Мацьвея 27 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Калі ж настала раніца, зрабілі нараду ўсе першасьвятары і старэйшыны народу супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць:
А калі настала раніца, сышліся ўсе першасвятары і старэйшыны народа на раду супраць Ісуса, каб аддаць Яго на смерць.
і зьвязаўшы Яго, завялі і перадалі яго Понцію Пілату, намесьніку.
І, звязаўшы, завялі і перадалі Яго намесніку Пілату.
Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што засудзілі Яго, і раскаяўшыся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасьвятарам і старэйшынам,
Тады Юда, які Яго выдаў, бачачы, што Ён асуджаны, праняты жалем, аддаў трыццаць срэбранцаў першасвятарам і старэйшынам,
кажучы: зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? глядзі сам.
кажучы: «Зграшыў я, выдаючы кроў бязвінную». А яны сказалі: «Дык што ты хочаш ад нас? Ты сам глядзі!»
І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і пайшоўшы, павесіўся.
І, кінуўшы срэбранцы ў святыні, ён выйшаў і, адышоўшы, павесіўся.
Першасьвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: не дазваляецца класьці іх у храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві.
А першасвятары, узяўшы срэбранцы, сказалі: «Нельга перадаць іх у скарбону, бо гэта плата крыві».
І зрабіўшы нараду, купілі на іх поле ганчара для пахаваньня чужынцаў;
І, учыніўшы раду, купілі за іх поле ганчара для пахавання вандроўнікаў.
таму і называецца поле тое «полем крыві» па сёньняшні дзень;
З-за гэтага тое поле аж да сённяшняга дня завецца Гакельдама.
тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевыя,
Тады збылося тое, што было сказана прарокам Ярэміем, які казаў: «І ўзялі трыццаць срэбранцаў, плату за ацэненага, якога ацанілі сыны Ізраэля,
і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь.
ды далі іх за поле ганчара, як мне сказаў Госпад».
Ісус жа стаў перад намесьнікам. І спытаўся ў Яго намесьнік, кажучы: Ты Цар Юдэйскі? А Ісус сказаў яму: ты кажаш.
А Ісус стаў перад намеснікам; і спытаўся ў Яго намеснік, кажучы: «Дык Ты — Цар Юдэйскі?» Сказаў яму Ісус: «Ты кажаш».
І калі вінавацілі Яго першасьвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
І калі Яго вінавацілі першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
Тады кажа Яму Пілат: ці ня чуеш, колькі сьведчаць супроць Цябе?
Тады кажа Яму Пілат: «Ці ты не чуеш, колькі сведчанняў даюць супраць Цябе?»
І не адказваў яму на ніводнае слова, так што намесьнік вельмі зьдзіўляўся.
А Ён не адказаў яму на ніводнае слова, так што намеснік вельмі дзівіўся.
А на сьвята намесьнік меў звычай выпускаць народу аднаго вязьня, якога б хацелі.
На дзень святочны намеснік меў звычай адпускаць народу аднаго вязня, якога хацелі б.
Быў тады ў іх вядомы вязень, званы Варава.
А меў ён тады вядомага вязня, які зваўся Барабам.
І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я выпусьціў вам: Вараву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?
І, калі ўсе сабраліся, сказаў Пілат: «Каго вы хочаце, каб я вам адпусціў? Барабу ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?»
Бо ведаў, што з зайздрасьці выдалі Яго.
Бо ён ведаў, што Яго выдалі з-за зайздрасці.
Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы, жонка ягоная паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёньня ў сьне шмат адцярпела за Яго.
Калі ён сядзеў на судзілішчы, жонка яго паслала да яго, кажучы: «Не рабі нічога гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат папакутавала з-за Яго».
Але першасьвятары і старэйшыны падбухторылі люд прасіць Вараву, а Ісуса загубіць.
А першасвятары і старэйшыны падбухторылі народ, каб прасілі Барабу, а Ісуса загубілі.
Тады намесьнік сказаў у адказ: каго хочаце з двух, каб я выпусьціў вам? Яны сказалі: Вараву.
І, звяртаючыся, намеснік гаворыць ім: «Каго з двух хочаце, каб я вам адпусціў?» І яны сказалі: «Барабу».
Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць зь Ісусам, Якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: хай будзе ўкрыжаваны!
Кажа ім Пілат: «А што ж мне зрабіць з Ісусам, Якога завуць Хрыстом?» Кажуць ўсе: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
А намесьнік сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: хай будзе ўкрыжаваны!
Гаворыць ён: «А што Ён благога зрабіў?» А яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзеце самі.
І Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а ўзрушэнне робіцца большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад народам, кажучы: «Я не вінаваты ў крыві гэтай. Гэта ваша справа».
І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых.
І, адказваючы, увесь народ сказаў: «Кроў Яго на нас і на нашых сынах».
Тады выпусьціў ім Вараву, а Ісуса, біўшы, аддаў на крыжаваньне.
Тады ён адпусціў ім Барабу, а Ісуса ўбічаванага аддаў на ўкрыжаванне.
Тады воіны намесьнікавы, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго цэлы полк,
Тады жаўнеры намесніка, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі да Яго цэлую кагорту.
і разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго пурпуру;
І, зняўшы з Яго хламіду, усклалі на Яго пурпуровы плашч;
і, сплёўшы вянок зь цёрну, усклалі на галаву Яму і далі Яму ў правую руку кій, і, укленчыўшы перад Ім, кпілі зь Яго, кажучы: радуйся, Цар Юдэйскі!
і, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву; і далі Яму трысціну ў правую руку; і, укленчыўшы перад Ім, здзекаваліся з Яго, кажучы: «Будзь прывітаны, Цар Юдэйскі!»
і плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі па галаве Яго.
І, плюючы на Яго, узялі трысціну і білі Яго па галаве.
І калі назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру і апранулі Яго ў адзежу Ягоную, і павялі Яго на крыжаваньне.
А калі ўжо наздзекаваліся, знялі з Яго пурпуровы плашч, адзелі Яго ў Яго хламіду і павялі на ўкрыжаванне.
Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірынеяніна, імем Сымон: яго і прымусілі несьці крыж Ягоны.
Выходзячы, напаткалі яны чалавека з Цырэны на імя Сімон; яго прымусілі несці крыж Яго.
І прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае «месца чарапоў»,
І прыйшлі на месца, якое называецца Гальгота, што значыць месца Кальварыі,
далі Яму піць воцату, зьмяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць.
і далі Яму піць віно, змяшанае з жоўцю. І, калі яго пакаштаваў, не захацеў піць.
Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя;
Потым, укрыжаваўшы Яго, падзялілі адзенне Яго, кідаючы жэрабя.
і, седзячы, вартавалі Яго там;
І, седзячы, сцераглі Яго там.
і зьмясьцілі над галавою Ягонай надпіс зь віною Яго: Гэты ёсьць Ісус, Цар Юдэйскі.
І над галавой Яго змясцілі надпіс віны Яго: «Гэта Ісус, Цар Юдэйскі».
Тады ўкрыжавалі зь Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.
Тады ўкрыжавалі абапал Яго двух лотраў, аднаго праваруч, а другога леваруч.
А тыя, што міма праходзілі, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі
І тыя, што міма ішлі, блюзнілі на Яго, ківаючы галавой сваёй
і кажучы: Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш! уратуй Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыйдзі з крыжа.
і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і ў тры дні адбудоўваеш, уратуй Сябе Самога; калі Ты — Сын Божы, сыдзі з крыжа!»
Падобна і першасьвятары з кніжнікамі і старэйшынамі і фарысэямі, насьміхаючыся, казалі:
Падобным чынам і першасвятары, учыняючы здзек разам з кніжнікамі і старэйшынамі народа, казалі:
іншых ратаваў, а Самога Сябе ня можа ўратаваць. Калі Ён Цар Ізраілеў, хай цяпер сыйдзе з крыжа, і ўверуем у Яго;
«Ён другіх ратаваў, а Сам Сябе ўратаваць не можа. Ён — Валадар Ізраэля; дык няхай цяпер сыдзе з крыжа, і мы паверым у Яго.
спадзяваўся на Бога: хай цяпер выбавіць Яго, калі Ён угодны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.
Спадзяваўся Ён на Бога, хай жа вызваліць Яго цяпер, калі Ён спагадны да Яго. Бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”».
Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя зь Ім, зьневажалі Яго.
Таксама і лотры, з ім укрыжаваныя, зневажалі Яго.
Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай.
А ад гадзіны шостай цемра настала на ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай.
а каля дзявятай гадзіны ўскрыкнуў Ісус моцным голасам, кажучы: Ілі, Ілі! лама савахвані? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?
І каля дзевятай гадзіны закрычаў Ісус моцным голасам: «Элі, Элі, лэма сабактані?», што значыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
Некаторыя, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ільлю кліча Ён.
І некаторыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: «Іллю кліча Ён».
І адразу пабег адзін зь іх, узяў губку, намачыў у воцат і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць;
І тут адзін з іх, адразу пабегшы і ўзяўшы губку, напоўніў яе воцатам, і насадзіў на трысціну і даваў Яму піць.
а другія казалі: пастой; пабачым, ці прыйдзе Ільля ўратаваць Яго.
Іншыя ж казалі: «Кінь, паглядзім, ці прыйдзе Ілля вызваліць Яго».
А Ісус, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, выпусьціў дух.
А Ісус, ізноў закрычаўшы моцным голасам, сканаў.
І вось, завеса храма разадралася напалам, зьверху данізу; і зямля здрыганулася: і каменьне раскалолася;
І вось заслона ў святыні разарвалася на дзве часткі зверху ўніз, і зямля здрыганулася, і каменне раскалолася,
і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі;
і адкрыліся магілы, і многія целы святых, што паснулі, паўсталі,
і выйшаўшы з магілаў пасьля ўваскрэсеньня Ягонага, увайшлі ў сьвяты горад і явіліся многім.
і, выйшаўшы з магіл па ўваскрэсенні Яго прыйшлі ў святы горад і паказаліся многім.
А сотнік і тыя, што зь ім вартавалі Ісуса, бачачы землятрус і ўсё, што адбылося, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы.
Сотнік жа і тыя, што з ім былі, вартуючы Ісуса, убачыўшы землятрус ды ўсё, што адбывалася, спалохаліся вельмі, кажучы: «Сапраўды, Ён быў Сын Божы».
Там былі таксама і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія ішлі сьледам за Ісусам з Галілеі, служачы Яму;
Было там шмат жанчын, што назіралі здалёк, якія хадзілі следам за Ісусам ад Галілеі, паслугоўваючы Яму.
сярод іх былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Якава і Ёсіі, і маці сыноў Зевядзеевых.
Сярод іх была Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Язэпа, ды маці сыноў Зебядзеевых.
Калі ж зьвечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, імем Язэп, які таксама вучыўся ў Ісуса;
А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які і сам быў вучнем Ісуса.
ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць Цела.
Ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў, каб аддалі.
І ўзяўшы Цела, Язэп абгарнуў яго чыстым палатном
І Язэп, узяўшы цела, абгарнуў яго чыстай плашчаніцай,
і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую высек у скале; і прываліўшы вялікі камень да дзьвярэй магілы, адышоў.
і паклаў Яго ў сваім новым склепе, што быў высечаны ў скале, і вялікі камень падкаціў да ўвахода ў склеп, і адышоў.
Была ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.
І была там Марыя Магдалена і другая Марыя, што сядзелі насупраць магілы.
На другі дзень, які ідзе за пятніцай, сабраліся першасьвятары і фарысэі да Пілата
А на другі дзень, які ёсць пасля дня прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарысеі ў Пілата,
і казалі: спадару! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы, сказаў: «праз тры дні ўваскрэсну»;
кажучы: «Гаспадару, прыпомнілі мы, што ашуканец гэты яшчэ жывы сказаў: “Праз тры дні Я ўваскрэсну”.
дык вось, загадай вартаваць магілу да трэйцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу: «уваскрэс зь мёртвых», і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.
Дык загадай вартаваць магілу аж да трэцяга дня, каб часам не прыйшлі вучні Яго, і не выкралі Яго, і не сказалі людзям: “Ён паўстаў з мёртвых”, бо тады апошні падман будзе горшы за першы».
А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзеце, ахоўвайце, як ведаеце.
Пілат гаворыць ім: «Вы маеце варту, ідзіце, сцеражыце, як умееце».
Яны пайшлі і ахоўвалі магілу, прыклаўшы пячатку да каменя і паставіўшы варту.
Яны, пайшоўшы, умацавалі магілу вартай, прыклаўшы пячатку да каменя.