Марка 3 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2003
І Ён зноў увайшоў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў усохлую руку.
І Ён зноў увайшоў у сінагогу. І быў там сухарукі чалавек.
І сачылі за Ім, ці не вылечыць яго ў суботу, каб абвінаваціць Яго.
І сачылі за Ім, ці будзе аздараўляць у суботу, каб Яго абвінаваціць.
І кажа Ён чалавеку, які меў сухую руку: Падыміся і стань на сярэдзіну.
І кажа сухарукаму чалавеку: «Стань пасярэдзіне!»
А ім кажа: Ці дазваляецца ў суботу дабро рабіць ці ліха чыніць, жыццё ўратаваць ці забіць? — Яны ж маўчалі.
Да іх жа кажа: «Ці ў суботу трэба добра рабіць, ці мо блага? Жыццё выратаваць ці загубіць?» Але яны маўчалі.
І, агледзеўшы іх з гневам, засмучаны закамянеласцю іх сэрцаў, кажа Ён гэтаму чалавеку: Выцягні сваю руку. — І той выцягнуў, і яго рука ўзнавілася8.
Дык азіраючы іх з гневам, засмучаны асляпеннем іх сэрцаў, кажа чалавеку: «Выцягні руку!» І выцягнуў руку, і рука яго ажыла.
Фарысеі ж, выйшаўшы, адразу з ірадыянамі прынялі рашэнне супроць Яго, каб Яго загубіць.
Фарызеі ж, выйшаўшы, зрабілі адразу нараду з ірадыянамі супраць Яго, як бы Яго загубіць.
А Ісус са Сваімі вучнямі адышоў да мора, і вялікае мноства з Галілеі [пайшло ўслед за Ім], і з Іудзеі,
Затым Ісус разам з вучнямі Сваімі адышоў да мора. І вялікі натоўп з Галілеі ішоў за Ім, і з Юдэі,
і з Іерусаліма, і з Ідумеі, і з Заіардання, і з ваколіц Тыра і Сідона, — вялікае мноства, пачуўшы пра ўсё, што Ён рабіў, прыйшло да Яго.
і з Ерузаліма, з Ідумеі; і тыя, што з-за Ярдана, ды з ваколіцаў Тыра і Сідона велізарны натоўп, пачуўшы, што Ісус чыніў, сабраўся да Яго.
І сказаў Ён Сваім вучням, каб лодка для Яго была напагатове з-за натоўпу, каб не напіралі на Яго;
Дык сказаў Ён вучням Сваім, каб парупіліся пра лодку, каб вялікае мноства людзей не заціснула Яго.
бо многіх Ён вылечыў, так што ўсе, каго даймалі хваробы, кідаліся да Яго, каб дакрануцца да Яго.
Бо многіх аздараўляў, таму піхаліся да Яго ўсе, што хварэлі, каб дакрануцца да Яго.
І нячыстыя духі, калі Яго бачылі, падалі перад Ім і крычалі, кажучы: Ты — Сын Божы.
І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім, крычучы: «Ты — Сын Божы!»
Ды Ён сурова забараняў ім абвяшчаць пра Яго.
Ён жа строга забараняў ім выяўляць Яго.
І Ён узыходзіць на гару і кліча да Сябе, каго Сам хацеў, і яны пайшлі да Яго.
І ўзыходзіць на гару, і кліча да Сябе тых, каго Сам хацеў, і прыйшлі да Яго.
І прызначыў дванаццаць, [якіх і Апосталамі назваў], каб былі з Ім і каб Ён пасылаў іх прапаведаваць
І вызначыў дванаццаць, каб яны былі пры Ім; і каб пасылаць іх прапаведаваць,
і каб яны мелі ўладу [вылечваць хваробы і] выганяць дэманаў;
і каб яны мелі ўладу аздараўляць хваробы і выганяць дэманаў;
[і вызначыў гэтых дванаццаць]: і даў імя Сіману — Пётр
Пётру, як перамяніў Ён імя Сімону,
і Іякава Зевядзеевага, і Іаана, Іякавага брата, і даў ім імя Ваанергес, гэта значыць «Громавы сыны»;
і Якуба Зебядзеевага, і Яна, брата Якуба, і надаў ім імя Боанэргес, што значыць Сыны Громавы,
і Андрэя, і Філіпа, і Варфаламея, і Матфея, і Фаму, і Іякава Алфеевага, і Фадзея, і Сімана Кананіта,
і Андрэя, і Піліпа, і Баўтрамея, і Мацвея, і Тамаша, і Якуба Алфеева, і Тадэя ды Сімона Кананіта,
і Іуду Іскарыёта, які і выдаў Яго.
і Юду Іскарыёта, які Яго выдаў.
І прыходзіць Ён у дом; і сходзіцца зноў натоўп, так што яны не маглі нават хлеба з’есці.
І ўваходзяць у дом; і сышлося зноў мноства народу, так што не маглі нават хлеба з’есці.
І Яго родныя, дачуўшыся, выйшлі забраць Яго; бо казалі: Ён не ў Сабе.
І калі пачулі гэта сваякі, выйшлі, каб узяць Яго, бо казалі яны: «Ашалеў».
А кніжнікі, якія прыйшлі з Іерусаліма, казалі: у Ім веельзевул, і Ён праз уладара дэманаў выганяе дэманаў.
І кніжнікі, што прыбылі з Ерузаліма, казалі: «Мае Бэльзебула», і: «Моцай князя дэманскага выганяе дэманаў».
І, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: Як можа сатана сатану выганяць?
І Ісус, пазваўшы іх, гаварыў да іх у прыпавесцях: «Як шатан можа выганяць шатана?
І калі царства падзеліцца само супроць сябе, то не можа ўстаяць тое царства;
Калі царства раздзеліцца ў сабе, не можа ўтрымацца такое царства.
і калі дом падзеліцца сам супроць сябе, то не можа ўстаяць той дом.
І калі і дом у нязгодзе, не можа ўтрымацца дом такі.
І калі сатана паўстаў сам супроць сябе і падзяліўся, не можа ён устаяць, а прыйшоў канец яму.
І калі шатан паўстаў супраць сябе самога і раздзяліўся, не можа ўтрымацца, але прыйшоў яму канец.
Але ніхто не можа, увайшоўшы ў дом дужага, абрабаваць яго дабро, калі спярша не звяжа дужага, — і тады яго дом абрабуе.
Ніхто, увайшоўшы ў дом асілка, не можа абрабаваць яго маёмасці, калі перш не звяжа асілка, і тады абрабуе дом яго.
Сапраўды кажу вам: будуць дараваны чалавечым сынам усе грахі і ўсе блюзнерствы, якімі б яны ні блюзнерылі;
Сапраўды кажу вам: усе грахі будуць адпушчаны сынам чалавечым, нават блюзнерствы, якіх бы ні дапусціліся.
але хто зблюзнерыць на Святога Духа, таму няма даравання навекі, а вінаваты ён у вечным граху.
Калі б аднак хто блюзніў супраць Духа Святога, той не атрымае адпушчэння навек, але будзе вінаваты ў граху вечна».
Ён сказаў гэта, бо яны казалі: у Ім нячысты дух.
Бо казалі яны, што Ён мае духа нячыстага.
І прыходзіць Яго Маці і Яго браты і, стоячы знадворку, паслалі да Яго, каб паклікаць Яго.
І прыйшла Маці Яго і браты Яго, і, чакаючы перад домам, паслалі да Яго клікаць Яго.
І вакол Яго сядзеў натоўп; і кажуць Яму: Вось Твая Маці і Твае браты [і Твае сёстры] знадворку, шукаюць Цябе.
Кругом Яго сядзеў народ, і казалі Яму: «Вось, Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае перад домам, шукаюць Цябе».
І ў адказ ім Ён кажа: Хто Мая маці і [Мае] браты?
А Ён у адказ кажа ім: «Хто Маці Мая і браты Мае?»
І, аглядзеўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: Вось Мая маці і Мае браты!
І, паглядзеўшы на тых, што вакол Яго сядзелі, кажа: «Вось Маці Мая і браты Мае!
[Бо] хто выконвае волю Божую, той Мой брат, і сястра, і Маці.
Хто спаўняе волю Бога, той — брат Мой, і сястра Мая, і Маці».