1 да Карынфянаў 12 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2017
А што да духоўных дароў, браты, — я не хачу, каб вы заставаліся ў няведанні.
Не хачу, браты, каб вы не ведалі пра духоўныя дары.
Вы ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, вы хадзілі да безгалосых ідалаў, так, як бы вялі вас.
Бо вы ведаеце, як вы былі паганамі, дык хадзілі да нямых ідалаў, быццам вялі вас.
Таму аб’яўляю вам, што ніхто, гаворачы ў Духу Божым, не скажа: «Анафема Ісусу»; і ніхто не можа сказаць: «Ісус — Госпад!» — акрамя як у Святым Духу.
Дзеля таго даводжу вам, што ніхто, хто гаворыць у Духу Божым, не кажа: «Анатэма Ісусу!» Ды ніхто не можа назваць Госпадам Ісуса, як толькі ў Духу Святым.
Але ёсць адрозненні ў дараваннях, а Дух — той самы.
Розныя дары ласкі, але адзін і той самы Дух.
І ёсць адрозненні ў служэннях, а Госпад — той самы.
І адрозненні ў служэннях, але той самы Госпад.
І ёсць адрозненні ў дзеяннях; а Бог — той самы, што робіць усё ва ўсіх.
І адрозненні ў дзейнасці, але той самы Бог, Які ўсё ва ўсіх робіць.
Але кожнаму даецца выяўленне Духа на карысць.
Кожнаму даецца аб’яўленне Духа для карысці.
Бо аднаму праз Духа даецца слова мудрасці, другому — слова ведання тым самым Духам;
Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому даецца тым самым Духам слова ведання,
іншаму — вера ў тым жа Духу, а яшчэ іншаму — дар вылечвання ў адным Духу,
яшчэ іншаму даецца вера тым жа Духам, іншаму — дары аздараўлення тым самым Духам,
а іншаму — чыніць цуды; а іншаму — прароцтва; а іншаму — распазнаванне духаў; іншаму — розныя роды моў; а другому — тлумачэнне моў.
іншаму — чыніць цуды, іншаму — праракаванне, іншаму — распазнаванне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэнне моў.
Але ўсё гэта робіць адзін і той самы Дух, раздаючы кожнаму асобна, як Ён хоча.
Усё гэта робіць адзін і той самы Дух, даючы кожнаму, як Ён хоча.
Бо як цела адно і мае многа членаў, але ўсе члены [аднаго] цела, хоць іх шмат, — гэта адно цела, так і Хрыстос.
Як адно цела мае многа членаў, а ўсе члены аднаго цела, хоць іх многа, твораць адно цела, так і Хрыстос.
Бо і ў адным Духу мы ўсе хрысціліся ў адно цела — іудзеі ці эліны, рабы ці свабодныя, і ўсе мы былі напоены адным Духам.
Мы бо ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці то юдэі, ці то грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоены адным Духам.
Бо і цела — не адзін член, а многа.
А цела складаецца не з аднаго члена, але з многіх.
Калі нага скажа: «Таму што я не рука, то я не ад цела», гэта не значыць, што таму яна не ад цела.
Калі б нага сказала: «Я не ад цела, бо я не рука», дык няўжо яна таму і не ад цела?
І калі вуха скажа: «Таму што я не вока, то я не ад цела», гэта не значыць, што таму яно не ад цела.
Або калі вуха скажа: «Я не ад цела, бо я не вока», дык няўжо яно і не ад цела?
Калі б усё цела было вока, дзе быў бы слых? Калі б усё яно было слых, то дзе быў бы нюх?
Калі б усё цела было вокам, дзе ж слых? А калі б усё цела было б слых, дык дзе нюх?
Але цяпер Бог размясціў члены — кожны з іх — у целе, як Ён захацеў.
Але цяпер Бог размясціў члены так, што кожны з іх у целе, як Ён захацеў.
Бо, калі б усе былі адзін член, то дзе было б цела?
А калі б усе былі адным членам, дык дзе ж цела?
Але цяпер многа членаў, а цела адно.
Вось цяпер членаў многа, а цела — адно.
І не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне не патрэбна», ці зноў жа галава нагам: «Вы мне не патрэбны».
Не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне непатрэбна!» або галава нагам: «Вы мне не патрэбны!»
Але наадварот: тыя члены цела, якія здаюцца слабейшымі, — яны неабходныя.
Наадварот, члены цела, якія падаюцца слабейшымі, больш патрэбныя,
А тыя члены цела, якія нам здаюцца менш пачэснымі ў целе, — іх мы акружаем яшчэ большай пашанай; і нашы саромныя члены набываюць яшчэ большую прыстойнасць,
ды тыя, якія мы лічым менш пачэснымі ў целе, мы акружаем асаблівай пашанай, а тыя, што лічацца непрыстойнымі, маюць асаблівае ўшанаванне,
а нашы прыстойныя ў гэтым патрэбы не маюць. Але Бог сабраў цела, даўшы большую пашану таму, хто мае большую нястачу,
а нашы прыстойныя не патрабуюць нічога. Але Бог уфармаваў цела, даўшы большую пашану таму, якому не хапае,
каб не было падзелу ў целе, а каб члены аднолькава рупіліся адзін аб адным.
каб не было ў целе раздзялення, але каб паасобныя члены рупіліся адзін аб адным.
І калі пакутуе адзін член, пакутуюць з ім усе члены; і калі славіцца адзін член, разам радуюцца ўсе члены.
Такім чынам, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены. Падобна, калі славіцца адзін член, радуюцца з ім усе члены.
А вы — цела Хрыстова і паасобна члены.
Вы — Цела Хрыстова, а паасобна — члены.
І некаторых Бог паставіў у царкве, па-першае, Апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэцяе, настаўнікамі; потым даў сілы, потым дары вылечвання, падтрымкі, кіравання, [розныя] роды моў.
І адных Бог паставіў у Царкве па-першае — Апосталамі, па-другое — прарокамі, па-трэцяе — настаўнікамі, потым тых, што маюць моц чынення цудаў, потым дары аздараўлення, дар успамогі, дар гаспадаравання, дар усякіх моў.
Ці ўсе Апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе робяць цуды?
А ці ўсе Апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе сілы?
Ці ўсе маюць дар вылечвання? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?
Ці ўсе маюць дары аздараўлення? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?
Але вы рупцеся аб большых дарах. А я пакажу вам шлях яшчэ лепшы.
Рупцеся аб дарах большых, а я вам пакажу шлях яшчэ больш дасканалы.