Мацьвея 24 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012
Выйшаўшы, Езус пайшоў ад святыні. І падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму будынкі святыні.
І, выйшаўшы, Ісус пакрочыў ад святыні, і падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму пабудовы святыні.
А Ён сказаў ім: «Ці бачыце ўсё гэта? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Хіба не бачыце вы гэта ўсё? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
Калі Ён сядзеў на Аліўнай гары, падышлі да Яго вучні асобна, кажучы: «Скажы нам, калі гэта будзе і які знак Твайго прыйсця і сканчэння свету?»
А калі Ён сядзеў на Аліўнай гары, прыйшлі вучні да Яго патаемна і пыталіся: «Скажы, калі гэта будзе, і які знак Твайго прышэсця і сканчэння веку?»
Адказваючы, Езус сказаў ім: «Глядзіце, каб хто не звёў вас.
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Глядзіце, каб хто вас не звёў.
Бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы: “Я — Хрыстус”, і многіх звядуць.
Бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: “Я — Хрыстос”, і многіх звядуць.
Вы пачуеце пра войны і весткі з войнаў. Глядзіце, не палохайцеся, бо так павінна адбыцца. Але гэта яшчэ не канец.
Пачуеце вы пра войны і чуткі пра войны; глядзіце, каб не напалохаліся, бо так павінна быць, але гэта яшчэ не канец.
Бо народ паўстане на народ, і каралеўства на каралеўства, і ў розных месцах узнікнуць паморак і землятрусы.
Падымецца народ на народ і царства на царства, і будуць голад і месцамі землятрусы.
Усё гэта — пачатак пакутаў.
Гэта ўсё — пачатак пакут.
Пасля аддадуць вас на ўціск і будуць забіваць вас, і зненавідзяць вас усе народы за імя Маё.
Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас будуць, ды будзеце вы зненавіджаны ўсімі народамі за імя Маё.
Тады шмат хто зняверыцца, і будуць выдаваць адзін аднаго і ненавідзець адзін аднаго.
І тады многія згоршацца, і будуць выдаваць адзін аднаго, і будуць ненавідзець адзін аднаго,
І паўстане шмат фальшывых прарокаў, і яны шмат каго звядуць.
і паўстануць многія фальшывыя прарокі і будуць зводзіць многіх.
А з-за таго, што пашырыцца беззаконне, любоў многіх астыне.
І ад таго, што памножыцца несправядлівасць, астыне любоў у многіх.
Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
Але хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены.
І гэта Евангелле Валадарства будзе абвешчана па ўсім свеце на сведчанне ўсім народам; і тады настане канец.
І будзе прапаведавацца гэтае Евангелле Валадарства па ўсім свеце на сведчанне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
Калі ж убачыце агіду спусташэння, прадказаную прарокам Даніэлем, якая пануе на святым месцы, — хто чытае, няхай разумее, —
І, калі ўбачыце нарэшце агіду спусташэння, якая паўстане на святым месцы, як сказана Даніэлем прарокам, — хто чытае, хай разумее, —
тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;
тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,
хто будзе на даху, няхай не спускаецца ўзяць рэчы з дому свайго.
і хто на даху, хай не сыходзіць, каб узяць што-небудзь з дома свайго;
А хто на полі, няхай не вяртаецца ўзяць вопратку сваю.
і хто на полі, хай не вяртаецца забраць свой плашч.
Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні!
Гора цяжарным і карміцелькам у тыя дні.
Маліцеся, каб вашы ўцёкі не прыпалі на зіму ці на шабат.
Дык прасіце, каб вашы ўцёкі не былі зімою ці ў суботу.
Таму што будзе тады вялікая туга, якой не было ад пачатку свету аж дагэтуль і не будзе.
Бо тады будзе вялікая пакута, якой не было ад пачатку свету аж дасюль, дый не будзе.
І калі б не скараціліся тыя дні, не ўратавалася б ніякае цела. Але дзеля выбраных скароцяцца дні гэтыя.
І, калі б не былі скарочаны тыя дні, аніякае цела не ўратавалася б, але дзеля выбраных будуць скарочаны тыя дні.
Тады, калі хтосьці скажа вам: “Вось, тут Хрыстус”, — ці: “Там”, — не верце!
Тады, калі б хто вам казаў: “Вось тут Хрыстос”, або: “Там”, — не верце.
Бо паўстануць фальшывыя месіі і фальшывыя прарокі і будуць чыніць вялікія знакі і цуды, каб увесці ў зман па магчымасці і выбраных.
Паўстануць бо фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і прадставяць вялікія знакі і цуды, — так, каб у зман увесці, калі гэта магчыма, нават абраных.
Вось, Я прадказаў вам.
Вось, Я наперад вам гэта сказаў.
А калі вам скажуць: “Вось, Ён у пустыні”, — не выходзьце. Або: “Вось, Ён у патаемных пакоях”, — не верце.
Дык калі б вам потым сказалі: “Вось Ён у пустыні”, — не выходзьце; “Вось Ён у пакоях”, — не верце.
Бо як маланка мільгае з усходу і паказваецца аж на захадзе, такім будзе прыйсце Сына Чалавечага.
Бо, як маланка з’яўляецца на ўсходзе і віднеецца аж да захаду, такім будзе і прышэсце Сына Чалавечага.
Бо там, дзе трупы, збяруцца арлы.
Дзе будзе цела, там збяруцца і арлы.
Адразу пасля нядолі тых дзён зацемніцца сонца, і месяц не дасць святла свайго, і зоркі пападаюць з неба, і пахіснуцца нябесныя сілы.
А зараз па тузе тых дзён сонца зацемрыцца, і месяц не дасць святла свайго, і нябесныя зоркі падаць будуць, і сілы, што на небе, пахіснуцца.
Тады на небе з’явіцца знак Сына Чалавечага, і загалосяць усе зямныя плямёны, і ўбачаць, як Сын Чалавечы прыходзіць на аблоках з вялікай магутнасцю ў славе.
І тады з’явіцца знак Сына Чалавечага на небе, і тады заплачуць усе плямёны зямныя, і ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках нябесных з магутнасцю і славаю вялікай.
Ён пашле анёлаў сваіх з моцным гучаннем трубы, і збяруць выбраных Яго з чатырох бакоў свету, з аднаго краю нябёс да другога.
І пашле Ён анёлаў Сваіх з трубою гучнай, і збяруць яны абраных Яго з чатырох вятроў, ад краю неба аж да канца яго.
Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета.
І навучыцеся прыкладам фігавага дрэва: калі ўжо галінка яго лагаднее і пускае лісты, вы ведаеце, што блізка лета.
Так і вы, калі ўсё гэта ўбачыце, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
Так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё гэта адбудзецца.
Сапраўды кажу вам: не праміне гэтае пакаленне, аж усё гэта станецца.
Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.
Неба і зямля сыдуць, але слова Маё не праміне.
А пра дзень той і гадзіну ніхто не ведае, ні анёлы нябесныя, ні Сын, а толькі Айцец.
Што да дня таго і хвіліны, ніхто не ведае, — ані анёлы нябесныя, ані Сын, — толькі Айцец адзін.
Але як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага.
І як у дні Ноя, так будзе і прышэсце Сына Чалавечага.
Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг,
Бо як у той час перад патопам елі і пілі, жаніліся і замуж аддавалі, аж да таго дня, калі Ной увайшоў у арку,
і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага.
і не зразумелі, аж пакуль не прыйшоў патоп і не знішчыў усіх, так будзе і ў прышэсце Сына Чалавечага.
Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты.
Тады двое будуць на полі: аднаго возьмуць, а другога пакінуць.
Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінута.
Дзве будуць малоць у жорнах: адну возьмуць, другую пакінуць.
Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе.
Дык чувайце, бо не ведаеце, у які тэрмін прыйдзе Госпад ваш.
Знайце ж тое, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой.
А гэта ведайце, што, каб гаспадар дома ведаў, а якой гадзіне злодзей мае прыйсці, пільнаваў бы і не дазволіў уламіцца ў дом свой.
Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце.
Таму і вы будзьце гатовы, бо ў гадзіну, якой вы не ведаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
Хто ж верны і разумны слуга, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім спажытак у адпаведны час?
Хто, думаеш, з’яўляецца верным і разумным паслугачом, якога паставіў гаспадар над падданымі сваімі, каб ён у вызначаны час даваў ім меру пшаніцы?
Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць.
Дабраславёны той паслугач, якога, калі прыйдзе, гаспадар знойдзе за такім заняткам.
Сапраўды кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго.
Сапраўды кажу вам, што паставіць яго над усёй сваёй маёмасцю.
Калі ж гэты дрэнны слуга скажа ў сэрцы сваім: “Не спяшаецца гаспадар мой”,
А калі скажа ліхі паслугач у сэрцы сваім: “Марудзіць гаспадар мой з прышэсцем”,
і пачне біць сяброў сваіх, есці і піць з п’яніцамі,
і пачне біць таварышаў сваіх, і будзе есці і піць з п’яніцамі,
то гаспадар слугі гэтага прыйдзе ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае.
то прыйдзе гаспадар яго ў дзень неспадзяваны, у гадзіну невядомую
І адлучыць яго, і вызначыць яму долю разам з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
і аддзеліць яго, ды прызначыць яго долю разам з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгатанне зубоў.