1 да Фесаланікійцаў 5 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Пра часы і пэўную пару няма патрэбы пісаць вам, браты,
 
Пра час і пару, браты, няма патрэбы вам пісаць,

бо вы самі дакладна ведаеце, што дзень Пана прыйдзе, як злодзей уначы.
 
бо самі добра ведаеце, што дзень Госпадаў прыйдзе, як злодзей уначы, так ён прыйдзе.

Калі будуць гаварыць: «Спакой і бяспека», тады неспадзяваная пагібель сустрэне іх, быццам пакуты парадзіху, і яны не ўцякуць.
 
Бо калі скажуць: «Супакой і бяспека», тады раптам прыйдзе на іх загуба, як боль на цяжарную, і не ўцякуць.

Вы ж, браты, не ў цемры, каб гэты дзень застаў вас, як злодзей.
 
Вы ж, браты, не ў цемры, каб дзень той захапіў вас, як злодзей,

Вы ўсе сыны святла і сыны дня. Мы не належым ні да ночы, ні да цемры.
 
бо ўсе вы — сыны святла і сыны дня. Мы не належым ані ночы, ані цемры.

Дык не будзем жа спаць, як астатнія, але чувайма і будзьма цвярозымі.
 
Дык не будзем спаць, як іншыя, але будзем чуваць і будзем цвярозымі.

Тыя, што спяць, ноччу спяць, і тыя, што п’юць, ноччу п’яныя.
 
Бо тыя, што спяць, ноччу спяць, і тыя, што п’юць, ноччу п’яныя.

Мы ж, якія належым дню, будзьма цвярозымі, адзеўшы панцыр веры і любові, і як шлем — надзею збаўлення.
 
Мы ж, якія належым дню, будзем цвярозымі, адзетымі ў панцыр веры і любові і ў шалом надзеі збаўлення.

Таму што Бог прызначыў нас не для гневу, але для атрымання збаўлення праз нашага Пана Езуса Хрыста,
 
Бо не прызначыў нас Бог на гнеў, але на атрыманне збаўлення праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,

які памёр за нас, каб мы, ці чуваем, ці спім, жылі разам з Ім.
 
Які памёр за нас, каб мы, ці чуваем, ці спім, жылі з Ім заўсёды.

Таму заахвочвайце сябе ўзаемна і настаўляйце адзін аднаго, як вы і робіце.
 
Таму пацяшайце адзін аднаго і падтрымоўвайце ўзаемна, як вы і робіце.

Просім вас, браты, паважаць тых, хто працуе сярод вас і кіруе вамі ў Пану ды навучае вас.
 
Просім вас, браты, каб паважалі тых, якія працуюць у вас і кіруюць вамі ў Госпадзе ды навучаюць вас,

Любіце іх больш дзеля іхняй працы. Жывіце ў згодзе між сабою.
 
каб больш любілі іх дзеля працы іхняй. Жывіце ў згодзе між сабою.

Просім вас, браты: настаўляйце свавольных, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх.
 
Просім вас, браты: спыняйце свавольных, пацяшайце маладушных, апякуйцеся над хворымі, будзьце цярплівымі да ўсіх.

Глядзіце, нікому злом за зло не адплачвайце, але рабіце заўсёды дабро адзін аднаму і ўсім.
 
Глядзіце, каб нікому ліхам за ліха не адгаджаць, але імкніцеся заўсёды да дабра, як адзін для аднаго, так і для ўсіх.

Заўсёды радуйцеся,
 
Заўжды радуйцеся,

няспынна маліцеся.
 
несупынна маліцеся,

За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас воля Божая ў Езусе Хрысце.
 
за ўсё дзякуйце; бо такая ёсць воля Божая ў Ісусе Хрысце для вас.

Духа не гасіце,
 
Духа не гасіце,

прароцтвамі не пагарджайце.
 
прароцтвамі не пагарджайце,

Усё правярайце, трымайцеся добрага.
 
усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся.

Устрымлівайцеся ад усялякага зла.
 
Высцерагайцеся усякага роду зла.

Сам Бог спакою няхай асвяціць вас цалкам, няхай увесь дух ваш, і душа, і цела захаваюцца беззаганнымі на прыйсце Пана нашага Езуса Хрыста.
 
Хай жа Сам Бог супакою ўсвячае вас ва ўсім, каб дух ваш, і душа, і цела захаваліся беззаганнымі на прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Верны той, хто вас кліча, які і здзейсніць гэта.
 
Верны Той, Які паклікаў вас, Які зробіць [гэта].

Браты, маліцеся за нас.
 
Браты, маліцеся за нас.

Прывітайце ўсіх братоў святым пацалункам.
 
Прывітайце ўсіх братоў пацалункам святым.

Прашу вас у Пану, каб гэтае пасланне было прачытана ўсім братам.
 
Запрысягаю вас Госпадам, каб гэты ліст быў прачытаны ўсім братам.

Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з вамі.
 
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.