Выслоўяў Саламонавых 3 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Сыне мой! навукі маёй не забывай, і запаведзі мае хай захоўвае сэрца тваё;
Сыне мой, не забывайся настаўленьня майго, і няхай сэрца тваё захоўвае прыказаньні мае,
бо даўжыні дзён, гадоў жыцьця і міру яны памножаць табе.
бо доўгія дні, гады жыцьця і супакой прынясуць яны табе.
Літасьцівасьць і праўда хай не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю тваю, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго:
Міласэрнасьць і праўда няхай не пакідаюць цябе, абвяжы імі шыю сабе і напішы іх на табліцах сэрца твайго,
і здабудзеш мудрасьць і ласку ў вачах Бога і людзей.
і знойдзеш ты ласку і спагаднасьць у вачах Бога і людзей.
Спадзявайся на Госпада ўсім сэрцам тваім і не кладзі надзеі на розум твой.
Спадзявайся на ГОСПАДА ўсім сэрцам сваім і не абапірайся на розум свой.
На ўсіх дарогах тваіх спазнавай Яго, і Ён выпрастуе шляхі твае.
Думай пра Яго на ўсіх шляхах тваіх, і Ён выпрастуе сьцежкі твае.
Ня будзь мудрацом у вачах тваіх; бойся Госпада, і пазьбягай ліха;
Ня будзь мудры ў вачах сваіх, бойся ГОСПАДА і пазьбягай ліхоты.
Гэта будзе здароўе целу твайму і ежа касьцям тваім.
Гэта будзе здароўем для цела твайго і спасіленьнем косткам тваім.
Шануй Госпада ад імя твайго і ад пачаткаў усіх прыбыткаў тваіх;
Шануй ГОСПАДА ўсёй маёмасьцю тваёй і пяршынамі ўсіх пладоў тваіх,
і напоўняцца засекі твае зь верхам, і чавільні твае будуць налівацца новым віном.
і напоўняцца гумны твае збожжам, а тоўчні твае перапоўняцца новым віном.
Пакараньня Гасподняга, сыне мой, не адхіляй, і ня лічы за лішніцу перасьцярогі Ягоныя;
Не адкідай, сыне мой, настаўленьня ГОСПАДАВА, і не ўхіляйся, калі Ён дакарае цябе,
бо, каго любіць Гасподзь, таго карае і дабра зычыць таму, як бацька сыну свайму.
бо каго любіць ГОСПАД, таго кара́е, як бацька, які спагада́е сыну.
Шчасны той чалавек, які надбаў мудрасьць, і чалавек, які здабыў розум!
Шчасьлівы чалавек, які знайшоў мудрасьць, і чалавек, які прыдбаў разуменьне.
Бо здабываньне яе лепшае за здабываньне срэбра, і прыбытку зь яе больш, чым ад золата.
Бо здабыць яе лепш, чым здабыць срэбра, і плады ейныя лепшыя за золата.
Яна даражэйшая за каштоўныя камяні; і нішто з таго, што жадана табе, не зраўняецца зь ёю.
Яна — каштоўнейшая за пэрліны, і нішто з таго, што ты прагнеш, ня можа параўнацца з ёю.
Даўгадзённасьць у правіцы ў яе, а ў лявіцы багацьце і слава;
Доўгасьць дзён у правай руцэ яе, а ў левай руцэ — багацьце і слава.
шляхі яе — шляхі прыемнасьці, і ўсе сьцежкі яе — мірныя.
Шляхі яе — шляхі прыемныя, і ўсе сьцежкі ейныя — супакой.
Яна — дрэва жыцьця тым, што называюць яе, — і шчасныя тыя, што маюць яе!
Яна — дрэва жыцьця для тых, што трымаюцца яе, шчасьлівыя тыя, якія абапіраюцца на яе.
Гасподзь мудрасьцю ўтварыў зямлю, нябёсы паставіў розумам;
ГОСПАД мудрасьцю заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў розумам.
Яго мудрасьцю адчыніліся бездані, і воблакі кропяць расою.
Яго веданьнем расчыніліся бяздоньні і аблокі імгляць расою.
Сыне мой, ня ўпускай з вачэй тваіх гэтага; захоўвай здаровае мысьленьне і разважлівасьць:
Сыне мой, няхай гэта не адыходзіць ад вачэй тваіх, захоўвай разумнасьць і разважнасьць.
і яны будуць жыцьцём душы тваёй і акрасаю шыі тваёй.
І яны стануцца жыцьцём для душы тваёй і аздобаю для шыі тваёй.
Туды бясьпечна пойдзеш шляхам тваім і нага твая не спатыкнецца.
Тады пойдзеш бясьпечна шляхам сваім, і нага твая не пахісьнецца.
Калі ляжаш спаць, ня будзеш баяцца; і як засьнеш, сон твой салодкі будзе.
Калі ляжаш спаць, ня будзеш мець страху, і калі засьнеш, сон твой будзе салодкі.
Не збаішся раптоўнага страху і пагібелі ад бязбожных, калі яна прыйдзе;
Не спалохаешся раптоўнага страху і загубы бязбожнікаў, калі яна прыйдзе,
бо Гасподзь будзе надзеяй тваёй і ўтрымае нагу тваю ад пасткі.
бо ГОСПАД будзе спадзяваньнем тваім і захавае нагу тваю ад пасткі.
Не адмаўляйся рабіць дабро, калі яно трэба, калі рука твая можа зрабіць гэта.
Не адмаўляй у дабрадзействе таму, хто патрабуе, калі рука твая мае сілу зрабіць гэта.
Не кажы сябру твайму: «ідзі і прыйдзі зноў, і заўтра я дам», калі маеш з сабою.
Не кажы бліжняму твайму: «Ідзі сабе і прыйдзі зноў, заўтра дам табе», калі маеш гэта пры сабе.
Не намышляй супроць блізкага твайго ліха, калі ён бясьпечна жыве з табою.
Не надумляй ліхоцьця супраць бліжняга твайго, калі ён жыве пры табе бясьпечна.
Не сварыся з чалавекам бяз прычыны, калі ён не зрабіў табе благога.
Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён не зрабіў табе нічога благога.
Не зайздросьці посьпехам гвалтаўніка і не бяры сабе за прыклад шляхі ягоныя,
Не зайзросьці чалавеку злачыннаму і не выбірай ніводнага са шляхоў ягоных,
бо Гасподзь грэбуе тым, хто распусны, а справядлівага даверам Сваім адарае.
бо ГОСПАД брыдзіцца крывадушным, а з пра́вымі Ён сябруе.
Праклён Гасподні на дом бязбожніка, а дом пабожнага Ён дабраслаўляе.
Праклён ГОСПАДАЎ на доме бязбожніка, але жытло праведных Ён дабраслаўляе.
Калі з блюзьнераў Ён насьміхаецца, дык пакорным дае мілату.
Ён сьмяецца з насьмешнікаў, а пакорным ласку дае.
Мудрыя спадкуюць славу, а непапраўныя немысьлі — ганьбу.
Мудрыя атрымаюць у спадчыну славу, а бязглуздыя насіць будуць ганьбу.