Выслоўяў Саламонавых 27 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Не хваліся заўтрашнім днём; бо ня ведаеш, што той дзень народзіць.
Не хваліся заўтрашнім днём, бо ня ведаеш, што гэты дзень народзіць.
Хай цябе хваліць іншы, а ня вусны твае, — чужы, а не язык твой.
Няхай іншы хва́ліць цябе, а ня вусны твае, нехта чужы, а ня губы твае.
Цяжкі камень, важкі і пясок; але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух.
Камень цяжкі і пясок важкі, але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух.
Жорсткі гнеў, неўтаймавальная лютасьць; але хто ўстоіць супроць зайздрасьці?
Нястрымны гнеў і бязьлітасная ярасьць, але хто ўстаіць перад зайздрасьцю?
Лепей адкрыты дакор, чым прыхаваная любоў.
Лепш адкрытае дакараньне, чым схаваная любоў.
Шчырыя дакоры ад таго, хто любіць, і ілжывыя пацалункі ў таго, хто ненавідзіць.
Раны ад таго, хто любіць, [выказваюць] вернасьць, але шматлікія пацалункі ненавісьніка.
Сытая душа топча і соты, а галоднай душы ўсё горкае — салодкае.
Душа насычаная топчацца па мёдзе, а душы галоднай усё горкае салодкае.
Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так і чалавек, які пакінуў месца сваё.
Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так чалавек, які пакідае месца сваё.
Масьць і дымленьне радуюць сэрца; так салодкі кожнаму сябар з сардэчнай ранай сваёй.
Алей і кадзі́ла радуюць сэрца, а салодкасьць бліжняга — у пара́дзе ад душы.
Не пакідай сябра твайго і сябра бацькі твайго, і ў дом брата твайго ня ідзі ў дзень няшчасьця твайго: лепей сусед блізка, чым брат далёка.
Не пакідай бліжняга твайго і бліжняга ба́цькі твайго, і ў дом брата твайго не хадзі ў дзень няшчасьця твайго, бо лепш сусед блізка, чым брат далёка.
Будзь мудры, сыне мой, і радуй сэрца маё; і я мецьму што адказаць ліхаслоўцу майму.
Будзь мудры, сыне мой, і ўзрадуй сэрца маё, каб мог я адказаць таму, хто зьневажае мяне.
Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад і прымаюць кару.
Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя.
Вазьмі ў яго адзежу ягоную, бо ён паручыўся за чужога; і за чужога вазьмі ў яго заклад.
Забяры адзеньне яго, бо ён паручы́ўся за чужога, і за чужынца вазьмі заклад ад яго.
Хто ўголас хваліць сябра свайго з самай раніцы, таго палічаць за ліхаслоўца.
Таму, хто рана раніцаю гучным голасам дабраслаўляе бліжняга свайго, палічаць гэта за праклён.
Бясконцы капеж у дажджлівы дзень і сварлівая жонка — роўныя;
Няспыннае ка́паньне [праз дах] у дажджлівы дзень і сварлівая жонка — аднолькавыя.
хто хоча схаваць яе, той хоча ўтрымаць вецер і схапіць алей у руку сваю.
Хто [спрабуе] схаваць яе, хавае вецер і пахкі алей у правай руцэ сваёй, які выдае сябе.
Жалеза жалеза вострыць, і чалавек навастрае позірк сябра свайго.
Жалеза жалезам вострыцца, а чалавек вострыць аблічча бліжняга свайго.
Хто даглядае смакоўніцу, той будзе есьці плады зь яе; і хто верна служыць гаспадару свайму, той будзе ў пашане.
Хто даглядае дрэва фігавае, будзе есьці плады яго, а хто пільнуецца гаспадара свайго, будзе ў пашане.
Як у вадзе твар — да твару, так сэрца чалавека — да чалавека.
Як у вадзе аблічча да аблічча, так сэрца чалавека — да чалавека.
Апраметная і Авадон — ненасытныя; ненасытныя і вочы чалавечыя.
Адхлань і пекла ненасытныя, і вочы чалавека ненасытныя.
Што плавільня — срэбру, горан — золату, тое чалавеку вусны, якія хваляць яго.
Літавальны гаршчок для срэбра і горан для золата, а для чалавека — вусны, якія хваляць яго.
Таўчы неразумнага ў ступе таўкачом разам зь зернем, не адлушчыцца ад яго глупства ягонае.
Хоць будзеш таўчы неразумнага таўкачом паміж зерня ў ступе, дурнота ягоная не адыйдзе ад яго.
Добра сачы за быдлам тваім, май клопат за статкі;
Ведай добра авечак тваіх, зьвяртай сэрца тваё да статкаў тваіх,
бо багацьце не навекі, ды і ўлада іхняя хіба з роду ў род?
бо багацьце ня вечнае, і ці ж дыядэма [перадаецца] з пакаленьня ў пакаленьне?
Рунее трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць горныя травы.
Вырастае трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць сена з гораў.
Авечкі — на вопратку табе, і казлы — на закуп поля.
Ягняты — на вопратку табе, і казлы — плата за поле.
І годзе казінага малака на ежу табе, на ежу хатнім тваім і на спажытак служанкам тваім.
І досыць казінага малака на ежу табе, і на ежу дому твайму, і на жыцьцё для служак тваіх.