Дзеі 8 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

А Саўл ухваляў яго забойства. І ў той дзень адбылося вялікае ганенне на царкву, якая была ў Іерусаліме, і ўсе, акрамя Апосталаў, рассеяліся па абшарах Іудзеі і Самарыі.
 
Шавал згаджаўся на яго сьмерць. З таго дня пачалося вялікае прасьледаваньне Касьцёла ў Ерузаліме. Усе за выключэньнем апосталаў разсеяліся па Юдэі і Самаріі.

А Стэфана пахавалі набожныя людзі і наладзілі па ім вялікае галашэнне.
 
Багабойныя людзі пахавалі Сьцяпана з вялікім жалем.

А Саўл знішчаў царкву, уваходзячы ў дамы і цягнучы мужчын і жанчын, аддаваў іх у турму.
 
Шавал жа пустошыў Касьцёл урываючыся ў дамы арыштоўваючы мужчын і жанчынаў і пасылаў іх у вастрог (вязьніцу).

Рассеяныя ж разышліся, добравесцячы слова.
 
Дык хрысьціяне разсыпаліся, ды хадзілі, вяшчучы слова Божае.

А Філіп пайшоў у самарыйскі горад і прапаведаваў ім Хрыста.
 
Філіп так прыбыў у горад Самаріі і вясьціў ім Хрыста.

І натоўпы аднадушна прымалі тое, што казаў Філіп, слухаючы і бачачы знакі, якія ён рабіў.
 
Грамады аднадумна слухалі навукі Філіпа, бо ня толькі чулі слова, але і бачылі чынены цуды.

Бо ў многіх з тых, у кім былі нячыстыя духі, гэтыя духі выходзілі, крычачы гучным голасам, і шмат спаралізаваных і кульгавых выздаравелі.
 
З многіх вось апанаваных выходзілі з крыкам ліхія духі, шмат спараліжаваных і кульгавых было ўздароўлена.

І была вялікая радасць у тым горадзе.
 
Таму вялікая радасьць паявілася ў тым горадзе.

А адзін чалавек імем Сіман жыў у горадзе, займаючыся раней вядзьмарствам і здзіўляючы народ Самарыі, кажучы, што ён сам хтосьці вялікі,
 
Дарэчы ў горадзе быў адзін чалавек, імем Сымон, каторы раней займаўся чарадзействам і зьдзіўляў народ Самарыі, хвалячыся, што ён нехта незвычайны.

яго слухалі ўсе ад малога да вялікага, кажучы: Гэты чалавек — сіла Божая, якая завецца Вялікаю.
 
Паважалі яго ўсе ад найменшага да найбольшага. Яны казалі: "Ён — моц Божая, што завецца Вялікая".

А слухалі яго таму, што ён даволі доўгі час здзіўляў іх вядзьмарствам.
 
Лічыліся з ім, бо ён доўгі час чмуціў іх сваімі чарамі.

А калі яны паверылі Філіпу, які добравесціў пра Царства Божае і імя Ісуса Хрыста, то хрысціліся і мужчыны і жанчыны.
 
Але калі ўверылі Філіпу, вучачаму аб каралеўстве Божым і аб імю (імяню) Езуса Хрыста, калі мужчыны як і жанчыны прымалі хрост,

А Сіман і сам паверыў і, ахрышчаны, трымаўся Філіпа, і, бачачы, што творацца знакі і вялікія сілы, дзівіўся.
 
тады і Сымон сам уверыў і па атрыманьні хросту, далучыўся да Філіпа. Дзівіўся ён надта на віду чыненых цудаў і знакаў.

А Апосталы ў Іерусаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Іаана,
 
Апосталы ў Ерузаліме пачуўшы, што Самар'я прымала слова Божае, паслалі ў Самар'ю Пятра і Яна.

якія, прыйшоўшы, памаліліся аб іх, каб тыя атрымалі Святога Духа;
 
Яны прыбылі і маліліся за Самаран, каб атрымалі Духа Сьвятога,

бо Ён яшчэ не зыходзіў ні на кога з іх — яны толькі былі ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса.
 
бо яшчэ ніхто з іх не атрымаў, але былі толькі ахрышчаны ў імя Госпада Езуса.

Тады яны ўскладалі рукі на іх, і тыя атрымлівалі Святога Духа.
 
Тады апосталы ўскладалі на іх рукі і яны атрымоўвалі Духа Сьвятога.

А Сіман, убачыўшы, што праз ускладанне Апосталавых рук даецца [Святы] Дух, прынёс ім грошы,
 
Калі Сымон убачыў, што Апосталы ўскладаннем рук, удзяляюць Духа Сьвятога, прынёс ім грошы,

кажучы: Дайце і мне гэтую ўладу, каб той, на каго я ўскладу рукі, атрымаў Святога Духа.
 
просячы: "Дайце і мне гэту ўладу (моц), каб калі ўскладу на каго рукі, каб атрымаў ён Духа Сьвятога".

Але Пётр сказаў яму: Серабро тваё няхай з табою будзе ў пагібель, бо ты задумаў дар Божы набыць за грошы;
 
Пётр сказаў яму: "Хай серабро (грошы) тваё ідзе на гібель разам з табой, бо ты маніўся за грошы набыць дар Божы!"

няма табе ў гэтым ні часткі, ні ўдзелу, бо тваё сэрца не шчырае перад Богам.
 
Ня маеш ты ўдзельнічыць і не пакліканы ў гэтым слове (вяшчэньні, эвангелізацыі), бо сэрца тваё крывадушыць перад Богам

Дык пакайся ў гэтым сваім зле і малі Госпада28 — ці не даруецца тады табе намер твайго сэрца,
 
Дык пакутуй за гэтую сваю крывадушнасьць і малі Бога, можа Ён даруе табе ліхі твой намер.

бо бачу я, што ты поўны жоўці гаркоты і ў путах няпраўды.
 
Як бачу, што знаходзішся ў горычы жоўці ды ў путах сапсуцьця".

А Сіман сказаў у адказ: Памаліцеся вы за мяне Госпаду, каб не прыйшло на мяне нічога з таго, што вы сказалі.
 
А Сымон адказаў: "Маліце за мяне Госпада, каб не спаткала мяне нічога таго, што вы казалі".

Яны ж, засведчыўшы і сказаўшы слова Гасподняе, вярталіся ў Іерусалім і дабравесцілі многім самарыйскім сёлам.
 
Апосталы жа даўшы пасьведчаньне (аб Хрысьце) і абвяшчаючы слова Божае, вярталіся ў Ерузалім у многіх вёсках самаранскіх апавяшчаючы Эвангелію.

Анёл жа Гасподні прамовіў да Філіпа, кажучы: Устань і ідзі на поўдзень на дарогу, якая спускаецца з Іерусаліма ў Газу, яна пустэльная.
 
Анёл Госпадаў сказаў Філіпу: "Устань і каля паўдня выйдзі на дарогу, каторая ідзе з Ерузаліма ў Газу. Яна цалкам пустая".

І ён устаў і пайшоў. І вось, адзін эфіоп, еўнух, вяльможа Эфіопскай царыцы Кандакі, які быў пастаўлены над усімі яе скарбамі, прыязджаў для пакланення ў Іерусалім,
 
Ён сабраўся і пайшоў. Якраз тады пакланіцца Богу прыбыў у Ерузалім Эт'ёп, урадавец Ет'ёпскай каралевы, Кандакі, загадчык усіх яе скарбаў.

і цяпер вяртаўся і, седзячы ў сваёй калясніцы, чытаў прарока Ісаію.
 
Ён вось вяртаўся, чытаючы ў сваёй павозцы прарока Ізаія.

І Дух сказаў Філіпу: Падыдзі і прымкні да гэтай калясніцы.
 
Дух кажа Філіпу: "Падыйдзі і далучыся да гэтае павозкі".

І Філіп, падбегшы, пачуў, што той чытае прарока Ісаію, і запытаўся: Ці ты сапраўды разумееш тое, што чытаеш?
 
Калі Філіп падыйшоў, пачуў, як той чытаў прарока Ізаію; дык запытаўся ў яго: "Ці разумееш, што чытаеш?"

І ён сказаў: Як жа я магу разумець, калі хто-небудзь не растлумачыць мне? — І ён папрасіў Філіпа падняцца і сесці з ім.
 
Той адказаў: "Як магу разумець, калі ніхто мне ня выясьніў?!" Затым запрасіў Філіпа ўзлезьці ў павозку і сесьці побач.

А месца з Пісання, якое ён чытаў, было такое: «Як авечку на зарэз, вялі Яго і як ягня безгалосае перад тым, хто стрыжэ яго, так Ён не раскрывае Сваіх вуснаў.
 
А месца сьв. Пісаньня звучала так: Як ягнётка на зарэз ведзена ды як авечка нямая, якую стрыгуць, так Ён не адкрыў вуснаў сваіх.

У [Яго] прыніжэнні Яго суд быў адняты; род жа Яго хто вызначыць? Бо забіраецца з зямлі Яго жыццё».
 
Па горы і па судзе быў усунуты, а паходжаньнем Яго хто пацікавіцца? Так быў вырваны з зямлі жывых".

І, адказваючы, еўнух сказаў Філіпу: Прашу цябе, пра каго прарок кажа гэта? Пра самога сябе ці каго іншага?
 
Эўнух папытаўся ў Філіпа: "Прашу цябе, паясьні, пра каго тут кажа прарок? Аб сабе, ці аб кім другім?"

І Філіп адкрыў вусны свае і, пачаўшы з гэтага Пісання, дабравесціў яму Ісуса.
 
Тады Філіп адчыніўшы свае вусны пачынаючы ад гэтага тэксту Пісаньня Сьвятога разсказаў яму Добрую Навіну (выясьніў) пра Езуса.

І, едучы дарогаю, яны пад’ехалі да нейкай вады, і еўнух кажа: Вось вада, што перашкаджае мне хрысціцца?
 
Калі падарожнічылі, пад'ехалі да вады. Дык кажа еўнух: "Во вада, ці не магу быць ахрышчаны?"

[І Філіп сказаў яму: Калі верыш ад усяго сэрца, то дазваляецца. — І ён сказаў у адказ: Веру, што Ісус Хрыстос — Сын Божы.]
 
Затым казаў затрымацца і яны абодва:

І ён загадаў спыніць калясніцу і абодва зышлі ў ваду: і Філіп, і еўнух, — і ён ахрысціў яго.
 
Філіп і еўнух ўвайшлі ў ваду і Філіп ахрысьціў яго.

І калі яны выйшлі з вады, Дух [Святы зышоў на еўнуха, а Анёл] Гасподні забраў Філіпа, і еўнух больш не бачыў яго, бо ён паехаў сваёю дарогаю, радуючыся.
 
А калі выйшлі з вады, Дух Сьвяты Госпадаў хваціў Філіпа, і еўнух (урадавец) ня бачыў яго ўжо больш, але радасна прадаўжаў сваю дарогу.

А Філіп апынуўся ў Азоце і, праходзячы, дабравесціў усім гарадам, пакуль не прыйшоў у Кесарыю.
 
А Філіп апынуўся ў Азоце. Праходзячы праза ўсе гарады вясьціў Эвангелію, аж дабраўся да Цэзаріі.