Дзеі 13 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
А ў Антыяхіі, у тамашняй царкве, былі прарокі і настаўнікі: Варнава, Сімяон, званы Нігерам, Лукій Кірэнец, Манаін, які гадаваўся разам з тэтрархам Ірадам, і Саўл.
У Антыёхіі, у тамашнім касьцёле былі некаторыя прарокі і настаўнікі: Барнаба і Сымон, званы Чорны (Нігер), Люцыян Кірэнэец і Манаэн, каторы гадаваўся разам з Гэрадам тэтрархам, дый Шавал.
І калі яны служылі Госпаду і пасціліся, Святы Дух сказаў: Аддзяліце Мне Варнаву і Саўла для работы, да якой Я іх заклікаў.
Калі аднойчы адпраўлялі Госпадаву службу і пасьцілі, сказаў ім Дух Сьвяты: "Вылучыце мне Барнабу і Шаўла на дзейнасьць, на якую я іх паклікаў."
Тады яны, папасціўшы і памаліўшыся і ўсклаўшы на іх рукі, адпусцілі [іх].
Тады з постам і мальбою ўсклалі на іx рукі і адпусьцілі.
Дык яны, пасланыя Святым Духам, прыйшлі ў Селеўкію, а адтуль адплылі на Кіпр.
Яны ж накіраваныя Духам Сьвятым накіраваліся ў Сэлеўцыю, а адтуль на Кіпр.
І калі былі ў Саламіне, яны абвяшчалі слова Божае ў іўдзейскіх сінагогах. І яны мелі пры сабе памагатым Іаана.
Калі прыбылі ў Саламіну вясьцілі слова Божае у сынагогах /бажніцах/ жыдоўскіх. Прытым мелі Яна ў помач.
І, прайшоўшы ўвесь востраў да Пафа, яны спаткалі аднаго чалавека, мага, ілжэпрарока-іудзея, імем Варыісус,
У дарозе праз увесь востраў дайшлі да Пафы. Там напаткалі аднаго чараўніка /мага/, фальшывага жыдоўскага прарока, на імя Бар-Езус.
які быў з праконсулам Сергіем Паўлам, чалавекам разумным. Той, паклікаўшы Варнаву і Саўла, хацеў паслухаць слова Божае.
Ён быў пры праконсулу Сергею Паўле, чалавекам растаропным. Ён паклікаў Барнабу і Шаўла, хацеў паслухаць Слова Божага.
Але Элімамаг (бо так перакладаецца яго імя) супроцьстаяў ім, намагаючыся адвесці праконсула ад веры.
Але працівіўся ім Эліпас, чараўнік /маг/ так бо тлумачыцца ягонае/. Ён стараўся праконсула адвярнуць ад веры.
Але Саўл, ён жа Павел, напоўніўшыся Святым Духам, угледзеўшыся ў яго,
Тады Шавал, каторы такжа завецца Паўлам, напоўнены Духам Сьвятым паглядзеў на яго пільна і сказаў:
сказаў: О поўны ўсялякай хітрасці і ўсялякага махлярства, сыне д’ябла, вораг усялякай праведнасці, няўжо ты не перастанеш зводзіць з прамых дарог Гасподніх?
"О ты сыне д'ябла, поўны ўсякага ашуканства ды ўсякай крывадушнасьці, вораг усякай справядлівасьці! Ці не перастанеш ты крывіць прастых дарог Госпадавых?
І цяпер — вось рука Гасподняя на табе, і ты будзеш сляпы і не ўбачыш сонца да часу. — І тут жа напалі на яго змрок і цемра; і ён, замітусіўшыся сюды-туды, шукаў павадыроў.
Вось жа цяпер дакране цябе рука Госпадава! Будзеш сьляпы і нейкі час ня будзеш бачыць — сонца". І зараз жа пала на яго цемра і сьлепата. Ён хадзіў кругом, шукаючы, каб хто яго завёў за руку.
Тады праконсул, убачыўшы, што адбылося, увераваў, уражаны вучэннем Гасподнім.
Бачачы, што здарылася, праконсул уверыў, зьдзіўлены навукай Госпадавай.
І, адплыўшы з Пафа, Павел і тыя, хто быў з ім, прыбылі ў Пергію, што ў Памфіліі; а Іаан, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Іерусалім.
Адплыўшы з Пафы, Павал і яго сябры прыбылі ў Пэргэ ў Памфіліі, а Ян вярнуўся ў Ерузалім, адлучыўшыся ад іх.
Яны ж, прайшоўшы ад Пергіі, прыбылі ў Антыёхію Пісідыйскую і, увайшоўшы ў сінагогу ў суботні дзень, селі.
Яны ж прайшлі Пэргэ і дайшлі да Антыёхіі Пізыдскай. У шабат увайшлі ў сынагогу і там прыселі.
І пасля чытання закона і прарокаў начальнікі сінагогі паслалі да іх сказаць: Мужы браты, калі ў вас ёсць якое-небудзь слова настаўлення для народу, кажыце.
Па прачытаньні закону і прарокаў старэйшыны сынагогі паслалі па іх і сказалі: "Калі маеце, браты, нейкае слова заахвоты для народу — прамоўце!"
І Павел, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: Мужы ізраільскія і тыя, хто баіцца Бога, паслухайце.
Тады падняўся Павал, і, даўшы знак рукою маўчаць, прамовіў: "Слухайце Ізраельцы ды вы, што баіцёся Бога!
Бог гэтага народа, Ізраіля, выбраў нашых бацькоў і ўзвысіў гэты народ падчас бытнасці ў егіпецкай зямлі, і высокай рукою вывеў іх з яе,
Бог гэтага народу Ізраельскага выбраў нашых бацькоў ды ўзвысіў народ, калі былі жыхарамі зямлі Эгіпецкай і магутнаю рукою вывеў іх з яе.
і каля сарака гадоў цярпеў37 іх у пустэльні
Каля сорак гадоў зносіў цярпліва іхнія абычаі ў пустыні.
і, знішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаанскай, Ён даў іх зямлю ў спадчыну [ім]
Ды выгубіўшы сем народаў у зямлі Ханаан, жэрабям /лёсам/ падзяліў зямлю іхнюю /у спадчыну/.
прыблізна на чатырыста пяцьдзесят гадоў. І пасля гэтага даваў суддзяў аж да прарока Самуіла.
Меней болей па чатырыста пяцьдзесяці гадах. Потым даў ім судьдзяў аж да прарока Самуэля.
А потым яны папрасілі цара, і Бог даў ім Саула, сына Кісавага, чалавека з племя Веньямінавага, на сорак гадоў.
А калі пазней прасілі караля, даў ім Бог Саўла, сына Ціса /Кіша/, з пакаленьня Бэн'яміна на сорак гадоў.
І, адхіліўшы яго, Ён паставіў ім цара Давіда, пра якога і сказаў, сведчачы: «Я знайшоў Давіда, сына Іесеевага, чалавека Мне па сэрцы, які выканае ўсе Мае жаданні».
А калі яго адкінуў, паклікаў ім караля Давіда. Аб ім даў пасьведчаньне, кажучы: "Знайшоў я Давіда, сына Ессэя, чалавека па Сваім сэрцы, каторы ва ўсім споўніць Маю волю".
Ад яго патомства Бог паводле абяцання прывёў Ізраілю Збаўца, Ісуса,
3 яго патомства, па абяцаньню, Бог вывеў для Ізраеля збаўцу Езуса.
пасля таго, як Іаан прапаведаваў перад Яго прыходам хрышчэнне пакаяння ўсяму ізраільскаму народу.
Перад Яго прыходам Ян прапаведаваў хрост наварачэньня — пакуты ўсяму народу Ізраеля.
А калі Іаан завяршаў свой шлях, ён казаў: «Кім вы мяне лічыце? Я не Той, але вось ідзе за мною Той, у Каго я няварты развязаць сандаліі на нагах».
Пад канец сваёй дзейнасьці Ян казаў: "Я ня той, за каго вы мяне ўважаеце. Я ня той. А па мне прыдзе Той, Катораму я ня варт развязаць сандалаў на нагах".
Мужы браты, сыны Аўраамавага роду і тыя між вас, хто баіцца Бога, слова гэтага выратавання было нам38 паслана.
Браты, сыны роду Абрагама і тыя, спаміж вас, што баяцца Бога! Нам пераказана слова, навука аб гэтым збаўленьні.
Бо жыхары Іерусаліма і начальнікі іх, не пазнаўшы Яго і голасу прарокаў, якія чытаюцца штосуботы, выканалі іх, асудзіўшы Яго.
Жыxары Ерузаліма ды іх вярхаводы не прызналі Яго, ды асуджаючы Яго зьдзейсьнілі прадказаньні Прарокаў, чытаныя што шабат.
І хоць не знайшлі ніякай прычыны для смерці, яны папрасілі ў Пілата забіць Яго.
Не знаходзячы ў Ім ніякай віны, вартай сьмерці, дамагаліся ад Пілата, каб Яго забіць.
Калі ж выканалі ўсё, што напісана пра Яго, яны, зняўшы з дрэва, паклалі Яго ў магільню.
А калі выканалі ўсё, што пра Яго было напісана, зьнялі Яго з крыжа, і палажылі ў гробе.
Але Бог уваскрэсіў Яго з мёртвых.
Але Бог ускрасіў Яго з умёршых,
Ён з’яўляўся шмат дзён тым, хто прыйшоў разам з Ім з Галілеі ў Іерусалім, якія [цяпер] Яго сведкі перад народам.
Ды ён паказваўся праз многа дзён тым, што з Ім разам пайшлі з Галілеі ў Ерузалім, а цяпер сьведчаць аб Ім перад народам.
І мы дабравесцім вам абяцанне, якое было дадзена бацькам,
Мы вось вясьцім вам Добрую Навіну аб абяцаньні, дадзеным бацькам:
што Бог гэта выканаў для нас, [іх] дзяцей, уваскрэсіўшы Ісуса, як і напісана ў другім псалме: «Ты Мой Сын; Ты сёння ад Мяне нарадзіўся».
Што Бог споўніў Яго адносна нас, іх дзяцей, ускрашаючы Езуса. Так вось напісана ў другім пісьме: "Ты — Сын Мой. Я Цябе сёньня нарадзіў".
А што Ён уваскрэсіў Яго з мёртвых, так што Ён ужо не вернецца ў тленне, Ён сказаў так: «Я дам вам святое, абяцанае Давіду, непарушнае».
А што Яго ўскрасіў з умёршых і што Ён ня мае распасьціся /спарахнець/ — так высказаў: "Выпаўню вам сьвятыя абяцаньні Давіда".
Таму Ён і ў іншым месцы кажа: «Ты не дасі Твайму Святому ўбачыць тлення».
Таму на іншым месцы кажа: "Не дапушчу сьвятому Твайму бачыць спарахненьне".
Бо Давід, паслужыўшы свайму пакаленню паводле волі Божай, спачыў і быў пахаваны са сваімі бацькамі і ўбачыў тленне.
Але Давід заслужыўшыся свайму пакаленьню, заснуў з волі Божай і быў пахаваны пры сваіх бацьках, і паддаўся распаду.
Той жа, Каго Бог уваскрэсіў, не ўбачыў тлення.
Але той, Каго Бог ускрасіў, ня бачыў гніцьця.
Дык няхай будзе вам вядома, мужы браты, што праз Яго вам абвяшчаецца дараванне грахоў [і] ад усяго, ад чаго вы не маглі быць апраўданыя Маісеевым законам,
Браты, хай будзе вам ведама, што абвяшчаецца вам адпушчэньне грахоў праз Яго.
у Ім кожны, хто верыць, апраўдваецца.
Кожны, хто уверыць — апраўдваецца Ім ад усіх грахоў, ад якіх не маглі быць апраўданы ў Законе Майсея.
Дык глядзіце, каб не прыйшло [на вас] сказанае ў прарокаў:
Дык глядзіце, каб не споўніліся на вас словы Прарокаў:
«Гляньце, пагардлівыя, і здзівіцеся і знікніце, бо Я раблю работу ў вашы дні, работу, якой вы ні ў якім разе не паверылі б, калі б хто расказваў вам».
Глядзіце шыдэрцы, дзівіцеся ды адыйдзіцеся, бо ў дні вашыя спаўняюцца даконы, катораму вы б не ўверылі, калі б вам, хтосьці аб ім гаварыў.
І калі Павел і Варнава выходзілі [з іудзейскай сінагогі, язычнікі] іх прасілі, каб гэтыя словы ім былі расказаны ў наступную суботу.
Калі яны выходзілі, прасілі іх, каб яны ў наступны шабат гаварылі б яны пра тое самае.
А калі сход сінагогі быў распушчаны, многія з іудзеяў і набожных празелітаў пайшлі ўслед за Паўлам і Варнавам, якія, гаворачы з імі, пераконвалі іх заставацца ў ласцы Божай.
Па заканчэньні сабрання, многа жыдоў і набожных празэлітаў праводзілі Паўла і Барнабу, каторыя заахвочвалі іх да трываньня ў ласцы Божай.
А ў наступную суботу амаль увесь горад сабраўся, каб паслухаць слова Божае.
А ў наступны шабат блізу ўвесь горад сыйшоўся слухаць слова Божага.
Але іудзеі, убачыўшы натоўпы, напоўніліся зайздрасцю, пачалі богазневажаючы, пярэчыць таму, што казаў Павел.
Калі жыды ўбачылі натоўпы, ахапіла іх зайдрасьць /завіднасьць/. Дык блюзьнілі і пярэчылі таму, што навучаў Павал.
А Павел і Варнава, выступаючы адважна, сказалі: Неабходна было, каб вам першым было сказана слова Божае. А як вы аспрэчваеце яго і не лічыце сябе вартымі вечнага жыцця, то вось, мы звяртаемся да язычнікаў.
Тады Павал і Барнаба сказалі адважна: "Перш вам належалася б вясьціць слова Божае, але калі вы яго адкідваеце ды самі сябе ўважаеце за нягодных жыцьця вечнага, ды мы звернемся да паганаў.
Бо так загадаў нам Госпад: «Я паставіў Цябе святлом язычнікам, каб Ты быў для выратавання да краю зямлі».
Бо гэтак загадаў нам Госпад: "Устанавіў Я Цябе сьвятлом для паганаў, каб быў ты збаўленьнем аж на скрай зямлі."
І язычнікі, чуючы гэта, радаваліся і славілі слова Гасподняе; і ўверавалі ўсе, якія былі прызначаны ў вечнае жыццё.
Пагане чуючы гэта — цешыліся ды славілі слова /шанавалі/ Госпадава. А ўсе да жыцьця вечнага, — уверылі.
І слова Гасподняе шырылася па ўсёй краіне.
І слова Госпадава разшыралася па ўсім краі.
Але іудзеі падбухторылі набожных [і] паважаных жанчын і першых людзей горада і ўчынілі ганенне на Паўла і Вараву, і выгналі іх са сваіх межаў.
Тым часам жыды падбурылі пабожных і паважаных жанчынаў ды знатных грамадзян і выклікалі прасьледаваньне Паўла і Барнабы, ды выкінулі іх з сваіх граніцаў /зямель/.
А яны, абтросшы пыл са сваіх ног, прыйшлі ў Іконій.
А яны адтросшы на іх пыл ад сваіх ног направіліся ў Іконію.
А вучні напаўняліся радасцю і Святым Духам.
А вучні былі поўныя радасьці і Духа Сьвятога.