Мацьвея 21 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
І калі наблíзіліся да Іерусаліма і прыйшлі ў Віфагíю да гары Елеонскай, тады Іісус паслаў двух вучняў,
І калі падыйшлі да Ерусаліму і ўвайходзілі ў Віфагію пры гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў, кажучы ім:
сказаўшы ім: ідзіце ў се́лішча, якое перад вамі; і адразу зно́йдзеце аслíцу прывя́заную і асляня́ з ёю; адвяза́ўшы, прывядзíце да Мяне.
«Ідзеце ў аселішча, што проста перад вамі, і зараз-жа знойдзеце асьліцу прывязаную й пасьля зь ёю. Адвязаўшы, прывядзеце іх да Мяне.
І калі хто вам скажа што-небудзь, вы адка́жаце, што яны патрэбны Госпаду; і адразу пашле́ іх.
І калі хто скажа вам штось, адкажэце, што яны патрэбны Госпаду — і ўраз-жа пашле».
А ўсё гэта ста́лася, каб збыло́ся ска́занае праз прарока, які гаворыць:
Усё гэта сталася, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць:
«скажы́це дачцэ́ Сіёнавай: вось, Цар твой ідзе да цябе лаго́дны, се́дзячы на аслíцы і асляня́ці, сы́не пад’ярэмнай».
«Скажэце дачцы Сыонавай: вось Уладар твой ідзе да цябе, лагодны, седзячы на асьліцы й асьляці, сыне пад’ярэмнай».
Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Іісус:
І, пайшоўшы, вучні зрабілі так, як загадаў ім Ісус.
прывялі аслíцу і асляня́; і пакла́лі на іх во́пратку сваю, і Ён сеў паве́рх яе.
Прывялі асьліцу й асьля й палажылі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх іх.
Мноства людзей пасціла́лі во́пратку сваю на дарогу, а іншыя зраза́лі галíны з дрэў і пасціла́лі на дарогу.
Гурмы народу пасьцілалі вопратку сваю па дарозе, а іншыя зразалі галінкі дрэў і пасьцілалі імі дарогу.
А народ, які ішоў папе́радзе і следам, ускліка́ў: Аса́нна Сыну Давíдаваму! благаславёны Той, Хто прыходзіць ў імя́ Гасподняе! Аса́нна ў вы́шніх!
Мноства народу, што йшло перад Ім і за Ім, ідучы ўсклікалі: «Гасанна Сыну Давідаву! Дабраславёны, Хто йдзе ў імя Гасподняе! Гасанна ў вышынях!».
І калі ўвайшоў Ён у Іерусалім, узру́шыўся ўвесь горад, і казалі: хто гэта?
І калі ўвайшоў Ён у Ерусалім, усё места ўзрушылася, і гаварылі: «Хто-ж гэта?».
А народ казаў: гэта Іісус, Прарок з Назарэта Галіле́йскага.
Народ-жа адказаў: «Гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага».
І ўвайшоў Іісус у храм Божы і павыганя́ў усіх тых, якія прадава́лі і купля́лі ў храме, і перакулíў сталы́ мяня́лаў і ўсло́ны тых, што прадавалі галубоў.
Ісус-жа, увайшоўшы ў сьвятыню Божую, выгнаў усіх прадаўцоў і пакупнікаў у сьвятыні й сталы мянялаў і лавы гандляроў галубамі перавярнуў.
І кажа ім: напíсана: «дом Мой домам малітвы назаве́цца»; а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.
І сказаў: «Напісана ёсьць: дом Мой домам малітвы назавецца, а вы зрабілі яго прытонам разбойнікаў».
І прыступíлі да Яго ў храме сляпыя і кульга́выя, і Ён ацаліў іх.
І прыступілі да Яго ў сьвятыні сьляпыя й калекі, і Ён іх аздаравіў.
А першасвятары́ і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён зрабіў, і дзяцей, якія ўскліка́лі ў храме і казалі: «Аса́нна Сыну Давідаваму», абу́рыліся
Архірэі-ж і кніжнікі, гледзячы на цуды, якія Ён стварыў, і на дзяцей, якія ўсклікалі ў сьвятыні: «Гасанна Сыну Давідаву!» — праняліся нянавісьцяй.
і сказалі Яму: чуеш, што яны кажуць? А Іісус кажа ім: так! хіба́ вы ніколі не чыталі: «з вуснаў дзетак і немаўля́т Ты ўчынíў хвалу́?»
І сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны гавораць?» Ісус-жа кажа ім: «Так! Ці-ж вы ніколі ня чыталі, што з вуснаў дзетак і сасункоў Ты ўчыніў хвалу?»
І, пакінуўшы іх, Ён выйшаў з горада ў Віфа́нію і правёў там ноч.
І пакнінуўшы іх, пайшоў зь места ў Віфанію й там застаўся.
А раніцай, вярта́ючыся ў горад, захацеў Ён есці.
А нараніцы, вяртаючыся ў места, адчуў голад.
І, убачыўшы пры дарозе адну смако́ўніцу, Ён падышоў да яе і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лíсця, кажа ёй: няхай не будзе больш ад цябе пло́ду даве́ку. І адразу ўсохла смако́ўніца.
І, угледзеўшы пры дарозе смакоўніцу, падыйшоў да яе, і не знайшоўшы на ёй нічога, апрача толькі лісьця, сказаў да яе: «Няхай-жа ніколі ня будзе на табе плоду давеку». І смакоўніца зараз жа засохла.
Убачыўшы гэта, вучні здзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смако́ўніца?
Убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся й гаварылі: «Як-жа хутка засохла смакоўніца».
Іісус жа сказаў ім у адказ: праўду кажу вам: калі будзеце мець веру і не засумнява́ецеся, то не толькі зробіце тое, што адбыло́ся са смако́ўніцай, але калі і гары́ гэтай ска́жаце: «падыміся і ўве́ргніся ў мора», — будзе так.
Ісус-жа ў адказ сказаў ім: «Папраўдзе кажу вам, калі будзеце мець веру бяз сумліву, дык ня толькі падобнае да смакоўнічага створыце, але каб і гары гэтай сказалі: Узьніміся й кінься ў мора — гэтак станецца.
І ўсё, чаго ні папро́сіце ў малітве з вераю, атрыма́еце.
І ўсё, чаго папросіце ў малітве зь вераю, атрымаеце».
І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, прыступíлі да Яго першасвятары́ і старэйшыны народу і сказалі: якою ўла́даю Ты гэта робіш? і хто Табе даў ула́ду такую?
І калі прыйшоў Ён у храм і навучаў, прыступілі да Яго архірэі й старшыні народныя, кажучы: «Якою ўладаю Ты гэта чыніш, і хто Табе даў гэткую ўладу?»
Іісус сказаў ім у адказ: спытаю ў вас і Я адну рэч; калі гэта ска́жаце Мне, то і Я вам скажу, якою ўла́даю гэта раблю.
У адказ ім Ісус сказаў: «Я таксама дам вам адно пытанне, і калі вы Мне адкажаце, то й Я вам скажу, якою ўладаю гэта чыню».
Хрышчэ́нне Іаанава адкуль было́: з неба ці ад людзей? Яны ж разважа́лі паміж сабою: калі скажам: «з неба», то Ён скажа нам: «чаму ж вы не паве́рылі яму?»
«Хрышчэньне Янава адкуль было? Зь неба ці ад людзей?» Яны-ж разважылі між сабою: «Калі скажам: Зь неба, Ён скажа нам: — Чаму-ж вы не паверылі яму?»
А калі скажам: «ад людзей», — баімся народу, бо ўсе лічаць Іаана прарокам.
А калі скажам — ад людзей, боязна прад народам, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока».
І яны сказалі ў адказ Іісусу: не ведаем. Сказаў ім і Ён: і Я вам не скажу, якою ўла́даю гэта раблю.
І ў адказ Ісусу сказалі: «Мы ня ведаем». Тады Ісус сказаў ім: «Не скажу й Я вам, якою ўладаю гэта чыню.
А як вам здае́цца? У аднаго чалавека было́ два сыны́; і ён, падышоўшы да першага, сказаў: сы́не! ідзі, сёння папрацу́й у вінагра́дніку маім.
Як вы думаеце? Нейкі чалавек меў двух сыноў і, падыйшоўшы да першага сказаў: Сыне, ідзі сёньня працаваць у вінаградніку маім.
Але ён сказаў у адказ: «не хачу»; а потым, раска́яўшыся, пайшоў.
І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэты сказаў у адказ: «іду, гаспадар»; і не пайшоў.
Той-жа ў адказ сказаў: Я йду, гаспадару — і не пайшоў.
Каторы з двух вы́канаў волю ба́цькі? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Іісус: праўду кажу вам, што мы́тнікі і блуднíцы папе́радзе вас ідуць у Царства Божае.
Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Ісус гаворыць ім: «Папраўдзе кажу вам, што мытнікі й блудніцы йдуць наперадзе вас у Валадарства Божае.
Бо прыйшоў да вас Іаан шляхам праведнасці, і вы не паверылі яму, а мы́тнікі і блуднíцы паверылі яму; вы ж, бачыўшы гэта, не раска́яліся і потым, каб паве́рыць яму.
Бо прыйшоў да вас Ян Хрысьціцель шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму; а мытнікі й блудніцы паверылі яму; вы-ж, бачыўшы гэтае, не пакаяліся потым, каб паверыць яму».
Вы́слухайце іншую прытчу. Быў адзін чалавек, гаспадар дома, які насадзíў вінагра́днік, і агаро́джаю абнёс яго, і вы́капаў у ім выціска́льню, і збудаваў вежу, і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучы́ўся.
«Іншую прыпавесьць слухайце. Нейкі чалавек, гаспадарны домаўласьнік, насадзіў вінаграднік, абгарадзіў яго, выкапаў у ім сьцёк, пабудаваў вежу і, здаўшы яго вінаградарам, адышоў.
А калі надышоў час збору пладоў, ён паслаў сваіх рабоў да вінагра́дараў узяць плады́ свае.
Калі-ж надышоў час плёнаў, ён паслаў слугаў сваіх узяць плёны свае.
Вінагра́дары, схапіўшы рабоў яго, каго набілі, каго забілі, а каго каме́ннем пабілі.
Вінаградары, схапіўшы слугаў яго, аднаго прыбілі, іншага забілі, а яшчэ іншага каменьнямі пабілі.
Зноў паслаў ён іншых рабоў, больш чым ране́й; і з імі зрабілі тое самае.
Зноў паслаў ён іншых слугаў, больш, як першы раз. І зь імі зрабілі тое самае.
Нарэшце паслаў ён да іх сы́на свайго, ка́жучы: пасаро́меюцца сы́на майго.
Урэшце, паслаў ён да іх сына свайго, кажучы: Яны ўважаць на сына майго.
Але вінагра́дары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкае́мец; хадзе́м, заб’ём яго і завалодаем спа́дчынай яго.
Але вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: «Гэта спадкаемца, давайце заб'ём яго й заўладаем спадчынай ягонай».
І, схапіўшы яго, вы́велі вон з вінагра́дніка і забілі.
І ўзяўшы яго, вывелі вонкі зь вінаградніку й забілі.
І вось, калі пры́йдзе гаспадар вінагра́дніка, што́ зробіць ён з гэтымі вінагра́дарамі?
Што-ж зробіць гаспадар з гэтымі вінаградарамі, калі вернецца дадому?»
Кажуць Яму: злачынцаў гэтых пакарае злой смерцю, а вінаграднік перада́сць іншым вінагра́дарам, якія аддава́ць будуць яму плады ў свой час.
Кажуць Яму: «Злыдняў гэтых аддасьць на ліхую сьмерць, а вінаграднік аддасьць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плёны ў свой час».
Іісус кажа ім: няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісанні: «ка́мень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаў галавою вугла́: ад Госпада ста́лася гэта, і яно дзіўнае ў вачах нашых»?
Ісус кажа ім: «Няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісаньні, што камень, зганьбаваны будаўнічымі, той самы стаўся галавою вугла; ад Госпада сталася гэта, і ёсьць дзіўна ў вачох вашых.
Таму кажу вам, што будзе забра́на ў вас Царства Божае і да́дзена будзе народу, які прыно́сіць плады яго.
Дзеля гэтага кажу вам, што адыймецца ад вас Уладарства Божае й дадзена будзе народу, які творыць плёны яго.
І той, хто ўпадзе́ на гэты ка́мень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе́, таго разду́шыць.
І хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, разатрэ».
І, пачуўшы прытчы Яго, першасвятары́ і фарысеі зразуме́лі, што пра іх Ён гаворыць.
І, пачуўшы прыпавесьці Ягоныя, архірэі й фарысеі зразумелі, што гаворыць пра іх.
І наме́рваліся схапіць Яго, але пабаяліся народу, бо Яго лічы́лі прарокам.
І стараліся схапіць Яго, але пабаяліся народу, бо Яго ўважалі за прарока.