Мацьвея 13 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Аляксандара Надсана
У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора.
Сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе.
Ён шмат гаварыў ім у прыпавесцях, кажучы: «Вось, выйшаў сейбіт сеяць.
Калі сеяў, некаторыя зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх.
Другія ж упалі на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокая.
Аднак, калі ўзышло сонца, яны завялі і таму, што не мелі каранёў, засохлі.
А іншыя ўпалі сярод церняў, і выраслі церні, і заглушылі іх.
Яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў трыццаць.
Хто мае вушы, няхай слухае».
І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: «Навошта Ты гаворыш ім у прыпавесцях?»
А Ён адказаў ім: «Таму што вам дадзена пазнаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім не дадзена.
Бо хто мае, таму дадзена будзе, і атрымае ўдосталь, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае.
Таму Я гавару ім у прыпавесцях, бо яны глядзяць, а не бачаць, слухаюць, а не чуюць і не разумеюць.
На іх спаўняецца прароцтва Ісаі, якое кажа: “Слухаць будзеце, і не зразумееце,і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце.
Бо абрасло тукам сэрца народу гэтага,і вушамі з цяжкасцю чуюць,і вочы свае заплюшчылі,каб не ўбачыць вачыма,і не пачуць вушамі,і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца,каб Я вылечыў іх”.
Але шчаслівыя вочы вашыя, таму што бачаць, і вушы вашыя, таму што чуюць.
Бо сапраўды кажу вам: многія прарокі і справядлівыя хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і пачуць тое, што вы чуеце, і не пачулі!
Вы ж паслухайце значэнне прыпавесці пра сейбіта.
Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства, а не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасеянае пры дарозе.
А пасеянае на камяністых месцах — гэта той, хто чуе слова і адразу прымае яго з радасцю,
але не мае ў сабе кораня і нясталы. Калі за слова настане ўціск ці пераслед, ён адразу спакушаецца.
Пасеянае ж у церні — гэта той, хто чуе слова, але турботы гэтага веку і зман багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным.
Пасеянае ж на добрай зямлі — гэта той, хто чуе слова і разумее, і прыносіць плён, адзін у сто разоў, другі ў шэсцьдзясят, а іншы ў трыццаць».
Іншую прыпавесць прапанаваў ім, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім.
Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік, і пайшоў.
Калі ж збажына ўзышла і дала плён, тады паказаўся каласоўнік.
Прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?”
А ён сказаў ім: “Варожы чалавек зрабіў гэта”. Тады слугі сказалі яму: “Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?”
Але ён сказаў: “Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы.
Пакіньце расці разам тое і другое аж да жніва; а ў час жніва Я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў засекі мае”».
Пасля Ён прапанаваў ім іншую прыпавесць, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасеяў на полі сваім.
Хоць яно меншае за ўсялякае насенне, калі вырасце, бывае вышэйшым за іншыя расліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго».
Іншую прыпавесць прапанаваў ім: «Валадарства Нябеснае падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж усё ўкісла».
Усё гэтае Езус гаварыў народу прыпавесцямі і без прыпавесці не казаў ім,
каб збылося сказанае прарокам: «Адкрыю ў прыпавесцях вусны Мае,раскажу ўтоенае ад стварэння свету».
Тады, адпусціўшы народ, увайшоў у дом. Падышлі да Яго вучні Яго і сказалі: «Растлумач нам прыпавесць пра каласоўнік на полі».
Ён жа сказаў ім у адказ: «Сейбіт добрага насення — гэта Сын Чалавечы.
Поле — гэта свет, добрае насенне — гэта сыны Валадарства, а каласоўнік — сыны злога духа;
вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал; жніво — сканчэнне свету, а жняцы — гэта анёлы.
Таму, як збіраюць каласоўнік і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні гэтага свету:
пашле Сын Чалавечы анёлаў сваіх, і збяруць яны з Валадарства Яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто чыніць беззаконне,
і ўкінуць іх у вогненную печ; там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
Тады праведнікі заззяюць, як сонца, у Валадарстве іх Айца. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.
Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле.
Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін.
Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.
Валадарства Нябеснае падобнае таксама да закінутага ў мора нерата, што збірае рыбу ўсялякага віду.
Калі ён напоўніўся, яго выцягнулі на бераг і, сеўшы, сабралі добрае ў посуд, а дрэннае выкінулі вон.
Так будзе пры сканчэнні свету: выйдуць анёлы, і аддзеляць ліхіх ад праведнікаў,
і кінуць іх у вогненную печ. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
Ці зразумелі вы ўсё гэта?» Яны адказалі Яму: «Так».
Ён жа сказаў ім: «Вось чаму ўсялякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара, які вымае са скарбніцы сваёй новае і старое».
Закончыўшы гэтыя прыпавесці, Езус пайшоў адтуль.
Прыйшоўшы на сваю бацькаўшчыну, вучыў іх у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: «Адкуль у Яго гэтая мудрасць і моц?
Ці ж гэта не сын цесляра? Ці не Ягоную Маці завуць Марыя, а братоў Ягоных — Якуб і Юзаф, Сымон і Юда?
І сёстры Яго ці не усе сярод нас? Адкуль жа ў Яго усё гэта?»
І абураліся на Яго. А Езус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне і ў доме яго».
І не ўчыніў там многіх цудаў з прычыны іхняга бязвер’я.