1 да Фесаланікійцаў 5 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Праз часы ж а поры, браты, не маеце вы патрэбы, каб пісаць вам,
Адносна часоў і пораў, браты, няма патрэбы пісаць да вас,
Бо самы вы дабрусенька ведаеце, што дзень Спадароў, як злодзей ночы, прыйдзе.
бо вы самі дакладна ведаеце, што дзень Госпадаў гэтак прыйдзе, як злодзей уначы.
Як будуць гукаць: «Супакой а бясьпечнасьць», тады зьнецікі прыйдзе загуба на іх, як трудненьне на тую, што зь дзяцём, і ніяк не ўцякуць.
Калі вось будуць гаварыць: «Супакой і бясьпека», тады неспадзявана прыйдзе на іх зьнішчэньне, быццам му́кі радзі́н на цяжа́рную, і яны не ўцякуць.
Але вы, браты, ня ў цемні, каб дзень засьпеў вас, як злодзей;
Вы ж, браты, ня ў цемры, каб дзень гэты захапіў вас, як злодзей:
Бо ўсі вы сынове сьвятліні а сынове дня: мы — ня сынове ночы ані цемні.
усе вы — сыны сьвятла і сыны дня, мы не належым ані ночы, ані цемры.
Дык ня сьпіма, як засталыя, але будзьма чукавыя а цьвярозыя.
Дык ня будзем спаць, як іншыя, але чувайма і будзьма пі́льнымі,
Бо сьпячыя сьпяць ночы, і п’янчачыя п’янчацца ночы.
бо тыя, што сьпяць, уначы сьпяць, і тыя, што ўпіваюцца, уначы ўпіваюцца.
Мы ж, будучы сынамі дня, цьверазімася, надзеўшы панцыр веры а міласьці і шолам надзеі спасеньня.
Мы ж, якія належым дню, будзьма пі́льнымі, апрануўшы па́нцыр веры і любові і шалом надзеі збаўленьня,
Бо Бог прызначыў нас не на гнеў, але на адзяржаньне спасеньня пераз Спадара нашага Ісуса Хрыста,
бо Бог не прызначыў нас на гнеў, але на атрыманьне збаўленьня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Памерлага за нас, каб, ці чукавыя мы, ці сьпім, жылі разам ізь Ім.
Які памёр за нас, каб мы, ці чува́ем, ці сьпім, з Ім разам жылі́.
Дык цешча адны адных і будуйце адны адных, як вы й робіце.
Дзеля гэтага пацяшайце сябе ўзаемна і збудоўвайце адзін аднаго, як вы і робіце.
І просім вас, браты, знаць працуючых у вас і тых, што дамяняюць вам,
Просім жа вас, браты, ведайце тых, якія працуюць у вас, і кіруюць вамі ў Госпадзе, і настаўляюць вас,
І надта паважаць іх у любосьці за працу іхную; будзьце ў супакою мяжсобку.
і шануйце іх вельмі высока ў любові дзеля працы іхняй; жыві́це ў згодзе між сабою.
Мы ж заклікаем вас, браты, дамяняйце ляным, цешча лентых, памагайце слабым, будзьце цярплівыя з усімі.
Молім вас таксама, браты, настаўляйце свавольных, пацяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх.
Глядзіце, каб ніхто не аддаваў каму ліхам за ліха, але заўсёды імкніцеся да дабра адзін да аднаго і да ўсіх.
Глядзіце, каб ніхто нікому не аддаваў лі́хам за лі́ха, але заўсёды імкніцеся да дабра і адзін для аднога, і для ўсіх.
Заўсёды цешчася.
Заўсёды радуйцеся.
Бязупынку маліцеся.
Несупынна маліцеся.
За ўсе дзякуйце, бо гэта ё воля Божая праз вас у Хрысту Ісусу.
За ўсё дзякуйце, бо такая для вас воля Божая ў Хрысьце Ісусе.
Духа не гасіце.
Духа не гасі́це.
Прароцтвы ўлегцы ня майце.
Прароцтвамі не пагарджайце.
Усяго прабуйце, добрага моцна дзяржыцеся.
Усё выпрабоўвайце; добрага трымайцеся.
Узьдзержуйцеся ад кажнага роду нягоднасьці.
Высьцерагайцеся ад усякага роду зла.
Сам жа Бог супакою няхай супоўна пасьвяціць вас, і ўвесь дух вашы, і душа, і цела няхай захаваюцца беззаганнымі на прыход Спадара нашага Ісуса Хрыста.
Сам жа Бог супакою няхай асьвя́ціць вас у-ва ўсёй поўні, і ўвесь ваш дух, і душа́, і цела няхай захаваюцца без заганы ў прыйсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Верны Тый, Каторы гукае вас, Каторы запраўды ўчыне гэта.
Верны Той, Які вас паклікаў; Ён і зробіць [гэта].
Браты, маліцеся за нас.
Браты! Маліцеся за нас!
Паздаровайце ўсіх братоў ізь сьвятым цалаваньням.
Прывітайце ўсіх братоў пацалункам сьвятым.
Прысягаю вас Спадаром прачытаць гэты ліст усім братом.
Заклінаю вас Госпадам прачытаць гэтае пасланьне ўсім сьвятым братам.
Ласка Спадара нашага Ісуса Хрыста з Вамі.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амэн.