Мацьвея 21 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Калі наблізіліся да Ерузалема і прыйшлі ў Бэтфагію да гары Аліўнай, тады Езус паслаў двух вучняў,
 
І, калі набліжаліся да Ерузаліма і падышлі да Бэтфагэ на Аліўнай гары, тады Ісус паслаў двух вучняў,

кажучы ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі. Там адразу знойдзеце прывязаную асліцу і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне.
 
кажучы ім: «Ідзіце ў сяло, якое перад вамі, і адразу знойдзеце асліцу прывязаную і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне.

Калі вам хто скажа што-небудзь, адкажыце, што яны патрэбны Пану; і зараз жа адашле іх».
 
І, калі вам хтосьці нешта скажа, скажыце: “Госпад мае ў іх патрэбу”, і адразу ж той адпусціць іх».

І сталася гэта, каб збылося сказанае прарокам:
 
Усё гэта сталася, каб збылося тое, што было сказана прарокам, які казаў:

«Скажыце дачцэ Сіёна:вось Кароль твой ідзе да цябе;лагодны, седзячы на асліцы, на асляняці,сыне пад’ярэмнай».
 
«Скажыце дачцы Сіёна: “Вось ідзе да цябе Валадар твой, ціхмяны, седзячы на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай”».

Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Езус.
 
Пайшоўшы, вучні зрабілі, як загадаў ім Ісус.

Прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх свае плашчы, і Ён сеў на іх.
 
І прывялі асліцу з аслянём, і ўсклалі на іх адзенне сваё, і Ён сеў на іх.

І мноства людзей рассцілала свае плашчы на дарозе, іншыя ж зразалі галіны з дрэў і слалі на дарозе.
 
А многія людзі пасцілалі сваю вопратку на дарозе, а іншыя сціналі галінкі з дрэў і пасцілалі на дарозе.

А натоўпы, якія ішлі спераду і за Ім, усклікалі: «Гасанна Сыну Давіда!Благаслаўлёны той,хто прыходзіць у імя Пана!Гасанна на вышынях!»
 
І натоўпы, што наперадзе і за Ім ішлі, усклікалі, кажучы: «Гасана Сыну Давіда! Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада. Гасана на вышынях!»

Калі Ён увайшоў у Ерузалем, узрушыўся ўвесь горад, і пыталіся: «Хто гэта?»
 
І, калі ўвайшоў у Ерузалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: «Хто гэта?»

А народ адказваў: «Гэта прарок Езус з Назарэта Галілейскага».
 
А народ казаў: «Гэта Ісус, прарок з Назарэта Галілейскага».

Езус увайшоў у святыню і прагнаў усіх, хто гандляваў і купляў у святыні, а сталы мянялаў і лаўкі гандляроў галубамі папераварочваў.
 
І ўвайшоў Ісус у святыню [Божую], і павыганяў усіх, што прадавалі і куплялі ў святыні, а сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перакуліў.

Ён сказаў ім: «Напісана: “Дом Мой назавецца домам малітвы”, а вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».
 
І кажа: «Напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы”, а вы робіце яго пячорай разбойнікаў».

Падышлі да Яго ў святыні сляпыя і кульгавыя, а Ён аздаравіў іх.
 
І падышлі да Яго ў святыні сляпыя і кульгавыя, і Ён аздаравіў іх.

Але першасвятары і кніжнікі, калі ўбачылі цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія ўсклікалі ў святыні: «Гасанна Сыну Давіда», абурыліся
 
А першасвятары і кніжнікі, бачачы цуды, якія Ён учыніў, ды дзяцей, што ўсклікалі ў святыні, кажучы: «Гасана Сыну Давідаву!», злаваліся

і сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» А Езус адказаў ім: «Так. Хіба вы не чыталі ніколі: “З вуснаў немаўлят і тых, хто сасе, Ты ўчыніў хвалу”?»
 
і сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» А Ісус кажа ім: «Так; хіба вы не чыталі: “З вуснаў дзяцей і немаўлят учыніў Ты хвалу”»?

Пакінуўшы іх, Ён выйшаў з горада ў Бэтанію і пераначаваў там.
 
І, пакінуўшы іх, выйшаў за горад у Бэтанію, і там застаўся.

А раніцай, калі вяртаўся ў горад, адчуў голад.
 
А раніцай, вяртаючыся ў горад, адчуў голад.

Убачыўшы пры дарозе смакоўніцу, падышоў да яе і нічога, акрамя лісця, на ёй не знайшоў. Тады сказаў ёй: «Няхай з цябе ніколі навекі не будзе пладоў». І смакоўніца адразу засохла.
 
І, убачыўшы пры дарозе адно дрэва фігавае, падышоў да яго, але не знайшоў на ім нічога, апрача лісця, і сказаў яму: «Няхай не родзіцца з цябе плод навекі». І адразу дрэва фігавае ссохла.

Калі вучні ўбачылі гэта, здзівіліся і сказалі: «Як гэта адразу смакоўніца высахла?»
 
І, бачачы гэта, вучні дзівіліся, кажучы: «Якім чынам адразу ссохла дрэва фігавае?»

А Езус сказаў ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: калі ў вас будзе вера і не будзе сумненняў, то не толькі зробіце гэта са смакоўніцай, але і калі скажаце гары гэтай: “Падыміся і кінься ў мора”, збудзецца.
 
А Ісус, адказваючы, гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру і не будзеце сумнявацца, вы зробіце не толькі тое, што з дрэвам фігавым, але, нават калі гэтай гары скажаце: “Падыміся і кінься ў мора”, — станецца.

І ўсё, чаго папросіце ў малітве з верай, атрымаеце».
 
І ўсё, пра што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце».

Калі Ён прыйшоў у святыню і навучаў, падышлі да Яго першасвятары і старэйшыны народу і сказалі: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе гэтую ўладу?»
 
І, калі Ісус увайшоў у святыню, падышлі да Яго, калі Ён вучыў, першасвятары і старшыні народа і казалі: «Якою ўладаю Ты гэта робіш, і хто Табе даў такую ўладу?»

Езус адказаў ім: «Спытаю ў вас і Я пра адно; калі скажаце Мне пра гэта, тады і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта.
 
І Ісус, адказваючы, сказаў ім: «І Я задам вам адно пытанне, і, калі вы адкажаце Мне, то і Я адкажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю:

Адкуль быў Янаў хрост? З неба ці ад людзей?» Яны ж разважалі паміж сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, то Ён скажа нам: “Чаму ж вы не паверылі яму?”
 
хрост Янаў адкуль быў? З неба ці ад людзей?» А яны разважалі паміж сабой, кажучы: «Калі мы скажам: “З неба”, Ён скажа: “Дык чаму вы не паверылі яму?”

А калі скажам: “Ад людзей”, — баімся натоўпу, бо ўсе лічаць Яна прарокам».
 
А калі мы скажам: “Ад людзей”, баімся натоўпа, бо ўсе Яна лічаць прарокам».

І сказалі ў адказ Езусу: «Не ведаем». Тады і Ён сказаў ім: «І Я не скажу вам, якой уладай раблю гэта».
 
І, адказваючы, яны сказалі Ісусу: «Не ведаем», а Ён сказаў: «Дык і Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю.

«Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: “Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку”.
 
А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў. І, прыходзячы да першага, сказаў: “Сыне, ідзі папрацуй сёння ў маім вінаградніку”.

Але той адказаў: “Не хачу.” Аднак пасля, апамятаўшыся, пайшоў.
 
А ён, адказваючы, гаворыць: “Не хачу”. А потым, узрушаны навяртаннем, выйшаў і пайшоў.

Тады падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: “Іду, гаспадару”. І не пайшоў.
 
Звяртаючыся да другога, сказаў яму падобна. А той, адказваючы, гаворыць: “Іду, гаспадару”, — але не пайшоў.

Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Тады Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы ідуць перад вамі ў Валадарства Божае.
 
Хто з дваіх выканаў волю бацькі?» Яны кажуць: «Першы». Кажа ім Ісус: «Сапраўды кажу вам: наперадзе вас мытнікі і распусніцы пойдуць у Валадарства Божае.

Прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.
 
Бо прыйшоў да вас Ян дарогай справядлівасці, і вы не паверылі яму; мытнікі ж і распусніцы паверылі яму. Вы, аднак, бачачы гэта, нават потым не навярнуліся, каб яму паверыць.

Паслухайце іншую прыпавесць. Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў у ім давіла, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў.
 
Паслухайце іншую прыпавесць. Быў чалавек гаспадар дому, які насадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў у ім выціскальню, і пабудаваў вежу, і наняў у яго вінаградараў, і аддаліўся.

Калі ж наблізіўся час ураджаю, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць свой ураджай.
 
А калі надышоў час пладоў, паслаў ён паслугачоў сваіх да вінаградараў, каб яны забралі яго плады.

А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі.
 
А вінаградары, схапіўшы паслугачоў яго, аднаго пабілі, другога забілі, а трэцяга ўкаменавалі.

Той зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае.
 
Ізноў паслаў Ён іншых паслугачоў, больш, чым раней, але і ім зрабілі падобна.

Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: “Ушануюць сына майго”.
 
Нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: “Ушанаваны будзе сын мой”.

Але, убачыўшы сына, вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай”.
 
Але вінаградары, бачачы сына, гаварылі адзін аднаму: “Гэта спадкаемец. Хадземце, заб’ём яго і завалодаем яго спадчынаю”.

І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі.
 
І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі.

Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць з гэтымі вінаградарамі?»
 
Дык калі прыйдзе гаспадар вінаградніку, што ён зробіць тым вінаградарам?»

Адказалі Яму: «Злачынцаў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час».
 
Яны гавораць Яму: «Ліхіх ён сурова заб’е, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць плод у вызначаны час».

Езус сказаў ім: «Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: “Камень, адкінуты будаўнікамі,стаў галавою вугла.Пан учыніў гэта,і дзіўнае яно ў вачах нашых”?
 
Кажа ім Ісус: «Ці ж ніколі не чыталі вы ў Пісанні: “Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”?

Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго.
 
Дзеля таго кажу вам, што будзе аднята ад вас Валадарства Божае, а дадзена народу, які творыць плады яго.

І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раструшчыць».
 
І хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго сатрэ».

Калі першасвятары і фарысеі пачулі Ягоныя прыпавесці, зразумелі, што Ён гаворыць пра іх.
 
І, калі пачулі першасвятары і фарысеі Яго прыпавесць, зразумелі, што пра іх Ён гаварыў.

Таму намагаліся схапіць Яго, але баяліся людзей, бо тыя лічылі Яго прарокам.
 
І намагаліся Яго ўзяць, але баяліся людзей, бо яны лічылі Яго прарокам.