Мацьвея 14 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

У той час Ірад тэтрарх пачуў чуткі пра Ісуса
 
У той час пачуў тэтрарха Гэрад аб славе Езуса

і сказаў слугам сваім: гэта Іоан Хрысьціцель; ён уваскрос з мёртвых, і дзеля гэтага цуды дзе́юцца праз яго.
 
і сказаў да сваіх слуг: Гэта Ян Хрысьціцель; ён устаў з умерлых і дзеля гэтага цуды дзеюцца праз яго.

Бо Ірад, захапіўшы Іоана, зьвязаў яго і пасадзіў у вязьніцу за Ірадзіяду, жонку Філіпа, брата свайго.
 
Бо Гэрад узяў быў Яна, і закаваў яго, і пасадзіў у вастрог дзеля Гэрадыяды, жонкі брата свайго.

Бо Іоан казаў яму: ня гожа табе́ ме́ць яе́.
 
Бо Ян казаў яму: Ня можна табе трымаць яе.

І хаце́ў забіць яго, але баяўся народу: бо яго ме́лі за прарока.
 
І хацеў яго забіць, але баяўся народу, бо яго мелі за прарока.

У дзе́нь жа нарадзін Ірада дачка́ Ірадзіяды скакала пасярод іх і дагадзіла Іраду.
 
У дзень-жа нарадзін Гэрада дачка Гэрадыяды скакала пасярод і спадабалася Гэраду.

Дзеля гэтага ён пакляўся ёй даць, чаго-б ні папрасіла.
 
Затым пад прысягай абяцаўся ей даць чаго толькі яна зажадае ад яго.

Яна-ж, падвучаная маткай сваёй, сказала: дай мне́ тут на та́лерцы галаву Іоана Хрысьціцеля.
 
А яна, навучаная сваей маткай, сказала: Дай мне тут на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля.

І засумаваў цар, але з увагі на прысягу і на супачыва́ўшых побач з ім сказаў даць.
 
І засмуціўся кароль, але дзеля прысягі і дзеля тых, што разам сядзелі, загадаў даць.

І паслаў адсячы́ галаву Іоану ў вязьніцы.
 
І паслухаўшы адсек галаву Яну ў вастрозе.

І прыне́сьлі галаву яго на тале́рцы і далі дзяўчыне, а яна зане́сла матцы сваёй.
 
І прынясьлі галаву яго на талерцы і далі дзяўчыне, а яна занясла сваей матцы.

Вучні-ж яго, прыйшоўшы, узялі це́ла яго й пахавалі яго; і пайшлі паведаміць Ісуса.
 
І прыйшлі вучні ягоны, узялі ягонае цела і пахавалі яго, і прыйшоўшы, паведамілі Езуса.

І, пачуўшы, Ісус паплыў стуль на чаўне́ ў пустыннае ме́сца адзін; і народ, пачуўшы тое, пайшоў за Ім з ме́стаў пехато́ю.
 
Езус, пачуўшы аб гэтым, адплыў адтуль у лодцы на месца пустыннае, аддзельна; калі-ж пачулі грамады, пайшлі за ім з гарадоў пехатою

І, выйшаўшы, Ісус угле́дзіў множства людзе́й і пашкадава́ў іх і аздаравіў няду́жых.
 
І выйшаўшы, убачыў вялікую грамаду, і зжаліўся над імі і аздаравіў іхных хворых.

Калі-ж настаў ве́чар, прыступіліся да Яго вучні Ягоныя і сказалі: пустыня тутака, дый час ужо позны; пусьці народ, каб яны пайшлі ў сёлы і купілі сабе́ е́жы.
 
Калі-ж настаў вечар, падыйшлі да яго вучні ягоны, кажучы: Пустыннае месца і час ужо позны, пусьці грамаду, каб яны, пайшоўшы ў сёлы купілі сабе ежы.

Але Ісус сказаў ім: ня трэба ім ісьці: вы́ дайце ім е́сьці.
 
Але Езус сказаў ім: Не канечне маюць ісьці, вы дайце ім есьці.

Яны-ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве́ рыбы.
 
Адказалі яму: Мы маем тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы.

Ён сказаў: прынясе́це іх Мне́ сюды.
 
Ён сказаў ім: Прынясеце мне іх сюды.

І сказаў народу супачы́ць на траве́ і, узяўшы пяць хлябоў і дзьве́ рыбы, глянуў на не́ба, пабагаславіў і, паламаўшы, даў хле́б вучням, а вучні народу.
 
І загадаўшы народу пасесьці на траве, узяў пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуў у неба, пабагаславіў, і ламаў, і даваў вучням хлябы, а вучні народу

І е́лі ўсе́, і насыціліся; і назьбіралі аста́ткаў дванаццаць карабо́ў поўных.
 
І елі ўсе і наеліся. І назьбіралі, што асталося, дванаццаць поўных кашоў кавалкаў

А е́ўшых было каля пяці тысячаў душ, апрача жанчы́н і дзяце́й.
 
А тых, што елі, было ня лік пяць тысяч мужчын, апрача жанчын і дзяцей.

І тады-ж загадаў Ісус вучням Сваім увайсьці ў човен і плы́сьці пе́рш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпу́сьціць народ.
 
І зараз прымусіў Езус вучняў увайсьці ў лодку і плыць перад ім на другі бок мора, пакуль ён адпусьціць грамады

І, адпусьціўшы народ, Ён узыйшоў на гару́ памаліцца насамо́це; і ўве́чары астаўся там Адзін.
 
І адпусьціўшы грамаду, ён адзін узыйшоў на гару памаліцца; і калі настаў вечар, быў там адзін.

А човен ужо быў пасярэдзіне мора, і яго кідалі хвалі, бо ве́цер быў праціўны.
 
А лодка пасярод мора была кідана хвалямі, бо быў праціўны вецер.

У чацьвёртую-ж старо́жу ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры.
 
А ў чацьвёртую варту ночы прыйшоў да іх, ідучы па моры.

І вучні, угле́дзіўшы Яго, ідучы па моры, спалохаліся і гаварылі: гэта здань. І ад страху закрычэлі.
 
І ўгледзеўшы яго ідучага па моры, спалохаліся і казалі: Гэта здань. І ад страху закрычалі.

Але Ісус ураз загаварыў з імі і сказаў: бадры́цеся; гэта Я; ня бойцеся.
 
Але Езус зараз адазваўся да іх, кажучы: Надзейцеся, гэта я, ня бойцеся

Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! Калі гэта Ты, скажы мне́ йсьці да Цябе́ па вадзе́.
 
А Пётр, адказваючы, сказаў: Пане, калі гэта ты, загадай мне прыйсьці да цябе па вадзе.

Ён жа сказаў: ідзі. І, выйшаўшы з чаўна, Пётр пайшоў па вадзе́, каб падыйсьці да Ісуса.
 
А ён сказаў: Прыйдзі. І Пётр, выйшаўшы з лодкі, пайшоў па вадзе, каб падыйсьці да Езуса.

Але, ба́чачы моцны ве́цер, спужаўся і, пачаўшы тану́ць, закрычэў: Госпадзе, спасі мяне́!
 
Але бачачы моцны вецер, спужаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў кажучы: Пане, ратуй мяне!

Ісус ураз жа працягнуў руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаве́рны! Чаму ты сумляваўся?
 
І зараз-жа Езус, працягнуўшы руку, падхапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаго ўсумніўся?

І, калі ўвайшлі яны ў човен, ве́цер заціх.
 
І калі ўвайшлі ў лодку, перастаў вецер.

А быўшыя ў чаўне́ падыйшлі, пакланіліся Яму і сказалі: запраўды́, Ты — Сын Божы!
 
А тыя, што былі ў лодцы, падыйшлі і пакланіліся яму, кажучы: Сапраўды ты ёсьць Сын Божы.

І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генісарэцкую.
 
І калі пераплылі, прыйшлі ў зямлю Гэнэзарскую.

І людзі тамтэйшыя, пазнаўшы Яго, паслалі ў-ва ўсю ваколіцу тую і прыне́сьлі да Яго ўсіх хворых.
 
А людзі яе ваколіцы, пазнаўшы яго, далі знаць па ўсей тэй краіне і прынясьлі да яго ўсіх хворых

І прасілі Яго, каб толькі дакрану́цца да краю вопраткі Яго; і, като́рыя дакрану́ліся, паздараве́лі.
 
і прасілі яго, каб хоць дакрануцца да краю адежы ягонай. І каторыя толькі дакрануліся, сталі здаровы.