Мацьвея 2 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012
Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу,
Калі ж нарадзіўся Ісус у Бэтлехэме Юдэйскім, у дні цара Ірада, вось прыбылі магі з Усходу ў Ерузалім,
кажучы: «Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму».
кажучы: «Дзе той цар Юдэйскі, што нарадзіўся? Бо мы бачылі зорку Яго на Усходзе ды прыбылі пакланіцца Яму».
Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем з ім.
І, пачуўшы гэта, цар Ірад устрывожыўся, і ўвесь Ерузалім з ім.
Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе мае нарадзіцца Хрыстус.
Ды, сабраўшы ўсіх першасвятароў і кніжнікаў народных, выпытваў ад іх, дзе меў Хрыстос нарадзіцца.
Яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:
А яны яму сказалі: «У Бэтлехэме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:
“І ты, Бэтлеем, зямля Юды,нічым не меншы сярод гарадоў Юды,бо з цябе выйдзе Правадыр,які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля”».
“І ты, Бэтлехэм, зямля Юдава, ніякім чынамне меншая між княствамі Юдавымі, бо з цябе для Мяне выйдзе Правадыр, Які будзе валадарыць Маім народам Ізраэлем”».
Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі.
Тады Ірад таемна паклікаў магаў і дакладна выведаў час зоркі, якая ім паказалася.
Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Ідзіце і дакладна разведайце пра Дзіця; калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму».
Ды, адпраўляючы іх у Бэтлехэм, сказаў: «Ідзіце і даведайцеся дакладна пра Дзіцятка; і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму».
Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі. А зорка, якую бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця.
Тыя, як выслухалі цара, пайшлі ў дарогу. І вось, зорка, якую яны бачылі на Усходзе, рухалася наперадзе, аж пакуль, ідучы, не спынілася ўверсе [над месцам], дзе было Дзіця.
Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся.
Убачыўшы зорку, яны вельмі ўсцешыліся.
Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра.
І, увайшоўшы ў дом, знайшлі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму. Затым, адкрыўшы скарбы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, ладан і міра.
Атрымаўшы ў сне наказ не вяртацца да Ірада, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай.
І, атрымаўшы ўва сне наказ, каб не вяртацца да Ірада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.
Калі адышлі, анёл Пана з’явіўся Юзафу ў сне і сказаў: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб загубіць Яго».
Калі яны адышлі, вось, Анёл Госпадаў з’явіўся Язэпу ўва сне, мовячы: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе. Бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб забіць Яго».
Падняўшыся, ён узяў Дзіця і Маці Яго ноччу і адправіўся ў Егіпет.
Той, абудзіўшыся, узяў уночы Дзіця і Маці Яго і ўцёк у Егіпет.
Быў там да смерці Ірада, каб збылося сказанае Панам праз прарока: «З Егіпта Я паклікаў Сына Майго».
І заставаўся там да смерці Ірада, каб збылося тое, што сказана Госпадам праз прарока, які гаворыць: «З Егіпта пазваў Я Сына Майго».
Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, вельмі разгневаўся і паслаў пазабіваць усіх хлопцаў у Бэтлееме ды ва ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і менш, паводле часу, які выведаў ад мудрацоў.
Тады Ірад, бачачы, што ён ашуканы магамі, раззлаваўся моцна і паслаў пазабіваць усіх дзяцей, што былі ў Бэтлехэме і ў яго ваколіцах ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, пра які выпытаў у магаў.
Так збылося сказанае прарокам Ераміем:
Тады збылося, што было прадказана прарокам Ярэміем, які казаў:
«Голас у Раме чутны,плач і лямант вялікі.Рахэль аплаквае дзяцей сваіхі не хоча суцешыцца, бо іх няма».
«Чуецца голас у Раме, і плач і стогн вялікі: Ракель плача па сынах сваіх і не можа суцешыцца, бо іх няма».
Калі Ірад памёр, анёл Пана з’явіўся ў сне Юзафу ў Егіпце
Калі Ірад памёр, вось, з’явіўся Анёл Госпадаў Язэпу ўва сне ў Егіпце,
і сказаў: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды ідзі ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, хто хацеў забіць Дзіця».
мовячы: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды варочайся ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, што шукалі душу Дзіцяці».
Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго і прыйшоў у зямлю Ізраэля.
Дык ён, абудзіўшыся, узяў Дзіця і Маці Яго і пайшоў у зямлю Ізраэля.
Пачуўшы, што ў Юдэі валадарыць Архелай замест яго бацькі Ірада, пабаяўся вяртацца туды. Атрымаўшы ў сне наказ, пайшоў у Галілейскую зямлю.
Пачуўшы, што ў Юдэі царуе Архелай па Ірадзе, бацьку сваім, збаяўся туды ісці і, папярэджаны ўва сне, пайшоў у ваколіцы Галілеі.
А калі прыйшоў, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае прарокамі, што Ён будзе названы Назаранінам.
А, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які завецца Назарэт, каб збылося, што сказана прарокамі: «Назарэем будзе звацца».