і іншымі вуснамі але яны і тады не паслухаюць Мяне" кажа Госпад.

Так што мовы з’яўляюцца знакам не для веруючых, але для няверуючых; прароцтва ж не для няверуючых, але для веруючых.
 
Дык вось дар моваў ёсьць знакам не для веручых, але для паганаў; прароцтва жа не для паганаў, але для веручых.

Калі б увесь Касцёл сабраўся разам, і ўсе пачалі гаварыць мовамі, то калі ўвойдуць неўтаямнічаныя ці няверуючыя, ці не скажуць яны, што вы вар’яты?
 
Дык калі сабярэцца ўвесь сход (касьцёл), сабраньне (збор) хрысьціянаў, ды ўсе пачнуць карыстацца дарам моваў, а ў той час увойдуць простыя людзі поруч паганы, ці ж ня скажуць, што вы выдураецеся?

Калі б усе прарочылі, і ўвайшоў бы няверуючы ці неўтаямнічаны, то ўсімі ён будзе дакараны, усімі асуджаны,
 
А калі ўсё ж праракуюць, а ў той час прыйдзе якісь паганец аба просты чалавек, дык будзе ён усімі перасьцярэжаны ды асуджаны.

і выявяцца тайны яго сэрца, і ён, упаўшы на твар, паклоніцца Богу, кажучы: «Сапраўды, з вамі Бог!»
 
Тайнікі яго сэрца адкрыюцца, затым ён паўшы на твар (вобліч), паклоніцца Богу, прызнаючы: "Сапраўды Бог з вамі!"

Што ж рабіць, браты? Калі вы збіраецеся разам, то кожны ці спявае, ці навучае, ці мае аб’яўленне, ці мову, ці тлумачэнне — усё гэтае няхай будзе на будаванне.
 
Дык што ж, браты? Калі зьбіраецеся разам (збор), кожны з вас мае або дар сьпяваньня гімнаў, або дар навучання, або дар аб'яваў будучага, або дар моваў, або выясненьня: усё гэта хай памагае на пабудову хрысьціянскае супольнасьці.

Калі хто гаворыць мовамі, гаварыце па двое, ці найбольш па трое, ды па чарзе, а тлумачыць няхай адзін.
 
Калі хто мае дар моваў, дык гавораць па чарзе двух, найбольш трох, а адзін хай тлумачыць.

Калі ж няма таго, хто тлумачыць, няхай у Касцёле маўчаць. Няхай гавораць сабе і Богу.
 
Калі б не было перакладчыка, ды хай гавораць на сходзе, але хай сам сабе і Богу.

І прарокі няхай гавораць па двое ці па трое, іншыя няхай разважаюць.
 
Прарокі хай прамаўляюць па двух, або па трох, іншыя ж хай гэта выясьняюць (разглядаюць).

Калі ж другому з седзячых будзе дадзена аб’яўленне, то першы няхай маўчыць.
 
Калі ж каму іншаму з седзячых дасца аб'яўленьне, дык хай першы замоўкне.

Бо ўсе паасобку можаце прарочыць, каб усе вучыліся і ўсе заахвочаныя былі суцешаныя.
 
Такім спосабам можаце праракаваць усе — адзін па другім, каб усе былі павучаны і абадзёраны на духу.

Нават духі прарочыя падпарадкаваныя прарокам,
 
Духовыя ж дары прарокаў паслухмяныя прарокам.

таму што Бог не з’яўляецца Богам бязладдзя, але спакою. Як ёсць ва ўсіх Касцёлах паміж святымі,
 
Бо Бог — ня Бог разрухі але супакою. Як гэта адбываецца на ўсіх сьвятых сабраньнях (касьцёлах).

жанчыны ў Касцёлах няхай маўчаць, бо не дазволена ім гаварыць, але няхай будуць падпарадкаваныя, як і кажа Закон.
 
Жанчыны на гэтых сабраньнях павінны маўчаць, бо не пазваляецца ім гаварыць, бо яны падчынены, як Закон загадвае.

Калі хочуць чаму навучыцца, няхай пытаюцца дома ў сваіх мужоў, бо сорамна жанчыне гаварыць у Касцёле.
 
Калі хочуць чагосьці навучыцца, хай пытаюцца ў мужоў сваіх дома. Нельга жанчыне прамаўляць на сабраньні.

Ці ад вас выйшла слова Божае, або ці да вас адных дайшло?
 
Ці ж ад вас выйшла Слова Божае? Або ці да вас толькі прыйшло?

Калі хто лічыць, што ён прарок ці мае іншы духоўны дар, няхай прызнае, што тое, пра што я пішу вам, — гэта запаведзь Пана.
 
Калі каму кажацца, што ён прарок, або што мае духовыя дары, дык хай ведае, што гэта, што вам пішу — гэта загад Госпадаў.

Хто гэтага не прызнае, сам будзе непрызнаны.
 
А калі б хто гэтага не прызнаў, ён сам ня будзе прызнаны.

Таму, браты мае, старайцеся прарочыць і не забараняйце гаварыць мовамі.
 
Так вось, браты мае, рупцеся пра дар праракаваньня, ды не бараніце карыстацца з дару моваў.

Няхай усё адбываецца прыстойна і згодна з парадкам.
 
Ды хай усё адбываецца дастойна і парадкам.