Марка 13 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І, калі Ён выходзіў са святыні, кажа Яму адзін з Яго вучняў: Настаўніку, паглядзі, якое каменне і якія будынкі!
 
І, калі Ён выходзіў са святыні, гаворыць Яму адзін з вучняў Яго: «Настаўнік, глянь, што за камяні ды якія пабудовы!»

І Ісус сказаў яму: Бачыш гэтыя вялікія будынкі? Ні ў якім разе не астанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны.
 
А Ісус гаворыць яму: «Бачыш усе гэтыя велізарныя будоўлі? Не застанецца з іх каменя на камені, які б не быў развалены».

І калі Ён сядзеў на Аліўнай гары насупроць святыні, пыталіся ў Яго на адзіноце Пётр, Іякаў, Іаан і Андрэй:
 
І, калі Ісус сядзеў на гары Аліўнай насупраць святыні, пыталіся Яго асобна Пётра, і Якуб, і Ян, і Андрэй:

Скажы нам, калі гэта будзе і які будзе знак, калі ўсё гэта пачне заканчвацца?
 
«Скажы нам, калі гэта станецца, і што за знак будзе, калі ўсё гэта пачне збывацца?»

І Ісус пачаў казаць ім: Глядзіце, каб хто вас не звёў у зман:
 
І Ісус пачаў ім казаць: «Глядзіце, каб вас хто не звёў.

многія прыйдуць пад Маім імем, кажучы: «Гэта Я», і многіх звядуць у зман.
 
Бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: «Гэта я», і яны многіх звядуць.

Калі ж пачуеце пра войны і ваенныя пагалоскі, не трывожцеся: гэта павінна адбыцца, але гэта яшчэ не канец.
 
А калі пачуеце вы пра войны і чуткі пра войны, не трывожцеся, бо так павінна быць, але гэта яшчэ не канец.

Бо паўстане народ на народ і царства на царства, будуць землятрусы месцамі, будзе голад [і смуты]; гэта пачатак родавых боляў.
 
Бо падымецца народ на народ ды царства на царства, ды будуць месцамі землятрусы і голад. Гэта пачатак пакут.

Глядзіце ж вы за сабою; будуць аддаваць вас у сінедрыёны і будуць біць у сінагогах і перад намеснікамі і царамі будуць вас ставіць з-за Мяне на сведчанне ім.
 
Глядзіце самі сябе. Будуць вас аддаваць у суды і біць у сінагогах, і будзеце стаяць перад намеснікамі і царамі на сведчанне ім дзеля Мяне.

Але ва ўсіх народах спярша павінна быць абвешчана Евангелле.
 
І трэба, каб перш было абвешчана Евангелле ўсім народам.

І калі вас павядуць, выдаючы, не турбуйцеся загадзя, што вам сказаць, а што вам будзе дадзена ў тую гадзіну, тое кажыце: бо не вы будзеце казаць, а Святы Дух.
 
І, калі павядуць вас выдаваць, не думайце, што вам гаварыць, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое скажаце, бо не вы будзеце гаварыць, але Дух Святы.

І выдасць брат брата на смерць і бацька дзіця, і паўстануць дзеці на бацькоў і заб’юць іх;
 
І будзе выдаваць на смерць брат брата і бацька сына; і паўстануць сыны супраць бацькоў ды будуць забіваць іх.

і будуць усе вас ненавідзець з-за Майго імя. Але хто выстаіць да канца, будзе ўратаваны.
 
І будзеце вы ў нянавісці ад усіх за імя Маё; але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.

Калі ж убачыце брыдоту спусташэння, [пра якую сказана Даніілам прарокам і] якая стаіць там, дзе не павінна быць, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, хто ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы,
 
Дык калі ўбачыце, што настала агіда спусташэння там, дзе не мела быць, — хто чытае, хай разумее, — тады тыя, якія ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,

хто [ж] на даху, няхай не спускаецца і не ўваходзіць узяць што са свайго дому,
 
а хто на даху, хай не сыходзіць у дом, ды хай не ідзе, каб што ўзяць з дому свайго,

і хто ў полі, няхай не вяртаецца назад узяць сваё адзенне.
 
і хто на полі, хай не вяртаецца, каб узяць вопратку сваю.

Бяда ж тым, хто мае ва ўлонні, і тым, што кормяць грудзьмі ў гэтыя дні!
 
Гора будзе цяжарным ды карміцелькам у тыя дні.

Маліцеся ж, каб не здарылася гэта34 зімою:
 
Дзеля таго маліцеся, каб не сталася гэта зімою.

бо тыя дні будуць такім горам, якога не было ад пачатку свету, што стварыў Бог, аж дагэтуль, і не будзе ніколі.
 
Бо ў тыя дні будзе такі прыгнёт, якога не было ад заснавання свету, які Бог стварыў, аж дасюль, і не будзе.

І калі б не скараціў Госпад гэтых дзён, не ўратавалася б нішто жывое; але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, Ён скараціў гэтыя дні.
 
І, калі б Госпад не скараціў тых дзён, не ўратавалася б аніякае цела; але скараціў дні дзеля выбраных, якіх Ён выбраў.

І тады, калі хто вам скажа: «Вось, тут Хрыстос», «Вось, там», — не верце;
 
І, калі б хто вам тады сказаў: «Вось тут Хрыстос, або там», — не верце.

бо паўстануць ілжэхрысты і лжэпрарокі і будуць рабіць знакі і цуды, каб звесці ў зман, калі можна, [і] выбраных.
 
Бо з”явяцца фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць даваць знакі ды цуды, каб звесці, калі гэта магчыма, нават выбраных.

Вы ж глядзіце: Я наперад сказаў вам усё.
 
Дык сцеражыцеся: на тое Я вам усё прадказаў.

Але ў тыя дні пасля гора таго, сонца зацьміцца і месяц не дасць свайго святла,
 
А ў тыя дні, па тузе той зацемрыцца сонца, ды месяц не дасць святла свайго,

і зоркі будуць падаць з неба і сілы, што ў нябёсах, захістаюцца.
 
і зоркі нябесныя падаць будуць, ды  сілы, што на небе, пахіснуцца.

І тады ўбачаць Сына Чалавечага, што будзе ісці ў воблаках з вялікаю сілаю і славаю.
 
І тады ўбачаць Сына Чалавечага, што прыходзіць на аблоках з вялікай магутнасцю і славаю.

І тады пашле Ён Анёлаў і збярэ [Сваіх] выбраных ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
 
І тады пашле анёлаў Сваіх і збярэ з чатырох бакоў ад краю да краю света выбраных Сваіх.

Ад фігавага ж дрэва вучыцеся праз прыпадабненне: калі яго галіна ўжо мякчэе і выпускае лісце, вы ведаеце, што блізка лета;
 
З фігавага дрэва бярыце прыклад. Калі яго галінка лагаднее і пускае лісты, вы ведаеце, што ўжо блізка лета.

так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
 
Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што і гэта блізка, пры дзвярах.

Сапраўды кажу вам, што ні ў якім разе не праміне гэтае пакаленне, як усё гэта спраўдзіцца.
 
Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленне гэта, аж гэта ўсё станецца.

Неба і зямля мінуць, а Мае словы не мінуць.
 
Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.

Але пра той дзень ці гадзіну не ведае ніхто, ні Анёлы ў небе, ні Сын, а толькі Бацька.
 
А дня таго і хвіліны ніхто не ведае; ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.

Глядзіце, будзьце пільныя, [і маліцеся]: бо не ведаеце, калі надыдзе часіна.
 
Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі гэты час надыдзе.

Гэта як чалавек, што выехаў з краю і пакінуў свой дом і даў сваім слугам уладу [і] кожнаму — сваю працу, а брамніку загадаў, каб быў чуйны.
 
Будзе, як з чалавекам, які выехаў у дарогу і пакінуў свой дом, і даў уладу сваім слугам, кожнаму свой абавязак, а прыдзвернаму, каб той чуваў.

Дык будзьце чуйныя: бо не ведаеце, калі прыходзіць гаспадар дома: увечары, ці апоўначы, ці ў пеўневыя галасы, ці раніцаю,
 
Дык чувайце, бо не ведаеце, калі гаспадар дома вернецца: вечарам, ці апоўначы, ці калі певень запяе, ці раніцай,

каб, прыйшоўшы неспадзявана, не заспеў вас у сне.
 
каб, калі вернецца неспадзявана, не застаў вас спаўшымі.

А што вам кажу, тое ўсім кажу: Будзьце чуйныя!
 
А што вам кажу, усім кажу: чувайце!»