Да Габрэяў 8 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

А галоўнае ў тым, пра што кажам, вось што: мы маем такога Першасьвятара, які сеў праваруч трона велічы на нябёсах
 
З разважаных намі спраў аснаўной з'яўляецца: Мы маем такога Архісьвятара, які засеў праваруч трона Вялікасьці ў небе,

і ёсьць Сьвяшчэнадзейнік сьвяцілішча і скініі сапраўднай, якую ўзьёў Гасподзь, а не чалавек.
 
служыцеля сьвятыні і праўдзівае палаткі, пастаўленай Госпадам, а не чалавекам.

Кожны першасьвятар пастаўляецца прыносіць дары і ахвяры; а таму трэба было, каб і Гэты таксама меў, што ахвяраваць.
 
Кожны сьвятар устанаўляецца складаць дары і ахвяры, адсюль трэба, каб і той меў нешта для ахвяры.

Колькі б Ён заставаўся на зямлі, дык ня быў бы і сьвятаром; бо тут такія сьвятары, якія па законе прыносяць дары,
 
Калі б ён заставаўся на зямлі, то ня быў бы сьвятаром, таму што ёсьць тут такія сьвятары, што складаюць дары па волі закона,

якія служаць вобразу і ценю нябеснага, як сказана было Майсею, калі ён пачынаў ставіць скінію: глядзі, сказана, зрабі ўсё па ўзоры, паказаным табе на гары.
 
яны служаць вобразу і цені рэчаіснасьцяў нябесных. Калі бо Маісей меў паставіць палатку, то такім спосабам быў павучаны Богам: "Глядзі вось, зрабі ўсё паводле ўзору, які быў табе паказаны на гары".

але Гэты Першасьвятар атрымаў служэньне тым больш выдатнае, чым лепшага Ён заступнік запавету, які ўгрунтаваны на самых лепшых абяцаньнях.
 
Цяпер вось ён займае лепшую службу і на столькі, на колькі стаўся пасярэднікам лепшае ўгоды — тастаманту, які апіраецца на лепшых абяцаньнях.

Бо калі б першы запавет быў без пахібы, ня было б патрэбы шукаць месца іншаму.
 
Бо калі б тая першая ўгода была без заганы, то ня трэба было б шукаць на яе месца другой.

Але прарок, дакараючы іх, кажа: «вось настаюць дні, кажа Гасподзь, калі я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,
 
Ганячы іх, кажа: Вось жа настануць дні, кажа Госпад, і Я складу з домам Ізраіля, і з домам Юды новую ўгоду

не такі запавет, які я заключыў з бацькамі іхнімі ў той час, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай; бо яны ня жылі ў тым запавеце Маім, і Я занядбаў іх, кажа Гасподзь.
 
не паводле ўгоды, якую Я зрабіў з іх бацькамі, у дзень, у які Я ўзяў руку іх, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпта. Калі яны ня вытрывалі ў маім законе, і Я пакінуў іх, кажа Госпад.

Вось запавет, які даю ў спадчыну дому Ізраілеваму пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: пакладу законы Мае ў думкі іхнія, і напішу іх на сэрцы іхнім, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам.
 
Вось жа ёсьць угода, якуя Я наладжу з домам Ізраіля ў тых днях, кажа Госпад: Дам закон Мой у іх думкі ды ў сэрцы іхнія ўпішу яго, і буду ім Богам, і яны самі будуць Мне народам.

І ня будзе вучыць кожны блізкага свайго, і кожны брата свайго, кажучы: спазнай Госпада; таму што ўсе, ад малога да вялікага, будуць ведаць Мяне.
 
І ніхто ня будзе вучыць бліжняга свайго, ані свайго брата, кажучы: Пазнай Госпада! Бо ўсе Мяне пазнаюць ад найменшага аж да найвялікшага з іх.

Бо я буду міласэрны да няпраўдаў іхніх і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх не згадаю болей».
 
Бо міласэрным буду дзеля іх паступкаў і ня ўспомню больш пра іхнія грахі,

Кажучы «новы», паказаў прахласьць першага; а тое, што прахне і старыцца, блізкае да зьнішчэньня.
 
кажучы пра новае, першае прызнаў старым. А тое, што старое і здаўніваецца, тое блізкае зністажэньня.