Выслоўяў Саламонавых 19 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Лепш бедны, які ходзіць у сваёй нявіннасьці, чым зь ілжывымі вуснамі, і пры гэтым неразумны.
Лепш бедны, які ходзіць у беззаганнасьці сваёй, чым крывадушны вуснамі сваімі, і да таго ж дурны.
Нядобра душы бязь ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі, спатыкаецца.
Таксама нядобра душы бяз ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі [сваімі], згрэшыць.
Неразумнасьць чалавека скрыўляе дарогу, а сэрца ягонае гневаецца на Госпада.
Неразумнасьць чалавека кры́віць шлях ягоны, але сэрца ягонае гневаецца на ГОСПАДА.
Багацьце памнажае сяброў, а беднага пакідае і сябар ягоны.
Маёмасьць дадае шматлікіх сяброў, а ўбогага пакідае бліжні ягоны.
Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня, і хто гаворыць няпраўду, не ўратуецца.
Сьведка фальшывы не пазьбегне пакараньня, і хто дыхае няпраўдай, не ўратуецца.
Многія дагаджаюць заможным; і кожны — сябар чалавеку, які не шкадуе гасьцінцаў.
Шмат хто паніжаецца перад магнатам, і кожны — бліжні чалавеку, які [дае] падарункі.
Беднага ненавідзяць усе браты ягоныя, тым болей прыяцелі ягоныя адпадаюць ад яго; гоніцца за словам парады, а іх і на гэта няма.
Усе браты беднага ненавідзяць яго, тым больш сябры ягоныя аддаляюцца ад яго; той бяжыць, каб паразмаўляць, але іх няма.
Хто набіраецца розуму, той любіць душу сваю; хто пільнуецца разумнасьці, знаходзіць дабро.
Хто набывае розум, той любіць душу сваю, хто шукае разважлівасьці — знаходзіць дабро.
Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня; і хто гаворыць няпраўду, загіне.
Сьведка фальшывы не пазьбегне пакараньня, і хто дыхае няпраўдай, загіне.
Ня прыстоіць неразумнаму раскоша, тым болей рабу панаваньне над князямі.
Не пасуе дурню раскоша, тым больш слузе мець уладу над князямі.
Здаровы розум робіць чалавека павольным на гнеў, а слава ягоная — паблажлівым да неразважлівых учынкаў.
Розум чалавека стрымлівае гнеў ягоны, і слава яго — у прабачэньні правінаў.
Гнеў цара — як рык ільва, а ласка ягоная — як раса на траву.
Гнеў валадара — як ры́каньне ільва, а зычлівасьць ягоная — як раса́ на траве.
Неразумны сын — пагібель бацьку ягонаму, а сварлівая жонка — сьцёкавая рына.
Неразумны сын — загуба для ба́цькі, а сварлівая жонка — як няспыннае ка́паньне [праз дах].
Дом і маёмасьць — спадчына ад бацькоў, а разумная жонка — ад Госпада.
Дом і маёмасьць — спадчына ад бацькоў, але разумная жонка — ад ГОСПАДА.
Гультайства наганяе дрымоту, і нядбайная душа будзе галадаць.
Лянота кідае ў сон, і нядбайная душа будзе цярпець голад.
Захавальнік запаведзі захоўвае душу сваю, а хто ня дбае пра шяхі свае — загіне.
Хто захоўвае прыказаньні — захоўвае душу сваю, хто не шануе шлях Яго — памрэ.
Міласэрны да беднага пазычае Госпаду; і Ён аддасьць яму за дабрачынства ягонае.
Хто лі́туецца над убогім, той пазычае ГОСПАДУ, за дабрадзейства Ён аднагародзіць яму.
Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і не абурайся крыкам ягоным.
Кара́й сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і няхай не спрычы́ніцца да загубы яго душа твая.
Чалавек вялікага гневу нясе пакараньне; бо, калі пашкадуеш яго, давядзецца табе яшчэ больш караць яго.
Зласьлівы няхай атрымае пакараньне, бо калі пашкадуеш яго, яшчэ больш павялічыш [ка́ру].
Слухайся рады і прымай кару, каб зрабіцца табе пасьля мудрым.
Слухай пара́ды і прыймай настаўленьне, каб стаўся ты мудрым пры канцы [дзён].
Шмат задумаў у сэрцы ў чалавека, але збудзецца толькі задуманае Госпадам.
Шмат думак у сэрцы чалавека, але збудзецца намер ГОСПАДА.
Радасьць чалавеку — дабрачыннасьць ягоная, і бедны чалавек лепшы, чым хлусьлівы.
Пажаданая для чалавека міласэрнасьць ягоная, і бедны лепшы за чалавека хлусьлівага.
Страх Гасподні вядзе да жыцьця, і хто мае яго, заўсёды будзе задаволены, і ліха не спасьцігне яго.
Страх перад ГОСПАДАМ [вядзе] да жыцьця, і такі [чалавек] будзе жыць, і насыціцца, і зло не наведае яго.
Гультай апускае руку сваю ў чару, і ня хоча данесьці яе да вуснаў сваіх.
Гультай хавае руку сваю ў місе, але нават да вуснаў сваіх не падымае яе.
Калі ты пакараеш блюзьнера, дык і просты зробіцца разумным; і калі засьцеражэш разумнага, дык ён зразумее настаўленьне.
Бі насьмешніка, і неразумны паразумнее, дакарай разумнага, і ён здабудзе веданьне.
Хто бацьку руйнуе і выганяе маці — сын бессаромны і ганебны.
Руйнуе бацьку, выганяе маці сын, які прыносіць сорам і ганьбу.
Перастань, сыне мой, слухаць угаворы ўхіліцца ад голасу розуму.
Перастань, сыне мой, слухаць настаўленьні, якія адводзяць ад словаў веданьня.
Падступны сьведка зьдзекуецца з праўды, і вусны бязбожных глытаюць няпраўду.
Сьведка нягодны насьміхаецца над судом, і вусны бязбожнікаў глытаюць злачынства.
На блюзьнераў гатовыя суды, і ўдары — на цела дурных.
Падрыхтаваныя прысуды для насьмешнікаў, а хваста́ньне — на плечы дурняў.