Выслоўяў Саламонавых 22 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Добрае імя лепшае за вялікае багацьце, і добрая слава лепшая за срэбра і золата.
Лепш [добрае] імя, чым вялікія багацьці, лепш добрая слава, чым срэбра і золата.
Багаты і бедны сустракаюцца адзін з адным; таго і другога стварыў Гасподзь.
Багаты і бедны сустракаюцца, Творца іх усіх — ГОСПАД.
Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад, прымаюць кару.
Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя.
За пакораю ідзе сьледам страх Гасподні, багацьце і слава і жыцьцё.
[Нагарода] за пакору і страх перад ГОСПАДАМ — багацьце, і слава, і жыцьцё.
Церні і сеткі на дарозе падступнага; хто беражэ душу сваю, адыдзіся ад іх.
Церні і пасткі на шляху крывадушнага, а хто захоўвае душу сваю, той аддаляецца ад іх.
Наставі юнака на пачатку шляху яго: ён ня збочыць зь яго, калі і састарыцца.
Пастаў юнака на слушны шлях, і ён ня збочыць з яго, нават калі састарэе.
Багаты пануе над бедным, і даўжнік робіцца рабом пазычальніка.
Багаты пануе над бедным, і чалавек, які ўзяў пазыку, — слуга паве́рніка.
Хто сее няпраўду, пажне буру, і біч гневу яго прападзе.
Хто сее беззаконьне, той будзе жаць ліха, і кій гневу ягонага будзе зьнішчаны.
Міласэрны будзе дабраславёны, бо дае беднаму ад хлеба свайго.
Хто мае добрае вока, той будзе дабраслаўлёны, бо з хлеба свайго дае ўбогаму.
Прагані блюзьнера, і зьнікне разлад, і выйдзе зь ім свара і кляцьба.
Выгані насьмешніка, і адыйдзе зва́дка, і суцішацца спрэчкі і абра́зы.
Хто любіць чысьціню сэрца, той мае прыемнасьць на вуснах, таму цар — сябар.
Хто любіць чыстасьць сэрца, у таго ласка на вуснах яго, і валадар з ім сябруе.
Вочы Госпада ахоўваюць веды, а словы вераломнікаў Ён абвяргае.
Вочы ГОСПАДА захоўваюць веданьне, Ён касуе словы ліхадзея.
Гультай кажа: «леў на вуліцы! сярод плошчы заб’юць мяне!»
Гультай кажа: «Леў на двары, пасярод плошчы буду забіты».
Глыбокая прорва — вусны распусьніц; на каго ўгневаецца Гасподзь, той упадзе туды.
Вусны чужаніцы — глыбокая яма, на каго загневаўся ГОСПАД, той уваліцца туды.
Глупства прывязалася да сэрца юнака; але дубец выхаваньня адвядзе яе ад яго.
Дурасьць прывязаная да сэрца юнака, але дубец настаўленьня выганіць яе.
Хто крыўдзіць беднага, каб памножыць сваё багацьце, і хто дае багатаму, той зьбяднее.
Хто ўціскае ўбогага, каб памножыць сваё, і дае багатаму, той згалее.
Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё павярні да маіх ведаў;
Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё зьвярні да ведаў маіх,
бо добра будзе, калі ты будзеш хаваць іх у сэрцы тваім, і яны будуць таксама на вуснах тваіх.
бо цудоўна будзе, калі захаваеш іх у нутры тваім, і будуць яны таксама на вуснах тваіх,
Каб надзея твая была на Госпада, я вучу цябе і сёньня, і ты памятай.
каб пэўнасьць твая была ў ГОСПАДЗЕ, я вучу цябе сёньня.
Ці ж ня пісаў я табе тройчы ў парадах і ў настаўленьні,
Ці ж не пісаў я табе тройчы пара́ды і навучаньні,
каб навучыць цябе дакладным словам ісьціны, каб ты мог сказаць словы ісьціны тым, хто папытае ў цябе?
каб паведаміць табе дакладныя словы праўды, каб ты мог перадаць словы праўды тым, што паслалі цябе?
Не абірай беднага, бо ён бедны; і не заціскай няшчаснага ў браме;
Не абдзірай убогага, таму што ён убогі, і не ўціскай прыгнечанага каля брамы,
бо Гасподзь заступіцца за справу іхнюю і забярэ душу ў рабаўнікоў іхніх.
бо ГОСПАД будзе бараніць у справе іхняй і адбярэ душу́ ў тых, што іх абіраюць.
Не сябруй зь гняўлівым і ня супольнічай з чалавекам запальчывым,
Не сябруй з васпа́нам гняўлівым і з чалавекам нястрыманым не хадзі,
каб ня стаць на шляхі ягоныя і не наклікаць пятлі на душу тваю.
каб ты не навучыўся сьцежкам яго і не нацягнуў пятлі на душу тваю.
Ня будзь з тых, якія даюць рукі і ручаюцца за пазыкі.
Ня будзь з тых, што даюць руку, што заручаюцца за даўгі.
Калі табе няма чым заплаціць, дык навошта даводзіць сябе, каб узялі пасьцель тваю з-пад цябе.
Калі ня маеш, чым заплаціць, навошта маюць забраць з-пад цябе ложак твой?
Не перасоўвай мяжы даўняй, якую правялі бацькі твае.
Не перасоўвай мяжы старадаўняй, якую вызначылі бацькі́ твае.
Ці бачыў ты чалавека спраўнага ва ўчынках сваіх? Ён будзе стаяць перад царамі; ён ня будзе стаяць перад простымі.
Ці бачыў ты чалавека, спраўнага ў занятку сваім? Перад абліччам валадароў ён будзе стаяць, ня будзе ён стаяць перад прасьцякамі.