Да Галятаў 3 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава
О, няцямныя Галяты! Хто падбіў вас не скарацца ісьціне, вас, у каго перад вачыма накрэсьлены быў Ісус Хрыстос, як бы сярод вас укрыжаваны?
О, няразумныя галяты! хто вас зачараваў, каб ня карыцца праўдзе, у якіх перад вачамі Ісус Хрыстос быў выяўлены так, быццам быў раскрыжаваны паміж вамі?
Толькі гэта хачу ведаць ад вас: ці празь дзеі закона вы атрымалі Духа, ці праз настаўленьне ў веры?
Гэтае толькі хачу даведацца ад вас: ці праз учынкі Закону вы атрымалі Духа ці ад пачутага ў веры?
Ці такія вы няцямныя, што, пачаўшы Духам, цяпер канчаеце плоцьцю?
Як гэта вы настолькі атупелі, што пачаўшы паводля духу, цяпер заканчваеце паводля цела?
Так многа вы перацярпелі няўжо марна? О, калі б толькі марна!
І няўжо марна вы так многа перацярпелі? Калі б і сапраўды толькі марна!
Той, Хто падаў вам Духа і творыць сярод вас цуды, ці празь дзеі закона робіць гэта, ці праз пропаведзь веры?
Але Той, Хто дае вам Духа і чыніць цуды між вамі, ці праз учынкі Закону (робіць гэта), ці паводля паслушэнства ў веры?
Так Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць.
Як Абрагам паверыў Богу, і гэта было залічана яму ў праведнасьць,
Уведайце ж, што вернікі — сыны Абрагамавыя.
так і вы ведайце, што тыя, каторыя ад веры, гэтыя ёсьць сыны Абрагама.
І Пісаньне, прадбачачы, што Бог вераю апраўдае язычнікаў, наперад узьвясьціла Абрагаму: «у табе дабраславяцца ўсе народы».
І Пісаньне, прадбачачы, што Бог апраўдвае паганаў паводля веры, прадве́сьціла Абрагаму: «у табе будуць багаславёны ўсе народы».
Вось так, веруючыя дабраславяцца зь верным Абрагамам.
Так што тыя, якія паводля веры, зьяўляюцца багаславёнымі разам зь верным Абрагамам.
А ўсе, хто сьцьвярджаецца на дзеях закона, жывуць пад пракляцьцем. Бо напісана: «пракляты кожны, хто ня выконвае пастаянна ўсяго, што напісана ў кнізе закона».
Бо ўсе, хто жыве паводля дзеяў Закону, знаходзяцца пад пракляцьцем. Бо напісана: «пракляты ўсякі, хто ня доўжыць ва ўсім паступаць так, як напісана ў скрутку Закону».
А што законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, гэта ясна, бо «праведны вераю жыць будзе».
Таму што Законам ніхто ня бывае апраўданым перад Богам; таму ясна, што праведны па прычыне веры жыў будзе.
А закон не ад веры; «а хто выконвае яго, той жыць будзе ім».
А Закон ня дзейнічае на аснове веры; але чалавек, які выконвае яго, жыў будзе ім.
Хрыстос адкупіў нас ад пракляцьця закона, зрабіўшыся за нас пракляцьцем — бо напісана: «пракляты кожны, хто вісіць на дрэве»,
Хрыстос адкупіў нас ад пракляцьця Закону, стаўшыся за нас пракляцьцем, бо напісана: «Пракляты ўсякі, хто вісіць на дрэве»,
каб дабраславеньне Абрагамавае праз Хрыста Ісуса пашырылася на язычнікаў, каб нам атрымаць абяцанага Духа вераю.
каб багаславеньне Абрагама ў Хрысьце Ісусе сталася на паганаў, каб абяцаньне Духа атрымаць нам праз веру.
Браты! кажу я па-людзку: нават чалавекам зацьверджанага запавету ніхто не адмяняе і не дадае да яго.
Браты! кажу як чалавек: нават чалавекам зацьверджаны запавет ніхто ня адкідае або ня дадае (да яго).
Але Абрагаму дадзеныя былі абяцаньні і нашчадку ягонаму. Ня сказана: «і нашчадкам», як бы пра многіх, а як бы пра аднаго: «і насеньню твайму», якое ёсьць Хрыстос.
А абяцаньні былі дадзены Абрагаму і Насеньню ягонаму. Бог ня кажа: «і нашчадкам», як бы пра многіх, але як пра Аднаго: «і Насеньню твайму», Якое ёсьць Хрыстос.
Я кажу тое, што запавета пра Хрыста, раней Богам зацьверджанага, закон, які паявіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адмяняе так, каб абяцаньне страціла сілу.
Я ж кажу тое, што Запавету аб Хрысьце, які быў сьцьверджаны Богам раней (Закону), Закон, які зьявіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, ня адмяняе, каб ня згубіла законную сілу абяцаньне.
Бо калі паводле закона спадчына, дык ужо не паводле абяцаньня; але Абрагаму Бог даў гэта паводле абяцаньня.
Бо калі спадчына паводля Закону, дык тады ўжо ня паводля абяцаньня; а Абрагама Бог шчодра надарыў па абяцаньню.
Навошта ж закон? Ён дадзены пасьля з прычыны злачынстваў, да часу прышэсьця насеньня, якому было дадзена абяцаньне, і ўчынена праз анёлаў, рукою пасрэдніка.
Дык навошта тады Закон? А ён (Закон) быў дадзены з прычыны злачынстваў, і да таго часу, калі прыйдзе Насеньне, які Ён абвясьціў загадаўшы цераз Ангелаў рукою пасярэдніка.
Але пасрэднік пры адным ня бывае, а Бог адзін.
Але пасярэдніка ў аднаго ня бывае. А Бог — Адзін.
Дык ці ж закон супроць абяцаньняў Божых? Ані! Бо калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, дык сапраўды праведнасьць была б ад закона;
Дык што, Закон супраць абяцаньняў Бога? Хай ня станецца! Бо калі б быў даны Закон, які можа ажывіць, дык сапраўды праведнасьць была б ад Закону;
але Пісаньне ўсіх замкнула пад грэх, каб абяцаньне веруючым было дадзена ад веры ў Ісуса Хрыста.
але Пісаньне замкнула ўсё пад грэхам, каб абяцаньне было да́на веручым праз веру Ісуса Хрыста.
Але да прышэсьця веры, мы былі замкнутыя пад вартаю закона да таго часу, як мела адкрыцца вера.
Перш, чым прыйшла вера, мы былí замкнёны пад Законам дзеля веры, якая мусіла быць адкрытай.
Дык вось закон быў для нас павадыром да Хрыста, каб нам апраўдацца вераю;
Так што Закон для нас быў як павадыр дзяцей, які вёў да Хрыста, каб апраўданымі нам стаць паводля веры;
а як прыйшла вера, мы ўжо не пад кіраваньнем павадыра.
а як прыйшла вера, дык мы ўжо (сталіся) ня пад павадыром.
Бо ўсе вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Ісуса;
Бо ўсе вы паводля веры ў Хрыста Ісуса зьяўляецеся сынамі Бога;
усе вы, хто хрысьціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся!
бо ўсе вы, што ахрышчаны ў Хрыста, у Хрыста апрануліся.
Няма ўжо Юдэя, ні язычніка; няма раба, ні вольніка; няма мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе.
Няма ні жыда́, ні элліна; няма ні раба, ні вольнага; няма ні мужчынскага, ні жаночага полу: бо ўсе вы ёсьць адно ў Хрысьце Ісусе.
Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы нашчадкі Абарагамавыя, і паводле абяцаньня спадкаемцы.
Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы ёсьць насеньне Абрагама, і па абяцаньню — спадкаемцы.