Да Габрэяў 3 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Таму, браты сьвятыя, супольнікі нябеснага пакліканьня, уразумейце Пасланца і Першасьвятара вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста,
 
Дык, сьвятыя браты, удзельнікі нябеснага пакліканьня, пазнайце Апостала і Архісьвятара нашага веравызнаньня Езуса,

Які верны Таму, Хто паставіў Яго, як і Майсей ва ўсім доме Ягоным.
 
бо Ён верны таму, хто Яго стварыў, як і Маісей у ва ўсім сваім доме.

Ён бо варты тым большае славы перад Майсеем, чым большы гонар мае ў параўнаньні з домам той, хто ўладкаваў яго;
 
Бо Ён прызнаны дастойным славы большае за Маісея, як большую славу мае ў параўнаньні з домам той, хто яго збудаваў.

бо кожны дом ладкуецца некім; а Хто ўладкаваў усё, ёсьць Бог.
 
Кожны дом, вядома, некім пабудаваны, а вось той, хто ўсё стварыў — Бог.

І Майсей верны ўва ўсім доме Ягоным, як службіт, на сьведчаньне таго, што трэба было абвясьціць.
 
І Маісей (Мойжаш), вядома, верны быў у ва ўсім свайму дому, як слуга, на пасьведчаньне тых спраў, якія павінны былі быць сказанымі.

А Хрыстос — як Сын у доме Ягоным; а дом Ягоны — мы, калі толькі адвагу і спадзяваньне, якімі хвалімся, цьвёрда захаваем да канца.
 
Хрыстус жа — як сын у доме сваім. Домам жа гэтым — мы, калі захаваем моцную веру і славу з надзеяй аж да канца.

Чаму, як кажа Дух Сьвяты, «сёньня, як пачуеце голас Ягоны,
 
Адсюль вось што кажа Дух Сьвяты: Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны,

не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты, у дзень спакушэньня ў пустыні,
 
не заглушайце сэрцаў вашых, як ва ўзбунтаваньні, як у дзень спакушэньня на пустыні,

дзе спакушалі мяне бацькі вашы, выпрабоўвалі Мяне і бачылі дзеі Мае сорак гадоў.
 
дзе спакушалі мяне бацькі вашы,

Таму Я і ўгневаўся на той род, і сказаў: «няспынна блукаюць сэрцам, ня зьведалі яны пуцявінаў Маіх;
 
правяралі, хоць і бачылі цуды мае праз сорак гадоў. Таму вось разгневаўся Я на гэта пакаленьне і сказаў: заўсёды бессардэчныя; не пазналі яны вось шляхоў маіх,

таму я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой».
 
як пакляўся Я ў гневе сваім: ня ўвойдуць яны ў супакой мой.

Глядзеце, браты, каб ня было ў кім у вас сэрца ліхога і нявернага, каб вам не адступіцца ад Бога жывога.
 
Глядзіце, браты, каб не было між вас прыпадкам ліхога сэрца няверы, што адступіцца ад Бога жывога,

А настаўляйце адно аднаго кожны дзень, пакуль можна казаць «сёньня», каб хто з вас не зжарсьцьвеў, зьвёўшыся грэхам;
 
ды заахвочвайце самі сябе што дня, пакуль трывае гэтае "сёньня", каб не заглох хто з вас праз абман граха.

Бо мы зрабіліся супольнікамі Хрысту, калі толькі пачатае жыцьцё цьвёрда ўтрымаем да канца,
 
Удзельнікамі ж Хрыстуса сталіся мы, калі толькі пачатае жыцьцё аж да канца захаваем.

пакуль гаворыцца: «сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты».
 
Калі кажа: Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, не заглушайце сэрцаў вашых, як быццам у гневе.

Бо некаторыя, што чулі, пачалі абурацца; але ня ўсе, што выйшлі зь Егіпта з Майсеем.
 
Бо некаторыя слухаючы "абураліся", але ня ўсе, што выйшлі з Егіпту з Маісеем.

На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Хіба не на тых, што зграшылі, чые косьці засталіся ў пустыні?
 
На каго ж Ты гневаўся праз сорак гадоў? Ці ж не на тых, што саграшылі, чые трупы параскіданы па пустыні?!

Супроць каго прысягаў, што ня ўвойдуць у спачын Ягоны, калі ня супроць непакорлівых?
 
А каму ж гэта пакляўся не ўвайсьці ў супакой Ягоны, калі не тым, што не паверылі?

І вось, бачым, што яны не маглі ўвайсьці за няверства.
 
А бачым, што не змаглі ўвайсьці праз недаверства.