2 да Цімафея 2 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Дык мацуйся, сыне мой, у мілаце Хрыстом Ісусам.
 
Дык ты, сын мой, умацоўвайся ласкай, якая ёсьць у Хрысьце Езусе,

І што чуў ад мяне пры многіх сьведках, тое накажы верным людзям, якія былі б здольныя іншых вучыць.
 
і што чуў ты ад мяне пры многіх сьведках, гэта перадай верным людзям, якія здольныя і другіх навучыць.

Дык цярпі пакуты, як добры воін Ісуса Хрыста.
 
Перанось цяжкасьці як добры жаўнер Езуса Хрыста.

Ніякі воін ня зьвязвае сябе справамі буднымі, каб дагадзіць ваеначальніку.
 
Ніхто з жаўнераў не мяшаецца ў справы веку (гэтага), каб падабацца таму, хто яго выбраў.

Калі ж хто і змагаецца, вянка не здабудзе, калі будзе змагацца не паводле правіла.
 
Бо і той, хто змагаецца, ня стане пераможцам, калі змагаецца незаконна.

Працоўны ратай першы павінен скаштаваць пладоў.
 
Земляробу, які працуе, першаму належыцца карыстацца пладамі.

Разумей, што я кажу. Хай дасьць табе Гасподзь разуменьне ва ўсім.
 
Зразумей, што гавару; няхай дасьць табе Госпад у-ва ўсім розум.

Памятай (Госпада) Ісуса Хрыста ад семені Давідавага, Які ўваскрэс зь мёртвых, паводле зьвеставаньня майго.
 
Памятай пра Госпада Езуса Хрыста з насеньня Давіда, які ўваскрос з памёршых паводле Эвангельля майго,

за якое я пакутую аж да кайданаў, як злодзей; але на слова Божае няма кайданаў.
 
дзеля якога працую аж да кайданоў, як быццам што благое рабіў, але Слова Божага нельга зьвязаць.

Таму я ўсё цярплю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збавеньне ў Ісусе Хрысьце зь вечнаю славаю.
 
Вось я ўсё раблю дзеля выбраных, каб яны атрымалі збаўленьне, якое ў Езусе Хрысьце, у хвале вечнай.

Слушнае слова: калі мы зь Ім памерлі, дык зь Ім і ажывём;
 
Вернае слова: калі мы (з Ім) памерлі, дык (з Ім) жыць будзем;

калі церпім, дык зь Ім уладарыць будзем; калі зрачэмся, і Ён зрачэцца нас;
 
калі церпім, дык (з Ім) караляваць будзем, калі вырачамся (Яго), дык і Ён нас вырачацца;

калі мы няверныя, Ён застаецца верны, бо Сябе зрачыся ня можа.
 
калі мы зьняверымся, дык Ён верным застаецца, бо сам сябе вырачыся ня можа.

Гэта нагадвай, заклінаючы перад Госпадам ня ўступаць у спрэчкі, што зусім ня служыць на карысьць, а на разлад слухачам.
 
Гэтае нагадвай, сьведчачы перад Богам, каб не спрачаліся пра словы, бо гэта нічога ня дасьць, хіба толькі сапсуе слухачоў.

Старайся паставіць сябе прад Богам годным, працаўніком бездакорным, які правільна выкладае слова праўды.
 
Пільна рупся быць годным перад Богам, працаўніком беззаганным, прымаючым з павагай словы праўды.

А непатрэбнага пустаслоўя пазьбягай; бо яны яшчэ больш будуць памнажаць бязбожнасьць,
 
Пустой жа гаворкі высьцерагайся, у многіх бо гэта прычынілася да бязбожнасьці,

і слова іхняе, як пухліна, будзе пашырацца. Такія Іменей і Філіт,
 
і слова іх, як гангрэна, распаўзецца; такія вось Гімэнэй і Філет,

якія адступіліся ад ісьціны, кажучы, што ўваскрэсеньне ўжо было, і разбураюць у некаторых веру.
 
якія разьмінуліся з праўдай, сьцьвярджаючы, што ўваскрашэньне ўжо было, і гэтак адвярнулі некаторых ад веры.

Але цьвёрдая аснова Божая стаіць, маючы пячатку гэтую: «ведае Гасподзь Сваіх»; і: «хай адступіць ад няпраўды кожны, хто вызнае імя Госпада».
 
Але моцны фундамант Божы стаіць, маючы такую пячатку: Пазнаў Госпад, хто ёсьць Ягоны, і: Хай аддаліцца ад няправасьці кожны, хто называе імя Госпада.

А ў вялікім доме ёсьць посуд ня толькі залаты і срэбны, але і драўняны і гліняны; і адзін у ганаровым, а другі ў нізкім ужытку.
 
У вялікім жа доме маюцца ня толькі залатыя і серабраныя начыньні, але і драўляныя, і гліняныя; першыя — у пашане, другія — у ганьбе.

Дык вось, хто будзе чысты ад гэтага, той будзе пасудзінай у гонары, асьвечанай і карыснай Уладыку, прыдатнай на ўсякую добрую патрэбу.
 
Дык вось, калі хто ачысьціў сябе ад усякіх (няправасьцяў), той будзе пасудзінай пачэснай, усьвечанай і карыснай Госпаду, прыдатнай для ўсялякай добрай справы.

Юнацкіх пажадлівасьцяў пазьбягай, а трымайся праўды, веры, любові, згоды з усімі, хто заклікае Госпада ад чыстага сэрца.
 
Высьцерагайся пажаданьняў юнацкіх, а трымайся справядлівасьці веры, любові і міру з тымі, што чыстым сэрцам прызываюць Госпада.

Ад дурных і невуцкіх спрэчак ухіляйся, ведаючы, што яны спараджаюць незлагадзь;
 
Ухіляйся дурных і бязглуздых пытаньняў, ведаючы, што яны даводзяць да звадкі.

а рабу Госпада нельга сварыцца, а трэба быць прыязным да ўсіх, навучальным, нязлосным,
 
Слузе ж Божаму не выпадае вадзіцца, а трэба быць ветлівым з усімі, навучаючым, стрыманым,

здольным лагодна настаўляць праціўнікаў, — можа, дасьць ім Бог пакаяньне для спазнаньня праўды,
 
ласкава выпраўляючым тых, што працівяцца праўдзе, можа дасьць ім Бог ласку навярненьня дзеля пазнаньня праўды,

каб яны вызваліліся зь цянётаў д’ябла, які залучыў іх у сваю волю.
 
каб вырваліся з петляў д'ябла, якімі аблытана іх воля.