Дзеі 10 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

У Кесарыі быў адзін чалавек, якога звалі Карнілій, сотнік з кагорты, называнай Італійскай,
 

пабожны і богабаязны з усім домам сваім, ён рабіў шмат міласьціны людзям і заўсёды маліўся Богу.
 

Ён ва ўяве ясна бачыў каля дзявятай гадзіны дня анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнілій!
 

А ён, зірнуўшы на яго і спалохаўшыся, сказаў: што, Госпадзе? Анёл адказваў яму: малітвы твае і міласьціны твае ўзгадаліся перад Богам;
 

дык пашлі людзей у Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром:
 

ён гасьцюе ў нейкага Сымона-гарбара, чый дом каля мора; ён скажа табе, што табе трэба рабіць.
 

Калі анёл, які гаварыў з Карніліем, адышоў, дык ён, паклікаўшы двух сваіх слуг і набожнага воіна з тых, што былі пры ім,
 

і расказаўшы ім усё, паслаў іх у Ёпію.
 

На другі дзень, калі яны ішлі і набліжаліся да горада, Пётр каля шостай гадзіны ўзышоў на дах дома памаліцца.
 

І адчуў ён голад, і захацеў есьці; пакуль гатавалі, найшла на яго жарсьць,
 

і бачыць адчыненае неба і нейкі посуд, які апускаецца да яго, нібы вялікае палатно, прывязанае за чатыры рагі і апусканае на зямлю;
 

у ім былі ўсякія чатырногі зямныя, зьвяры, плазуны і птушкі нябесныя.
 

І быў голас яму: устань, Пётр, закалі і еж.
 

Але Пётр сказаў: не, Госпадзе! я ніколі ня еў нічога паганага або нячыстага.
 

Тады другі раз быў голас яму: што Бог ачысьціў, таго не ўважай за нячыстае.
 

Гэта было тройчы — і посуд зноў падняўся на неба.
 

Калі ж Пётр раздумваў сам сабе, што б такое азначаў гэты відзеж, што ён бачыў, — вось, мужы, пасланыя Карніліем, распытаўшыся пра дом Сымонаў, спыніліся каля варот,
 

і, гукнуўшы, спыталіся: ці тут Сымон, якога завуць Пятром?
 

Тым часам, як Пётр разважаў пра відзеж, Дух сказаў яму: вось, трох чалавек шукаюць цябе;
 

устань, сыйдзі і йдзі зь імі, зусім не сумняваючыся; бо Я паслаў іх.
 

Пётр, сыйшоўшы да людзей, прысланых да яго ад Карнілія, сказаў: я той, каго вы шукаеце; дзеля якой справы прыйшлі вы?
 

А яны сказалі: Карнілій сотнік, чалавек дабрачынны і богабаязны, шанаваны ўсім народам Юдэйскім, атрымаў ад сьвятога анёла наказ паклікаць цябе ў дом свой і паслухаць словаў тваіх.
 

Тады Пётр, запрасіўшы іх, пачаставаў; а назаўтра, устаўшы, пайшоў зь імі, і некаторыя браты Ёпійскія пайшлі зь ім.
 

На другі дзень прыйшлі яны ў Кесарыю. А Карнілій чакаў іх, склікаўшы родзічаў і сваіх блізкіх сяброў.
 

Калі Пётр уваходзіў, Карнілій сустрэў яго і пакланіўся, прыпаўшы да ног ягоных.
 

А Пётр падняў яго, кажучы: устань; я таксама чалавек.
 

І, гутарачы зь ім, увайшоў і знайшоў многа сабраных.
 

І сказаў ім: вы ведаеце, што Юдэю забаронена зносіцца або збліжацца зь іншапляменцам; але мне Бог адкрыў, каб я не ўважаў ніводнага чалавека за паганага альбо нячыстага;
 

таму я, будучы пакліканы, і прыйшоў безь пярэчаньня; і вось, пытаюся: на якую дзею вы клікнулі мяне?
 

Карнілій сказаў: з чацьвёртага дня я пасьціўся да цяперашняй гадзіны і а дзявятай гадзіне маліўся ў сваім доме; і вось, паўстаў перада мною муж у сьветлым адзеньні
 

і кажа: Карнілій! пачута малітва твая і міласьціны твае спамянуліся перад Богам;
 

дык пашлі ў Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром: ён гасьцюе ў доме гарбара Сымона каля мора; ён прыйдзе і скажа табе.
 

Адразу паслаў я да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў: цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб выслухаць усё, што наказана табе ад Бога.
 

А Пётр разамкнуў вусны і сказаў: у ісьціне спазнаю, што Богу не абліччы спадобныя,
 

а ў кожным народзе той, хто богабаязны і робіць па праўдзе, да спадобы Яму.
 

Ён паслаў сынам Ізраілевым слова, зьвястуючы мір празь Ісуса Хрыста; Гэты ёсьць Гасподзь усіх.
 

Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасьля хрышчэньня, прапаведаванага Янам:
 

як Бог Духам Сьвятым і моцай памазаў Ісуса з Назарэта, і Ён хадзіў, дабро ўчыняючы і ацаляючы ўсіх, паняволеных д’яблам, бо Бог быў зь Ім;
 

і мы сьведкі ўсяго, што зрабіў Ён у краі Юдэйскім і ў Ерусаліме, і што нарэшце Яго забілі, павесіўшы на дрэве.
 

Гэтага Бог уваскрэсіў на трэйці дзень, і даў Яму зьяўляцца,
 

не ўсяму людзтву, а сьведкам, сьпярша Богам выбраным, нам, якія зь Ім елі і пілі пасьля ўваскрэсеньня Яго зь мёртвых;
 

і Ён наказаў нам прапаведаваць людзям і сьведчыць, што Ён ёсьць вызначаны Богам Судзьдзя жывым і мёртвым.
 

Пра Яго ўсе прарокі сьведчаць, што ўсякі, хто верыць у Яго, атрымае дараваньне грахоў імем Ягоным.
 

Калі Пётр яшчэ гаварыў, Дух Сьвяты зыйшоў на ўсіх, хто слухаў слова.
 

І вернікі з абрэзаных, што прыйшлі зь Пятром, зьдзівіліся, што дар Сьвятога Духа выліўся і на язычнікаў;
 

бо чулі, як рознымі мовамі гаварылі яны і славілі Бога. Тады Пётр сказаў:
 

хто можа забараніць ахрысьціцца вадою тым, якія, як і мы, атрымалі Сьвятога Духа?
 

І наказаў ім ахрысьціцца ў імя Ісуса Хрыста. Потым яны прасілі яго пабыць у іх некалькі дзён.