Выслоўяў Саламонавых 11 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Няправільныя вагі — агідныя Госпаду, а правільныя вагі ўпадабаньне Яму.
Агіда для ГОСПАДА — ша́лі падманлівыя, а ва́гі дакладныя даспадобы Яму.
Прыйдзе пыхлівасьць, прыйдзе і ганьба; а са сьціплымі — мудрасьць.
Прыходзіць пыхлівасьць, прыходзіць і ганьба, а ў пакорлівых — мудрасьць.
Беззаганнасьць будзе кіраваць пабожнымі, а хітрасьць вераломных загубіць іх.
Беззаганнасьць пра́вых вядзе іх, а крывадушнасьць здрадлівых загубіць іх.
Не паможа багацьце ў дзень гневу; а праўда ўратуе ад сьмерці.
Не дапаможа багацьце ў дзень гневу, а праведнасьць ратуе ад сьмерці.
Праўда беззаганнага прастуе дарогу яму, а бязбожны ўпадзе ад бязбожнасьці сваёй.
Праведнасьць беззаганнага раўняе шлях ягоны, а бязбожнік па́дае праз бязбожнасьць сваю.
Праўда пабожных ратуе іх, а бязбожнікі будуць злоўлены беззаконьнем сваім.
Праведнасьць пра́вых ратуе іх, а ліхадзеі будуць злоўленыя злачынствам сваім.
Надзея бязбожніка зьнікае пры сьмерці, і спадзяваньне бязбожных зьнікае.
Калі памірае чалавек бязбожны, гіне надзея [яго], і спадзяваньне злачынцаў прападае.
Праведніку ёсьць ратунак зь нягоды, а замест яго трапляе ў яе бязбожны.
Праведнік ратуецца ад бяды, а бязбожнік прыходзіць на месца яго.
Вуснамі крывадушнік нішчыць блізкага свайго, а праведнікі празорлівасьцю ратуюцца.
Крывадушнік вуснамі забівае бліжняга свайго, а праведнік ратуецца праз веданьне.
З дабрадзенства праведнікаў радуецца горад, а як гіне бязбожны — сьпявае.
Калі добра ідзе праведным, радуецца горад, і калі гінуць бязбожнікі, сьвяткуе.
Дабраславеньнем праведных узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.
Дабраславенствам пра́вых узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.
Недавумак пагарджае блізкім сваім; а разумны чалавек маўчыць.
Той, хто пазбаўлены розуму, пагарджае бліжнім сваім, а чалавек разумны захоўвае мір.
Хто ходзіць у паклёпніках, той адкрывае таямніцу; а верны чалавек яе хавае.
Хто ходзіць з абмовамі, адкрывае таямніцу, а той, хто верны духам, захоўвае слова.
Дзе няма добрае рады, там занепадае народ, а пры многіх радцах — дабрадзенствуе.
Дзе няма добрай ра́ды, народ прападае, а пры мностве дарадцаў — выратаваньне.
Ліха той сабе спрычыняе, хто паручаецца за староньняга; а хто ненавідзіць заруку, той у бясьпецы.
Шкодзіць сабе той, хто паручаецца за чужога, а хто ненавідзіць даваць руку, той бясьпечны.
Жанчына з добрым норавам здабывае гонар, а працавітыя дасягаюць багацьця.
Пачцівая жанчына здабывае славу, і моцныя здабываюць багацьце.
Чалавек мілажальны дабрачыніць душы сваёй, а жорсткі сэрцам разбурае плоць сваю.
Чалавек міласэрны робіць дабро душы сваёй, а бязьлітасны нішчыць цела сваё.
Бязбожны робіць справу ненадзейную, а таму, хто сее праўду — узнагарода пэўная.
Падманлівы набытак здабудзе бязбожнік, а таму, хто сее праведнасьць, будзе пэўная нагарода.
Праведнасьць вядзе да жыцьця, а хто імкнецца да ліхога, імкнецца да сьмерці сваёй.
Праведнасьць [вядзе] да жыцьця, а хто імкнецца да зла, [імкнецца] да сьмерці.
Агіда Госпаду — падступныя сэрцам; а падабаецца Яму, хто ў беспахібнасьці ходзіць.
Агіда для ГОСПАДА крывадушныя сэрцам, але тыя, хто ходзяць беззаганна, даспадобы Яму.
Можна паручыцца, што грэшнік не застанецца без пакараньня; а насеньне праведных уратуецца.
Можна паручы́цца, зло не пазьбегне пакараньня, а насеньне праведных будзе збаўленае.
Што залатое колца ў лычы ў сьвіньні, тое жанчына прыгожая і — неразумная.
Як залатое колца ў лычы сьвіньні, так прыгожая жанчына, але бяз розуму.
Жаданьне праведных — толькі дабро, надзея бязбожных — гнеў.
Прагненьне праведнікаў — толькі дабро, а чаканьне бязбожнікаў — гнеў.
Адзін сыпле шчодра і яму яшчэ дадаецца; а другі звыш меры ашчадлівы, і аднак жа бяднее.
Адзін сыпе [шчодра], і дадаецца яму, а другі лішне ашчадны, і бяднее.
Дабрачынная душа будзе насычана, і хто напойвае іншых, той і сам напоены будзе.
Дабрадзейная душа будзе насычана, і хто поіць [другіх], сам напоены будзе.
Хто хавае ў сябе збожжа, таго народ кляне; і дабраслаўляе таго, хто прадае.
Хто затрымлівае збожжа, таго праклінае народ, але дабраславенства на галаве таго, хто продае.
Хто імкнецца да дабра, той шукае Божае ласкі; а хто шукае благога, да таго яно і прыходзіць.
Хто імкнецца да дабра, той шукае зычлівасьці, а хто шукае зла, да таго яно прыйдзе.
Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе; а праведнікі, як лісьце, зазелянеюць.
Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе, а праведнікі, як лісьце, зелянеюць.
Хто разладжвае дом свой, успадкуе вецер, а неразумны будзе слугаваць мудраму.
Хто руйнуе дом свой, атрымае ў спадчыну вецер, і неразумны будзе слугою мудрага сэрцам.
Плод праведніка — дрэва жыцьця, а мудры яднае душы.
Плод праведнага — дрэва жыцьця, і мудры здабывае душы.
Так аддаецца на зямлі праведніку, тым болей бязбожнаму і грэшніку.
Вось, праведнік будзе мець адплату на зямлі, пагатоў бязбожнік і грэшнік.