Да Галятаў 2 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Потым, за чатырнанцаць год, я ізноў хадзіў да Ерузаліму з Варнаваю, узяўшы із сабою й Ціта.
 
Пасьля, праз чатырнаццаць гадоў, хадзіў я ізноў у Ерусалім з Барнабам, узяўшы з сабою і Ціта.

Узышоў жа подле аб’яўленьня і пакладаў перад імі Евангелю, каторую я абяшчаю меж народаў, але асобна выдатным, каб можа дарма ня бегаць цяпер і ўперад.
 
Хадзіў жа я паводле адкрыцьця і прадставіў ім, асабліва тым, якія лічацца [галоўнымі], Эвангельле, якое абвяшчаю сярод паганаў, ці не надарма бягу або бег?

Але й Ціт, што, будучы Грэкам, быў з імною, ня быў прысілены абразацца.
 
Але і Ціт, які быў са мною, які быў Грэк, ня быў змушаны абрэзацца.

І дзеля хвальшывых братоў, што былі прыведзены патай, каторыя цікавалі, каб падгледзіць свабоду нашу, каторую маем у Хрысту Ісусу, каб паняволіць нас,
 
Фальшывым жа братам, якія паўкрадаліся і прыйшлі падгледзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб зьняволіць нас,

Мы ані на гадзіну ня ўступілі і не паддаліся, каб праўда Евангелі заставалася ў вас.
 
мы ні на гадзіну не паддаліся і не падпарадкаваліся, каб праўда Эвангельля захавалася ў вас.

І ў значных чымсь, чым-колечы яны ня былі б, імне няма нічога асаблівага: Бог не глядзіць на асобу людзіны. І значныя імне нічога не дадалі;
 
А тыя, якія лічацца [галоўнымі], (хоць якія яны былі некалі, для мяне няма розьніцы, [бо] Бог не зважае на аблічча чалавека), тыя, якія лічацца [галоўнымі], мне нічога не пярэчылі,

Але наадварот, бачачы, што Дабравесьць неабразаным была даверана імне, як Пётру абразаным, —
 
але наадварот, убачыўшы, што мне даверана Эвангельле [для] неабрэзаных, як Пятру — [для] абрэзаных,

Бо Тый, што дзеяў у Пётру дзеля апосталства ў вабрэзаных, дзеяў таксама ў імне ўзглядам паган, —
 
бо Той, Які дзейнічаў праз Пятра ў апостальстве ў абрэзаных, дзейнічаў і праз мяне між паганамі,

І ведаючы ласку, даную імне, Якаў а Кіфа а Яан, каторых мелі за стаўпоў, далі імне а Варнаве правіцу ўзаем’я, каб мы йшлі да паган, а яны да абразаньня,
 
і пазнаўшы ласку, якая дадзена мне, Якуб, і Кіфа, і Ян, якія лічацца слупамі, далі мне і Барнабу правіцу супольнасьці, каб мы [ішлі] да паганаў, а яны — да абрэзаных,

Адно, каб мы памятавалі бедных, што я жадаў рабіць.
 
толькі каб мы памяталі пра ўбогіх, што я гэтаксама і намагаўся рабіць.

Як жа Пётра прышоў да Антыёхі, дык я аблічна спрацівіўся яму, бо ён годзен быў ганеньня.
 
Калі ж Пётар прыйшоў у Антыёхію, я асабіста супрацьстаў яму, таму што [варта] было дакараць [яго].

Бо, да прыбыцьця некатрых ад Якава, еў з тымі з народаў, а як яны прышлі, ён адсунуўся а аддзяліўся, баючыся абразаньня.
 
Бо перад тым, як прыйшлі некаторыя ад Якуба, ён еў разам з паганамі; а калі яны прыйшлі, ухіляўся і аддзяляўся, баючыся абрэзаных.

І зь ім засталыя із Жыдоў прыдаваліся, ажно Варнава паддаўся іх двудушнасьці.
 
І з ім крывадушнічалі іншыя Юдэі, так што нават Барнаба быў захоплены іхняй крывадушнасьцю.

Але як я абачыў, што яны ня проста ходзяць подле праўды Евангелі, я сказаў Пётру перад усімі: «Калі ты, будучы Жыдам, жывеш, як няжыд, а не як Жыды, дык чаму сіліш няжыдоў да Юдаізмы?»
 
Але калі я ўбачыў, што яны ня ходзяць проста паводле праўды Эвангельскай, я сказаў Пятру пры ўсіх: «Калі ты, будучы Юдэем, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, чаму паганаў змушаеш жыць па-юдэйску?»

Мы з прыроды Жыды, а ня грэшнікі з народаў;
 
Мы паводле прыроды Юдэі, а не з паганаў грэшнікі,

Але, ведаючы, што людзіна правіцца ня ўчынкамі Закону, але вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверылі ў Хрыста Ісуса, каб аправіцца вераю ў Хрыста, а ня ўчынкамі Закону; бо ўчынкамі Закону ніякае цела не аправіцца.
 
ведаючы, што чалавек апраўдваецца не праз учынкі Закону, а толькі праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца праз веру ў Хрыста, а не праз учынкі Закону, бо праз учынкі Закону ня будзе апраўданае ніводнае цела.

Калі ж, шукаючы апраўленьня ў Хрысту, мы й самы аказаліся грэшнікамі, — дык нягож Хрыстос слуга грэху? Няхай ня станецца так!
 
А калі, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы самі аказаліся грэшнікамі, дык ці Хрыстос — служыцель грэху? Няхай ня станецца!

Бо калі я ізноў станаўлю, што абурыў, дык сам сябе раблю выступнікам.
 
Бо калі я зноў будую тое, што зруйнаваў, сам сябе зьяўляю парушальнікам.

Законам я памер дзеля Закону, каб жыць дзеля Бога.
 
Бо праз Закон я памёр для Закону, каб жыць для Бога.

Я ўкрыжаваны з Хрыстом, і ня жыву ўжо я, але Хрыстос жывець у імне. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, што ўлюбіў мяне і аддаў Сябе Самога за мяне.
 
Я ўкрыжаваны з Хрыстом, і ўжо ня я жыву, але жыве ў-ва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, жыву праз веру ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і выдаў Сябе за мяне.

Не адхінаю ласкі Божае; а калі справядлівасьць Законам, дык Хрыстос памер дарма.
 
Не адкідаю ласкі Божае. Бо калі праз Закон праведнасьць, дык Хрыстос надарма памёр.