Марка 10 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
І адыйшоўшы адтуль, прыходзіць у межы Юдэі з боку Ярдану. І зноў зьбіраюцца каля Яго людзі; і па звычаю Свайму (Ён) ізноў вучыў іх.
І вырушыўшы адтуль, прыходзіць Ён у межы Іудзеі і ў Заіярданне, і зноў збіраюцца да Яго натоўпы, і Ён, як звычайна, зноў навучаў іх.
І, падыйшоўшы, хварысэі спакушаючы Яго спыталіся ў Яго: ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю?
І, падышоўшы, фарысеі пыталіся ў Яго выпрабоўваючы: «Ці дазваляецца мужу адпускаць жонку»
Ён жа адказаўшы сказаў ім: што вам наказаў Масей?
У адказ Ён сказаў ім: «Што вам запаведаў Майсей?»
А яны сказалі: Масей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца.
Яны ж сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і адпусціць».
І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: дзеля жорсткасьці сэрца вашага (ён) напісаў вам гэты наказ.
А Ісус сказаў ім: «З-за вашага нячулага сэрца ён напісаў гэтую запаведзь.
Бо на пачатку тварэньня Бог мужчынай і жанчынай стварыў іх.
Ад пачатку ж стварэння Бог «мужчынаю і жанчынаю стварыў іх.
Пагэтаму пакіне чалавек бацьку свайго і маці і будзе прылеплены да жонкі сваёй.
Таму пакіне муж свайго бацьку і маці [і прылепіцца да свае жонкі]
І будуць двое (злучаны) у адно цела, так што ўжо ёсьць ня двое, а адно цела.
І будуць яны абое адным целам», так што яны ўжо не два, але адно цела.
Пагэтаму, што Бог злучыў, чалавек ня павінен разлучаць.
Дык вось, што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае».
А ў доме вучні Ягоныя ізноў спыталіся Яго пра тое самае.
І ў доме вучні зноў пра гэта спыталіся ў Яго.
І кажа ім: калі хто разьвядзецца з жонкаю сваёю і возьме (за жонку) другую, творыць пералюб супраць яе (жонкі).
І Ён кажа ім: «Хто адпусціць сваю жонку і ажэніцца з іншаю, той чыніць пералюб супроць яе;
Таксама і жонка калі разьвядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за другога, творыць пералюб.
І калі яна, пакінуўшы свайго мужа, выйдзе замуж за іншага, чыніць пералюб».
І прыносілі да Яго дзяцей, каб (Ён) дакрануўся да іх; але вучні ня дапускалі тых, што прыно́сілі.
І прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; вучні ж забаранялі ім.
Убачыўшы гэтае, Ісус загневаўся і сказаў ім: пусьціце дзяцей прыходзіць да Мяне і ня перашкаджайце ім, бо гэткіх ёсьць Валадарства Бога.
Ісус жа, убачыўшы, абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такіх ёсць Божае Царства.
Праўду кажу вам: калі хто ня прыйме Валадарства Бога, як дзіця, ня ўвойдзе ў Яго.
Папраўдзе кажу вам: Хто не прыйме Божага Царства, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго».
І абняўшы іх, усклаўшы на іх Ру́кі, багаславіў іх.
І, абняўшы іх, блаславіў, усклаўшы на іх рукі.
А калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўніку добры! што мне рабіць, каб успадкава́ць жыцьцё вечнае?
І, калі выходзіў Ён у дарогу, падбег адзін і, упаўшы на калені перад Ім, спытаўся ў Яго: «Дасканалы Настаўніку, што рабіць мне, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё?»
Ісус жа сказаў яму: чаму (ты) называеш Мяне добрым? (Бо) ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
Ісус жа сказаў яму: «Што ты завеш Мяне Дасканалым? Ніхто не дасканалы, толькі адзін Бог.
Прыказа́ньні ведаеш: ня чыні пералюбу; ня забівай; ня крадзі; ня сьведчы ілжыва; ня ашу́квай; шануй бацьку твайго і матку.
Ты ведаеш запаведзі: «Ні забі, не чыні пералюбу, не украдзі, не сведчы фальшыва, не ашуквай, шануй свайго бацьку і маці».
Ён жа адказаўшы сказаў Яму: Настаўнік! усяго гэтага я пільнаваўся змалку дзён маіх.
А ён сказаў Яму: «Настаўніку, усё гэта я захоўваў са сваёй маладосці».
Ісус жа, глянуўшы на яго, упадабаў яго і сказаў яму: аднаго табе ня хапае: пайдзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб на Небе; і, узяўшы крыж, прыходзь і ідзі сьледам за Мною.
Ісус жа, паглядзеўшы на яго, упадабаў яго і сказаў яму: «Аднаго табе не хапае: ідзі, усё, што маеш, прадай, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, і ідзі ўслед за Мною [узяўшы крыж]».
Ён жа стаўшы засмучаным гэтым словам, адыйшоў замаркочаным; бо меў вялікую маёмасьць.
А той, панурыўшыся ад гэтага слова, пайшоў засмучаны: бо меў вялікі набытак.
І паглядзеўшы навако́л Ісус кажа вучням Сваім: зь якімі цяжкасьцямі багатыя ўвойдуць у Валадарства Бога!
І, паглядзеўшы навокал, Ісус кажа Сваім вучням: «Як цяжка будзе тым, што маюць багацце, увайсці ў Божае Царства».
Вучні ж былí ўра́жаны ад слоў Ягоных. Але Ісус ізноў пачаўшы гаварыць, кажа ім: дзеці! як цяжка ўвайсьці ў Валадарства Бога тым, хто ўскладае надзею на багацьце;
Вучні жахнуліся ад Яго слоў. Ісус жа зноў кажа ім: «Дзеці, як цяжка ўвайсці ў Божае Царства [тым, што ўскладаюць надзею на багацце].
лягчэй вярблюду́ прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Бога.
Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Божае Царства».
Яны ж былі вельмі моцна зьдзіўлены, гаворачы між сабою: дык хто тады можа быць уратаваным?
Яны ж надзвычай уразіліся, кажучы між сабою: «І хто ж можа збавіцца!»
І глянуўшы на іх, Ісус кажа: людзям (гэта) нямагчыма, але ня Богу; бо ўсё магчыма Богу.
Паглядзеўшы на іх, Ісус кажа: «Людзям гэта немажліва, але не Богу: бо ўсё мажліва Богу».
І пачаў Пётра гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою.
Пачаў казаць Пятро Яму: «Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою».
І адказаўшы Ісус сказаў: праўду кажу вам: няма нікога хто пакінуў дом, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо матку, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля Мяне і Эвангельля,
Сказаў Ісус: «Папраўдзе кажу вам, няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці маці, ці бацьку, ці дзяцей, ці палі дзеля Мяне і дзеля Дабравесця,
і ня атрыма́ў бы цяпер, у гэты час сярод перасьледаваньняў у сто разоў больш дамоў і братоў і сёстраў, і матак, і дзяцей, і земляў, а ў веку будучым жыцьця вечнага.
і не атрымае ў сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, і братоў, і сясцёр, і мацярок, і дзяцей, і палёў, пры ганеннях, а ў веку наступным — вечнае жыццё.
І многія першыя будуць апошнімі, а апошнія першымі.
Многія ж першыя будуць апошнімі і апошнія першымі.
Калі (яны) былі ў дарозе ўзыходзячы ў Ярузалім, а Ісус ішоў паперадзе іх, а яны ідучы ўсьлед за (Ім) жаха́ліся і былі ў страху. І ўзяўшы дванаццаць (Ён) ізноў пачаў гаварыць ім тое, што мае зь Ім стацца:
Былі ж яны ў дарозе, падымаючыся ў Ерусалім, і Ісус ішоў паперадзе іх, і яны жахаліся, а тыя, што ішлі ўслед за Ім, баяліся. І, узяўшы, зноў Дванаццаць, Ён пачаў казаць ім, што павінна адбыцца з Ім:
Вось мы ўзыходзім у Ярузалім, і Сын Чалавечы будзе прада́ны архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць і перададуць Яго паганам (на сьмерць).
«Вось, узыходзім мы ў Ерусалім і Чалавечы Сын будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на смерць, і выдадуць Яго язычнікам,
І назьдзекуюцца над Ім, і будуць бічаваць Яго, і аплююць Яго, і заб’юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне.
і насміхацца будуць з Яго, і будуць пляваць на Яго, і будуць бічаваць Яго, і заб’юць, ды праз тры дні Ён уваскрэсне.»
Тады падыйшлі да Яго Якуб і Яан, сыны Завядзея, кажучы: Настаўнік! хочам каб (Ты) зрабіў нам, калі чаго папросім.
І падходзяць да Яго Якаў і Іаан, Завядзеевы сыны, і кажуць Яму: «Настаўніку, каб Ты зрабіў нам тое, што мы Цябе папросім».
Ён жа сказаў ім: чаго хочаце, каб Я зрабіў вам?
А Ён сказаў ім: «Што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?»
Яны ж сказалі Яму: дай нам, каб адзін справа ад Цябе, а другі зьлева ад Цябе селі ў Славе Тваёй.
Яны ж сказалі Яму: «Дай нам, каб мы адзін праваруч Цябе, адзін леваруч сядзелі ў славе Тваёй».
Але Ісус сказаў ім: ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чару, якую Я п’ю і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?
Ісус жа сказаў ім: «Не ведаеце, што просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, ці хрысціцца хрышчэннем, якім Я хрышчуся?»
Яны ж сказалі Яму: можам. А Ісус сказаў ім: запраўды чару, якую Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны.
Яны ж сказалі Яму: «Можам». Ісус жа сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце пахрышчаны,
Але сесьці праваруч ад Мяне і леваруч ад Мяне — ня Маё (права) даваць, але каму ўгатавана.
А сядзець паваруч ці леваруч не Мне даваць, але тым, каму ўгатавана».
І пачуўшы дзесяць пача́лі абурацца на Якуба і Яана.
І, пачуўшы, дзесяць пачалі гневацца на Якава і Іаана.
А Ісус, паклікаўшы іх, гаворыць ім: (вы) ведаеце, што тыя, што лíчацца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльмо́жы іхнія валадараць над імі.
І, паклікаўшы іх, Ісус кажа ім: «Вы ведаеце: тыя, што лічацца начальнікамі над народамі, пануюць над імі, і вяльможы іх паказваюць сваю ўладу над імі;
Але ня так хай будзе паміж вамі, але калі хто хоча стаць большым сярод вас, хай будзе вам слугою.
Ды не так між вамі, але хто між вас хоча вялікім быць, няхай будзе вашым слугою;
І хто хоча (між) вамі стаць першым, хай будзе для ўсіх рабом.
І хто хоча між вамі быць першым, хай будзе рабом усіх;
Бо і Сын Чалавечы прыйшоў ня каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць жыцьцё Сваё як выкуп за многіх.
Бо і Чалавечы Сын не дзеля таго прыйшоў, каб Яму паслужылі але каб паслужыць і аддаць Сваё жыццё ў выкуп за многіх».
І прыходзяць у Ярыхон. А пры выходзе зь Ярыхону Ягоным і вучняў Ягоных і мноства народу (натыкаюцца што) каля дарогі сядзеў жабруючы сьляпы Варцімей, сын Цімея.
І прыходзяць яны ў Ерыхон. І калі выходзіў Ён з Ерыхона са Сваімі вучнямі і вялізным натоўпам, — Тымееў сын, Вартымей, сляпы папрасімец, сядзеў пры дарозе.
І пачуўшы што (сярод народу) знаходзіцца Ісус Назарэй, пачаў крычаць і гаварыць: Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!
І, пачуўшы, што гэта Ісус Назаранін, пачаў ён крычаць і прасіць: «Сыне Давідаў, Ісусе, злітуйся нада мною!»
І многія зага́двалі яму, каб змоўк; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў! зьлітуйся нада мною!
І сварыліся на яго многія, каб замоўк; а ён яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давідаў, злітуйся нада мною!»
І, спыніўшыся, Ісус загадаў яго паклікаць. І клічуць сьляпога кажучы яму: ня бойся, уставай, кліча цябе.
І, спыніўшыся, Ісус сказаў: «Паклічце яго». І клічуць сляпога, кажучы яму: «Мацуйся, устань, кліча цябе!»
І ён ськінуўшы верхнюю вопратку сваю, устаўшы падыйшоў да Ісуса.
Ён, жа скінуўшы сваю вопратку, ускочыў і падышоў да Ісуса.
І адказаўшы гаворыць яму Ісус: чаго хочаш, каб Я зрабіў табе? А сьляпы сказаў Яму: Вучыцелю! каб мне празерыць.
І, азваўшыся, Ісус сказаў яму: «Што ты хочаш, каб Я табе зрабіў?» Сляпы ж сказаў Яму: «Раввуні, каб бачыў я».
Ісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І той адразу празерыў і пайшоў за Ісусам па дарозе.
Ісус сказаў яму: «Ідзі, твая вера ўратавала цябе». І той адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім па дарозе.