Да Габрэяў 2 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Таму мы павінны быць асабліва ўважлівыя да чутага, каб не адпасьці,
 
Таму неабходна пільна сачыць за тым, што бачылі, каб часам не разьмінуцца.

бо, калі праз анёлаў абвешчанае слова было цьвёрдае, і ўсякі пярэступ і непаслухмянасьць мелі справядлівую адплату,
 
Дык калі праз анёлаў абвешчанае слова мела такую моц, што ўсякае непадчыненьне і непаслуханьне атрымоўвала справядлівую кару,

дык як мы ўнікнем, занядбаўшы такое вялікае выратаваньне, якое, спачатку абвешчанае Госпадам, было ў нас умацавана тымі, якія чулі ад Яго,
 
то якім чынам мы зможам ад яе ўхіліцца, калі мы занядбалі так вялікую ласку, як збаўленьне? Яно спачатку было апавешчана Госпадам, а ў нас умацавана было чуўшымі ад Яго

што Бог і засьведчыў азнакамі і цудамі, і рознымі сіламі, і дарамі Духа Сьвятога па волі Ягонай?
 
за пацьвярджэньнем Божым знакамі і цудамі, і ўсякімі надзвычайнымі магутнасьцямі, і дарамі Духа Сьвятога па Ягонай волі.

Бо не анёлам Бог упакорыў будучы сьвет, пра які гаворым;
 
Не анёлам жа падчыніў Бог будучы сьвет, пра які мы гаворым.

наадварот, нехта недзе засьведчыў, кажучы: «што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш яго? альбо сын чалавечы, што Ты наведваеш яго?
 
Пацьвердзіў жа хтосьці ў адным месцы, кажучы: Хто такі чалавек, што памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што ня ведаеш яго?

Ня дужа Ты ўнізіў яго перад анёламі; славаю й гонарам увянчаў яго, і паставіў яго над дзеямі рук Тваіх;
 
Уменшыў Яго чуць-чуць ад анёлаў, хвалою і пашанаю ўкаранаваў Яго і падчыніў Яму ўсе дзеяньні рук сваіх.

усё пакарыў пад ногі ягоныя». Калі ж пакарыў яму ўсё, дык не пакінуў нічога непакорным яму. Цяпер жа яшчэ ня бачым, каб яму ўсё было ўпакорана;
 
Усё паддаў Ягонай ўладзе. У тым вось, што ўсё паддаў Ягонай уладзе, заключаецца думка, што нічога не засталося не падчыненым Яму. Цяпер жа бачыш, што яшчэ не ўсё падчынена Яму.

але бачым, што за перанясеньне сьмерці ўвянчаны славаю і гонарам Ісус, Які крыху быў прыніжаны перад анёламі, каб Яму, па мілаце Божай, зьведаць сьмерць за ўсіх.
 
Вось у Тым, Які быў крыху ўменшаны ад анёлаў, бачым Езуса замучанага сьмерцю, укаранаванага славай і пашанай, каб ласка Божая для ўсіх была выслужана смерцю.

Бо належала, каб Той, дзеля Каго ўсё і праз Каго ўсё, многіх сыноў вядучы да славы, Пачынальніка выратаваньня іх зрабіў празь цярпеньні.
 
Належылася, бо каб Той, для якога ўсё і праз Якога ўсё было створана, Каторы шмат сыноў давёў да славы, і як прычына збаўленьня іхняга быў ахвяраю мукі.

Бо, і Той, Хто асьвячае, і каго асьвячаюць, усе — ад Адзінага; таму ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:
 
Хто ўсьвенчвае і тыя, якія ўсьвенчваюць — ад Аднаго ўсе. Дзеля таго не саромеецца называць іх братамі, кажучы:

«абвяшчу Тваё імя братам Маім, сярод царквы апяю Цябе».
 
Абвяшчу імя Тваё маім братам, на сабраньні буду славіць Цябе.

І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». І яшчэ: «вось, Я і дзеці, якіх даў Мне Бог».
 
Я буду ўпэўнены ў Ім. Ды яшчэ вось жа і дзеці мае, якіх даў мне Бог.

А як дзеці былі ўдзельнікамі цела і крыві, дык Ён таксама прыняў іх, каб сьмерцю пазбавіць сілы таго, хто меў уладу сьмерці, гэта значыцца — д’ябла,
 
Дык калі дзеці ўдзельнічаюць у целе і крыві, так і Той таксама ўдзельнічаў у іх (целе і крыві), каб сьмерцю зьнішчыць таго, г. зн. д'ябла, які меў уладу сьмерці,

і выратаваць тых, якія ад страху сьмерці праз усё жыцьцё былі ў рабстве.
 
і каб вызваліць тых, што падлеглыя сьмерці, што пад страхам яе ўсё жыцьцё пражывалі.

Бо не ад анёлаў прыме Ён, а прыме семя Абрагамавае.
 
Не анёлаў жа Ён прымае, але патомства Абрагама,

Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб быць міласэрным і верным Першасьвятаром прад Богам на ўмілажальваньне за грахі народу.
 
дзеля гэтага павінен быў у ва ўсім упадобніцца да братоў, каб стацца міласердным і верным Архісьвятаром у Бога для адпакутваньня за грахі народа.

Бо, як сам Ён перацярпеў, быў спакушаны, дык можа памагчы і тым, каго спакушаюць.
 
Вось таму, што цяпер і Сам быў спакушаны, мае моц дапамагчы тым, якія спакушаны.